Амаль тыдзень у адным з панадворкаў Магілёва — нечуваны ажыятаж: спецыяльна запрошаныя вулічныя мастакі размалёўваюць двор на вуліцы Ціміразеўскай. Яны малююць на фасадах дамоў, дарогах і нават сметніцах. Вялізная карцiна з’явілася нават на фасадзе будынка, у якім знаходзіцца крымінальна-папраўчая інспекцыя Ленінскага РАУС.
Усе працы ўхваленыя аддзелам ідэалогіі і культуры адміністрацыі Ленінскага раёна. Мастакам выдалі 50 літраў фарбы, два пад’ёмнікі i больш за 300 балонаў спрэю. Як кажуць у аддзеле ідэалогіі, жорсткіх рамак мастакам не ставілі, але папярэднія эскізы ўсё ж былі ўзгодненыя загадзя.
Магілёўскі панадворак размалёўваюць адразу 7 графіцістаў і вулічных мастакоў з Віцебска, Мінска, Магілёва, Масквы і Пінска.
Работы сапраўды цікавыя і маштабныя. Адной з мэтаў праекта было паказаць, як павінныя працаваць графіцісты: апошнім часам у Магілёве з’яўляецца шмат няякасных графіці, якія сапраўды псуюць аблічча горада. Улады вырашылі змагацца з гэтым незвычайным спосабам — паказаць “майстар-клас”. Можа, магілёўскім графіцістам стане сорамна, і яны ці навучацца нарэшце маляваць, ці перастануць псаваць сцены?
Жыхары двара спачатку да зменаў паставіліся насцярожана. Асабліва хваляваліся бабулі — а што, калі іх дагледжаны панадворак сапсуюць гэтымі дзіўнымі надпісамі і малюнкамі? Аднак убачыўшы, што працы атрымліваюцца сапраўды добрыя, адталі і нават пачалі гутарыць з мастакамі.
Дарэчы, зусім нядаўна з’явілася графіці і на плоце завода “Вяснянка”. А ў наступным годзе, абяцаюць у аддзеле ідэалогіі, плануецца працягнуць размалёўваць двары, гэтым разам у раёне “8-га цаглянага”.
Марыя Гілёва