У рок-клубе TNT выступілі гурты “Нафта”, HandmadE і “Без панікі”. Канцэрт быў малалюдны, але арганізатары развітваюцца на лета са спадзевам на лепшае.
Уладзімір Пугач, які заваёўвае аўдыторыю са сваім новым праектам «Нафта», адразу папярэдзіў: “Мы нават сэт-ліст не складалі, зараз будзем вырашаць, што сыграць”. Гурт, па сутнасці, аказаўся перароджаным J:Морс: вельмі падобнае гучанне ды тэксты, адно што цяпер яны пераважна беларускамоўныя — пра Гімалаі ды “гарбату на мяце”.
Гурт HandMadE, які прапагандуе беларускую паэзію, адыграў вясёлы і бесшабашны выступ, праспяваўшы свае вядомыя песні, у тым ліку хіт «Вуліца-дым». Сярод слухачоў былі сябры і знаёмыя музыкаў, напрыклад, тайбаксёр Віталь Гуркоў. «Мы такія людзі, хоць да раны прыкладай, — сказаў лідар гурта Яўген Валошын. — Апошнія рамантыкі».
Але яны былі дакладна не апошнімі рамантыкамі на сцэне фестывалю. Гурт «Без Панікі», які, як высветлілася, выступае ажно з 2003 года, а дэбютны альбом выпусціў у 2009-м, дэманстраваў звышэмацыйнае выкананне. Саліст гурта Аляксандр Рудакоўскі — чалавек-нерв, чалавек-спружына — проста выварочваў нутро сваім пяшчотным вакалам, які ў кульмінацыі кожнай песні распускаўся напоўніцу, бы кветка ў сонечных промнях. На жаль, часам лірыка скочвалася некуды ў песенны рэпертуар маршрутак, тут і «ночные слёзы, шипы и розы», і «я только твой герой, твоя надежда», і ўсё гэта, здаецца, абсалютна сур’ёзна.
Здзівіла, што Уладзімір Пугач, які збірае вялізныя па мінскіх мерках залы, альбо HandMadE, сольны канцэрт якога забіў бітком «Графіці», не прыцягнулі на Бульбокс-LIVE аўдыторыю.
Абвёўшы позіркам напаўпустую залу і прыгадаўшы нядаўняе песімістычнае інтэрв’ю Сяргея Будкіна, дзе ён наракае, што «слухачы не тое што не ведаюць беларускай музыкі, але і ведаць не хочуць», мы вырашылі спытаць аднаго з арганізатараў «Бульфэста» з творчага аб’яднання “Пан-студыя” Змітра Бейнар-Саладуху, чаму такія зборныя канцэрты беларускіх рок-гуртоў не карыстаюцца попытам.
«Мы 7 гадоў займаемся беларускай музыкай у розных фарматах, фестывальных і канцэртных. І зразумелі, што кожны поспех альбо няўдачу нельга тлумачыць нейкай адной прычынай: гэта спалучэнне фактараў, прычым у гэтай карціне ўдзельнічае эканоміка, агульны настрой грамадства, які на дадзены момант — пакуль не дэпрэсія, але апатыя. Цікавасць да беларускай музыкі ёсць, але такога імпульсу, які б змусіў людзей узяць і прыйсці на канцэрт, не стае. Вось наша задача: дадаць беларусам гэты імпульс якім заўгодна спосабам.
Калі б мы рабілі толькі канцэрты, то мы б, напэўна, ужо стаялі схіліўшы голаў. А паколькі «Бульбокс-LIVE» — усё-ткі медыйны праект, то нашая асноўная мэта — засунуць у медыя-прастору відэа, якое запісваецца падчас канцэртаў, і хоць такім чынам данесці да гледача тое, што робіцца ў беларускім року.
А ўвогуле такія цёмныя, неспакойныя часы — гэта пара сінтэзаў і аб’яднанняў. Паасобку не выжывем, трэба шукаць плячо адно аднаго. Таму думаю, што прыйдзе час, калі будзем з Сяргеем Будкіным дамаўляцца, як з таго, што кожны рабіў паасобку, вынайсці штосьці трэцяе, сумеснае, чаго яшчэ не было. Мы заўважна старэйшыя, таму ведаем, што калі ўсё, край, далей немагчыма, менавіта ў гэты момант трэба рабіць наступны крок».
Аляксандра Дорская
Фота: Аляксандр Ждановіч