cherven_andrej_takindang1

“Вечны” арт-календар “Канец словаў” – прэцэдэнт нетрывіяльнай прэзэнтацыі сучаснай беларускай літаратуры. Супольны арт-праект для альманаху pARTisan ёсьць правакацыным спалучэньнем актуальнага аўтарскага выказваньня і візуальнага шэрагу з элемэнтамі ню ў стылі “альтэрнатыўнага глямуру”.ks_vokladka_demo_akudovich

“Канец словаў” – комплексны эстэтычны праект, у якім удзельнікі раздзяваюцца ня толькі візуальна, але і тэкстуальна. У тэкставую частку ўваходзяць:

інтэрвію з героем (пра выявы, словы і неадзетыя целы);
ягоныя рэфлексіі з нагоды магістральнай тэмы “Канец словоў” (літаратары атрымалі поўны карт-блянш у трактоўцы тэмы);
лепшае з напісанага (уласны бэст аўтар абіраў сам); ілюстрацыі прасторы, дзе і зьяўляюцца словы, каб потым скласьціся ў тэксты (у візуалізацыі працоўнага месца героям або дапамагаў фатограф, або яны малявалі яго самі).

Кожны асобнік мае бонус: адну з сэрыі паштовак з альтэрнатыўнай выявай некаторых удзельнікаў праекту і іх аўтографамі на адваротным баку.

“Канец словаў” можна разумець па-рознаму — як вычарпанасьць творчага акту, пэрспэктыву новага тэксту, невэрбальнае выказваньне літаратара ці разьняволеную гульню сэнсаў з нагоды целаў і тэкстаў.

maryjka

Андрэй Шчукін, Марыя Мартысевіч, Віталь Рыжкоў

Марыя Мартысевіч, аўтарка ідэі, каардынатарка: “Ці не ўпершыню за гісторыю найноўшай беларускай літаратуры пісьменнікі стварылі штосьці не на густы айчыннай публікі (збольшага кансэрватыўныя), не ў чаканьні пахвалы крытыкі (збольшага афіцыёзнай), а… для сябе. Успрымайце гэта як чарговы мастацкі твор нашых мадэляў, напісаны ў суаўтарстве з фатографамі – уласным целам. Калі ж казаць пра значэньне гэтага праекту ў літаратурным вымярэньні – то гатоўнасьць раздзецца перад камэрай наўпрост карэлюе з раскаванасьцю ў творчасьці. Фактычна вядзецца пра прэзэнтацыю лібэральнага канону беларускай літаратуры”.

“Канец словаў” ёсьць спробай разбурыць “савецка-школьны” імідж белліту зь яго нафталінавым маралізатарствам, анахранічнай кансэватыўнасьцю і настойлівай цнатлівасьцю. Ідэолягі і ўдзельнікі праекту сьвядома балянсуюць на маскультурнай мяжы, сынтэзуючы аголенасьць як відавочную поп-форму зь зьместам, што мае традыцыйную рэпутацыю “не для ўсіх”. Такім чынам, адначасова адбываецца іранічная “глямурызацыя” маргінальных аўтараў і пэўная радыкалізацыя звычайна камфортнага “глянцу”, утвараючы арыгінальны візуальна-вэрбальны гіпэртэкст з шматлікімі падтэкстамі.

zbankousitnikava1

Севярын Квяткоўскі (другі зь лева), Дар’я Сітнікава, Максім Жбанкоў

Дар’я Сітнікава, суаўтарка канцэпцыі, каардынатарка: “Кажуць, Мэрілін Манро ў свой час прачытала джойсаўскага “Уліса”. Ёсьць адмысловае фота, дзе зафіксавана, што яна дачытвае апошнія старонкі. Ці - прынамсі – робіць выгляд. Наш праект – спроба выцягнуць сучасную беларускую літаратуру па-за межы цьмяных заляў і ўзьнёслых (ці – наадварот - прыніжальных) дыскурсаў. І зрабіць яе моднай, прывабнай для чытача – праз скандал, глямур, сьвядомую “папсавізацыю”. Дзеля таго, каб аднойчы пабачыць Люсю Лушчык, якая дачытвае томік Хадановіча ці Акудовіча. Ці – прынамсі - робіць выгляд”.

Задача праекту – прадэманстраваўшы далёка не анфас герояў наяўнага культурнага поля, прымусіць чытача павярнуцца да беларускай літаратуры тварам. У гэтым сэнсе “Канец словаў” – ня крыза жанру, ня танны піяр і не сытуацыя, калі літаратару няма што паказаць, акрамя аголенага азадка. Удзельнікі праекту – самадастатковыя аўтары, якія, скідваючы зь сябе адзенне, кідаюць выклік наяўнаму культурнаму status quo. Ім ёсьць, што прадэманстраваць – галоўнае, каб было каму глядзець.

Максім Жбанкоў, суаўтар канцэпцыі: “Навошта мы гэта зрабілі? Каб выказаць вельмі простую думку: «Зьвярніце ўвагу на нашых герояў! Вось яны: розныя, таленавітыя, рызыкоўныя. Любіце іх пакуль яны жывыя – пакуль яшчэ не пераўтварыліся ў помнікі ды школьныя падручнікі». Наш праект – гэта прызнаньне ў любові да герояў сучаснай айчыннай культуры. Добра, што яны ёсьць. Добра, што робяць сваю няўдзячную справу. Варта іх ведаць і варта шанаваць”.
Партнэрамі праекту выступілі: газэта “Наша ніва”, Эўрапейскае радыё для Беларусі, сайт Lacinka.org і кампанія “Будзьма!”.

Прэзэнтацыя праекта адбудзецца 19 чэрвеня а 18.00 у бар-клюбе “6А” (Партызанскі пр-т, 6А). У праграме: дзявочы слэм, эратычны аўкцыён, паэтычнае караоке. Музыка: dj Laurel, Андрэй Такінданг і ягоны “дэструктыўны пажарны аркестр з жаночым вакалам “Гаротніца”, Сяргей Пукст. Словы і дзеяньні: Віктар Шалкевіч.
Набыць арт-каляндар можна будзе ў краме “Падземка”, на кніжным кірмашы “Мир книг”, у незалежных распаўсюднікаў.

verasen_andrej_adamovich

Здымак з праекту: Андрэй Адамовіч

***

ідэя: Марыя Мартысевіч

канцэпцыя: Дар’я Сітнікава, Максім Жбанкоў

назоў: Дар’я Сітнікава

рэдактура і каардынацыя: Марыя Мартысевіч, Дар’я Сітнікава

укладаньне: Марыя Мартысевіч, Дар’я Сітнікава, Максім Жбанкоў

фота: каляндар — Андрэй Шчукін і Дзяніс Нядзельскі; паштоўкі -Ігар Саўчанка, Вольга Закрэўская, Андрэй Шчукін і Дзяніс Нядзельскі
іншыя фота — Ігар Саўчанка, Андрэй Лянкевіч, Артур Клінаў, Сяргей Ждановіч

малюнкі: Севярын Квяткоўскі, Андрэй Такінданг, Лявон Вольскі, Сірошка Пістончык, Юрась Барысевіч

тэксты: Віктар Шалкевіч, Віталь Рыжкоў, Юрась Барысевіч, Севярын Квяткоўскі, Анатоль Івашчанка, Андрэй Такінданг, Андрэй Хадановіч, Сяргей “Пістончык” Прылуцкі, Андрэй Адамовіч, Усевалад Сьцебурака, Ільля Сін, Лявон Вольскі

прадмова: Сяргей Балахонаў

інтэрвію: Марыя Мартысевіч, Максім Жбанкоў, Дар’я Сітнікава

дызайн і вёрстка: Сяргей Ждановіч

карэктура: Лія Кісялёва

***

Удзельнікі аб праекце

Андрэй Адамовіч: “Гэты праект - чыста эстэтычная акцыя, а не эратычная ці парнаграфічная. (…) Думаю, што калі б я быў дзяўчынай, дык не пагадзіўся б удзельнічаць ці, прынамсі, вельмі доўга вагаўся б. Бо тады б заставалася верагоднасьць, што хтосьці можа лічыць гэта эротыкаю. А так… Прынамсі, мае фотаздымкі эротыкай ніхто не палічыць. (Нядобра хіхікае.)”

Юрась Барысевіч: “Я пагадзіўся на ўдзел таму, што вырашыў прынесьці мужчынскае цела ў ахвяру жаночаму воку. Менавіта такі варыянт мне і прапанавалі, экстрэмальны – узімку голым паздымацца… Я не страшыўся мерзнуць. І нельга сказаць, што я быў ужо зусім голым. У мяне быў абутак - балея з цэментам. А з вопраткі ў мяне была рыдлёўка”.

Анатоль Івашчанка: “Я не лічу гэта хуліганcтвам. Магчыма, калі б мы пазавалі зусім голымі, ці калі б мы былі дзяўчатамі, – гэта было б па-хуліганcку”.

Севярын Квяткоўскі: “Ідэя для нашага псэўдапурытанскага грамадзтва досыць хуліганская. А я люблю хуліганіць – інтэлектуальна, творча. І таму я з радасьцю далучыўся. Я не эксгібіцыяніст. Але калі часам можна эпатаваць публіку, з задавальненьнем гэта раблю”.

Сірошка Пістончык: “У гэтым німа ні рэвалюцыі, ні правакацыі - эта проста жэст, сваеабразнае запрашэньне да разгавора на балезненыя цемы. (…) У голава ліціратара наліцо дадатковае аружые у барбе з пурытанствам і ліцамерыем”.

Віталь Рыжкоў: “Падчас фотасэсіі я думаў пра тое, што гэты чалавек, зь якога мяне малявалі, ад нечага памёр. І гэтыя чорныя кропачкі на лёгкіх, і гэтыя ненатуральных – відаць, мёртвых – колераў унутраныя ворганы… У мяне бодзі-арт з дыягназам. Толькі я ня ведаю - зь якім”

Ільля Сін: “Я адразу ўсьведамляў, што гэта будзе ня проста прыгожая выява, але - адлюстраваньне маіх ідэяў. Тое, што можна пабачыць у календары, ня столькі фотапартрэт, колькі своеасаблівая мастацкая акцыя, якая называецца “Апаганьваньне іконы”. Фота – тая форма, у якой гэта акцыя ўвасобілася”.

Андрэй Хадановіч: “У Беларусі аднойчы мусіць раздзецца кожны. Калі літаратары – сьвятарныя каровы, настаўнікі жыцьця, жывыя помнікі самім сабе, аголеная задніца – адзіны жывы атрыбут, які ўва ўсім гэтым ёсьць. Нешта гарантавана “сваё”.

Віктар Шалкевіч: “Проста заўсёды трэба нейкім чынам у гэтае жыцьцё, якое цячэ, як брудная спакойная рака, кідаць пачак дрожджаў. Каб яно пачынала дзьмухацець, брадзіць, кіпець… Бо вельмі сумна”.

***

Фатографы праекта
Андрэй Шчукін. Нарадзіўся ў 1964г. у Менску. Пачаў фатаграфаваць з 1978 году. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці “Канструяваньне бальшагрузных аўтамабіляў” (1986). Да 1988 году працаваў інжэнэрам-мэханікам. Потым зьмяніў прафэсію і пачаў займацца мастацкай і рэклямнай фатаграфіяй. Працуе ў тандэме з Дзянісам Нядзельскім. Сэрыі: “Endemiki”, “Taboo N”, “Lovely Toys” і інш. Пэрсанальны сайт - photoart.by

Дзяніс Нядзельскі. Нарадзіўся ў 1975г. у Гомлі. Скончыў Гомельскі філіял Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава (1995), Беларускую акадэмію мастацтваў (адзьдзяленьне “графічны дызайн”, 2000), падчас навучаньня ў якой стаў займацца мастацкім фота. Працуе ў тандэме з Андрэем Шчукіна. Сэрыі: “Endemiki”, “Taboo N”, “Lovely Toys” і інш. Пэрсанальны сайт - photoart.by
Для праекту “Канец словаў” Андрэй Шчукін і Дзяніс Нядзельскі зьнялі беларускіх літаратараў у каляровым ню.

Ігар Саўчанка. Нарадзіўся ў 1962г. у Менску. Вывучаў кібэрнэтыку і сыстэмы аўтаматычнага кіраваньня ў Менскім радыётэхнічным інстытуце (1985). Працуе з фатаграфіяй з 1989. У 1997 дэкляратыўна адмовіўся ад стварэньня новых фотапрацаў. Вярнуўся ў фатаграфію ў 2006 годзе. Аўтар больш за 400 фотаработ і шэрагу тэкставых, аўдыё- і відэапраектаў. Практыкуе падводнае плаваньне з аквалянгам. Піша тэксты. Пэрсанальны сайт - savchenko.dironweb.com
Для праекту “Канец словаў” зьняў шэраг літаратараў у інтэр’ерах для бонусных паштовак і зафіксаваў месцы, дзе да іх прыходзяць патрэбныя словы.

Андрэй Лянкевіч. Нарадзіўся ў 1981г. у Горадні. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт радыёфізікі і электронікі. Пэрсанальныя выставы праходзілі ў Беларусі, Расіі, Галандыі, Літве,Чэхіі, Нарвэгіі, Польшчы, Германіі. Удзельнік шматлікіх эўрапейскіх фотафорумаў. Праз свае здымкі выйграў прэстыжную дзевяцімесячную стыпэндыю World Press Foto. Пэрсанальны сайт – liankevich.com
Для праекту “Канец словаў” візуалізаваў прастору, дзе паэт Віталь Рыжкоў рымуе словы.

Вольга Закрэўская. Нарадзілася у 1986г. Фатограф-хатняя гаспадыня. Скончыла інстытут журналістыкі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Т.Шаўчэнкі. Жыве ў Кіеве. Пэрсанальны сайт – zakrevska.com, beregite-lliss.livejournal.com Для праекта “Канец словаў” зафіксавала для вечнасьці Сяргея Прылуцкага і Сірошку Пістончыка ў адной асобе.

***

Першы фотаздымак: Андрэй Такінданг (работа з праекту “Канец словаў”).

Здымкі з прэсавай канфэрэнцыі — aliaksei

Марыя Мартысевіч, Дар'я Сітнікава

Апублікаваць у LiveJournal

Google Bookmarks Digg Reddit del.icio.us Ma.gnolia Technorati Slashdot Yahoo My Web News2.ru БобрДобр.ru RUmarkz Ваау! Memori.ru rucity.com МоёМесто.ru Mister Wong

Каментароў няма »

Каментароў пакуль няма.

RSS стужка каментароў

Пакінуць каментар

Праекты

Як я стаў беларусам

Адчуваньне сябе

| 4 лютага 2010

Адчуваньне сябе Шаноўныя сябры, колькасьць гісторый праекту "Як я стаў беларусам" дасягнула ўжо амаль паўтары сотні. Самапавага, справядлівасьць, уплыў дзядоў, цікаўнасьць да гісторыі, пратэст, любоў... Далей »

Свой погляд

Ідэя адраджэньня Рэчы Паспалітай

Ідэя адраджэньня Рэчы Паспалітай Як вядома, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Таму замест разваг над мінулым, гляньма на сучаснасьць і будучыню. Дзьве крывавыя сусьветныя вайны прынесьці нечаканыя наступствы і нават выгоды для былой Рэчы Паспалітай. Далей »

Кнігагляд

Ці яно нам трэба: выданні, якія здзівілі

Ці яно нам трэба: выданні, якія здзівілі "Адвакатка калоній" і "Бесхрыбетнае чытво" - Ева Вайтоўская піша пра выданні "Песняры імперыі" і часопіс "Filet". Далей »