Беларуская цымбалістка Аляксандра Дзенісеня выйшла ў фінал міжнароднага конкурсу маладых музыкантаў “Еўрабачанне-2012” (Eurovision Young Musicians) у Вене (Аўстрыя). Акрамя яе, з 14 прэтэндэнтаў фіналістамі сталі яшчэ шэсць удзельнікаў паўфіналу – прадстаўнікі Арменіі, Аўстрыі, Чэхіі, Германіі, Нарвегіі і Польшчы.

Беларуска Аляксандра Дзенісеня на фінале конкурсу выканае “канцэрціна для цымбалаў, струннага аркестру і ўдарных інструментаў” кампазітара Уладзіміра Кур’яна, паведамілі ў Белтэлерадыёкампаніі. Фінал класічнага “Еўрабачання-2012” увечары 11 траўня з 22:20 будуць трансляваць тэлеканалы “Беларусь 1” і “Беларусь-ТБ”.
Аляксандра Дзенісеня (1994 года нараджэння) родам з Мінску. Яна – лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, не раз выступала з вядучымі аркестрамі Беларусі. Разам з канцэртным аркестрам Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пабывала з выступамі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Бахрэйне, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
Міжнародны конкурс класічнай музыкі для маладых таленавітых музыкантаў Eurovision Young Musicians праводзіцца раз на два гады, яго арганізатар – Еўрапейскі вяшчальны саюз.
Беларусь удзельнічае ў гэтым конкурсе другі раз. У 2010 годзе на конкурсе ад Беларусі выступіў віяланчэліст Іван Карызна, які таксама выйшаў у фінал.
Як ужо перадаваў Тэлеграф, прадстаўляць Беларусь на міжнародным песенным конкурсе “Еўрабачанне-2012” будзе гурт Litesound. Раней меркавалася, што ад Беларусі на конкурс паедзе магіляўчанка Алена Ланская.
Паводле telegraf.by