Фотапартрэтам Яніны Мяцельскай, аўтарам якога з’яўляецца мінскі фатограф Віталь Курэц, аздобленая вокладка кнігі ў Галандыі.
Кніга брытанскай пісьменніцы Nell Leyshon “Колер малака”, што нядаўна з’явілася ў перакладзе на галандскую мову, распавядае пра жыццё 15-гадовай гераіні (з валасамі – “колеру малака”), што жыве ў сельскай мясцовасці Брытаніі першай паловы дзевятнаццатага стагоддзя.
Яніна Мяцельская паводле першай адукацыі – філосаф, а паводле другой – кераміст, і не займаецца мадэлінгам прафесійна, хоць і мае нямала прапановаў. Сваім сапраўдным захапленным у жыцці лічыць акварэльны жывапіс, таму і выбірае працу з тымі фатографамі, чые работы візуальна блізкія да жывапісу:
“Трапіць на вокладку кнігі – нечаканы прыемны сюрпрыз. Я працую толькі з некалькімі фатографамі, таму што, каб пачаць здымацца, мне трэба спачатку “закахацца” ў чалавека па той бок аб’ектыва, адчуць, што мы на адной хвалі. Паўтары гады таму пашчасціла сустрэць вельмі таленавітага мастака фотаграфіі Віталя Курца, які больш вядомы ў інтэрнэце пад імём Vitali Frozen. Фатаграфія на вокладцы называецца “Jamais vu”, што значыць “ніколі не бачанае”. І сапраўды, работа — нейкі фантом, схоплены казачны момант. Напэўна, таямнічасць перадалася праз кантыненты і галандскае выдавецтва Artemis & co вырашыла праілюстраваць кнігу брытанскай аўтаркі.”
Фотаздымак ужо займаў другое месца ў намінацыі “Партрэт” у конкурсе расійскага сайта “Лепшы фатограф” увесну.
Паглядзець іншыя працы фатографа можна па спасылках: frozen.photocentra.ru, photodom.com
ул. інф.
фота – Віталь Курэц