Мінскі трып-хоп гурт B_SIDE прадстаўляе вашай увазе live-відэа на трэк “Рытмы горада” з дэбютнага альбому “Smooth Season”. B_SIDE – першы беларускі трып-хоп гурт, што заспяваў на роднай мове. Адзнакі першаму трып-хопу па-беларуску выставяць толькі час і злосныя крытыкі, а сёння – прэзентацыя кліпу на сайце “Будзьма беларусамі!”.
“Рытмы горада” – гэта трэк пра адзіноту сярод вялікага натоўпу, пра атрыманне ўнутранай свабоды і гармоніі. Калі знянацку разумееш, што горад цябе паглынае глыбей і глыбей і вырвацца ўсё складаней і складаней. Менавіта з-за гэтага ў горадзе B_SIDE прысутнічаюць попел і снег, і нават сем вятроў.
Кожны горад мае свае асаблівасці, але ўсе гарады аб’ядноўваюць іх жыхары. І дзе б ты ні быў: у Мінску, ці ў Парыжы, ці ў Нью-Ёрку – заўсёды будзеш чуць рытмы гарадоў. Гэта і людзі, і машыны, і будынкі. Усе гэтыя рытмы накладаюцца і ствараюць своеасаблівую матрыцу горада, якая паглынае кожнага, хто прыязджае.
У бліжэйшы час гурт плануе зладзіць прэзентацыю альбома ў Мінску, а таксама зняць яшчэ некалькі відэакліпаў на іншыя трэкі з альбома. Бясплатна спампаваць альбом Smooth Season можна на прома-старонцы http://season.b-side.by, замовіць кружэлку можна па e-mail [email protected]