Бярозаўскія рок-музыкі заехалі ў Мінск на пару гадзін, каб прадставіць свой новы альбом “Крок за крокам” у клубе Re:Public.
:B:N: гледачы клікалі звыклай фразай “Жывы рок-н-рол”. Гэтую песню бярозаўцы запісалі шэсць гадоў таму, і яна зрабілася іх візітоўкай надоўга. Музыкі стаяць на пазіцыях старога добрага року, без асаблівых прыхарошванняў і рэверансаў іншым стылям. “Усё ад ляноты”, — з гэтай песні пачаў праграму Алесь Лютыч пасля ўступнага слова Памідорава, які быў у гэты вечар за вядоўцу. У :B:N: сапраўды можна ўгледзець нешта ад Кравіца, а то і ад Спрынгстына. Яны гнуць сваю лінію ўжо трынаццаты год, і ім нібыта абсалютна напляваць, што адбываецца наўкол, прынамсі ў музыцы. Аднак знаходзяцца тыя, каму такая кансерватыўнасць даспадобы. Яны, уласна, і запоўнілі танцпляц у Re:Public у гэты вечар. “Мы хваляваліся, ці будуць ведаць нашы тэксты. Ці паслухалі вы ўжо наш альбом?” — пытае ў публікі гітарыст Макс і атрымлівае ў адказ агульнае “так”. Цікава, што з паўсотні чалавек прыехалі на канцэрт з Бярозы, дзе музыкі выступаюць яшчэ радзей, чым і Мінску.
УКантакце “бээнаўцаў” называюць самым папулярным беларускім рок-гуртом пасля N.R.M. Пагадзіцца з такой нахабнай заявай цяжка, хоць у плане энергетыкі яны зусім не саступаюць былому гурту Вольскага ў найлепшыя часы. Хоць з тэматыкай у каманды Лютыча тугавата. У вобразе лідара гурта няма двайнога дна і няма чаго яго там шукаць. Ён просты як тры капейкі: не ставіць дыягназаў беларускаму грамадству, не расстаўляе акцэнтаў, а спявае пра агульнадаступныя рэчы, якія так проста запомніць і падхапіць на рок-канцэрце. :B:N: прадукуе крычалкі і, пэўна, добра б управіўся з гімнам, напрыклад, для БАТЭ. Хоць ёсць у іх глыбейшыя песні, напрыклад “Загінулым паэтам”, якая ўжо доўгі час выконваецца без Лявона Вольскага, што ўшчыльную заняты калямузычным праектам пра Саўку і Грышку.
Канцэртны цвік “бээнаўцаў” — песня “Дажджамі”, што спяваецца дуэтам з Кацярынай Муратавай, якую прадстаўляюць на сцэне як “радыстку Кэт”, — дзяўчынай з моцным вакалам і выглядам мадэлькі. Яна была бэк-вакалісткай у гурце Ірыны Дарафеевай, а потым вырашыла вярнуцца ў Бярозу. На сцэне Каця з’явіцца яшчэ раз — яна спяе з Лютычам песню “Нас няма”. Няясна толькі, чаму гурт не выкарыстоўвае дзяўчыну больш актыўна. Ад таго яўна выйгралі б усе зацікаўленыя бакі — і музыкі, і слухачы.
Моцнае ўражанне “бээнаўцы” ствараюць, калі пасярод канцэрту бяруцца за акустычнае выкананне вядомых раней “гучных” песняў. У такой версіі яны паказалі ў гэты вечар даўні хіт “Не трывай”. Дарэчы, гурт думае заняцца падрыхтоўкай акустычнай праграмы, якую пакажа ў Мінску ў наступным годзе.
Сяргей Будкін
Фота: Воля Баркоўская
Аўдыё: “Тузін Гітоў”