Аднойчы беларускі крытык і фатограф Вольга Бубіч апынулася ў Афрыцы, “дзе ў адзін золкі вечар больш за тры гадзіны на даху аднапавярховіка, у якім жыло некалькі вялікіх сем’яў, прагутарыла з 27-гадовай гамбійкай Нгуі”.
Гэта была гутарка пра жыццё, пра жанчын, пра тое, да чаго яны імкнуцца, чаго ім не стае. “І ў гэтай шчырай размове з фактычна незнаёмым чалавекам, які жыве ў іншым канцы планеты, — кажа Вольга, — мяне раптам здзівіла… нашае падабенства”. Сустрэча і дыялог сталі адпраўным пунктам фотапраекта “20 жанчын” Вольгі Бубіч, які адкрыўся ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”.
Праект уяўляе сабой дваццаць партрэтаў жанчын і дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 37 гадоў, якія жывуць у 13 розных краінах свету — ад Літвы да Гамбіі. Фотамастачка не проста фатаграфавала дзяўчат, але прасіла кожную апісаць, якія характарыстыкі мусіць мець чалавек, з якім яна хацела б правесці жыццё.
Жанчыны такія жанчыны. Вось Татэвік, 23-гадовая бухгалтарка з Арменіі, кажа, што выгляд мужчыны — гэта вельмі істотна: “Мне падабаецца, калі хлопец вышэйшы за мяне”. Для дзевятнаццацігадовай ліцэісткі Беатрычэ (Італія) самае галоўнае — фізічнае прыцягненне. “Гэта значыць, што мужчына павінен падабаецца мне вонкава. Але зусім неабавязкова, каб ён быў супермэнам. Часам у прыгажуноў мазгі памерам з арэшак”.
Дарэчы, Нгуі, тая самая гамбійка, з якой пачаўся праект, упэўнена, што яе мужчына павінен клапаціцца пра сябе: галіцца, прымаць душ, чысціць зубы ці прынамсі прычэсвацца і добра пахнуць.
Вясельны распарадчык Марыя з Украіны бачыць свой ідэал у выглядзе хлопца з добрымі вачыма. А яшчэ ён мусіць усім сэрцам верыць у Бога. Лазэрыта (Індыя/Украіна) марыць быць за сваім мужчынам як за каменнай сцяной: “Мужчына патрэбны жанчыне для таго, каб яна магла адчуць сябе слабай”.
У праекце ўдзельнічаюць і беларускі. Мастачка Ганна (Беларусь) лічыць, што мужчына мусіць быць здольны на добрыя нечаканасці і вар’яцтвы.
Італьянку Ганну Вольга сфатаграфавала з дзіцем. Ідэальны мужчына, мяркуе Ганна, не баіцца быць бацькам і гуляцца з дзецьмі.
Калі аўстралійка Марэна ўпершыню ўбачыла мужчыну свайго жыцця, то падумала: які ж ён непрыгожы. Але ад нянавісці да кахання адзін крок. Сёння Марэна і яе каханы жывуць у жоўтым фургоне, у якім падарожнічаюць па Аўстраліі, і бязмерна шчаслівыя.
Даведка Budzma.org: Вольга Бубіч — філосаф, эсэіст, выкладчыца. Фотамастацтву вучылася на майстар-класах у Андрэя Дубініна (Беларусь), Аляксея Нікішына (Расія) і Кладзін Дары (Францыя). Серыі і асобныя здымкі экспанаваліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Латвіі, Арменіі, Італіі і Нідэрландах.
Вольга публікуе артыкулы, рэцэнзіі на выставы і фотакнігі, выступае куратарам фотавыставаў і выкладае курс “Фатаграфія ў візуальным даследаванні” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
У адкрыцці праекта ўзялі удзел Ягор Яворскі і Іван Кілін з музычнага гурта Hum flying bulletproof noodle у трыа з Наталляй Куніцкай (гурт CloverClub), а таксама паэтка Вольга Гапеева, якая ў сааўтарстве з Вольгай Бубіч ажыццявіла некалькі літаратурна-фатаграфічных праектаў.
Выстава “20 жанчын” будзе працаваць да 28 снежня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”.
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева