Каля 5 тысячаў гледачоў сабраў фестываль “Камяніца”, што чацверты раз праводзіўся ў музеі архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо непадалёк ад Мінска. Сёлета фэст прайшоў нервова, але падараваў нямала светлых момантаў.
Фестываль “Камяніца” рыхтаваўся ў атмасферы падвышанай напружанасці. Праграма некалькі разоў змянялася, у выніку чаго шмат хто з запланаваных выканаўцаў не выйшаў на сцэну. Не атрымалася да канца дамовіцца з падзабытымі ўжо героямі айчыннага фольку, гуртом URIA, які быў ужо заяўлены на афішах, нічым скончыліся перамовы з польскім праектам R.U.T.A., а літаральна за дзень да мерапрыемства стала вядома, што адзін з галоўных хэдлайнераў, гурт “Крамбамбуля”, не зможа выйсці на сцэну. Лявон Вольскі даў зразумець, што адбылося гэта з прычынаў, якія зусім не залежалі ад музыкаў, але заклікаў усіх наведаць музей архітэктуры і побыту, дзе праводзіцца фэст, “бо там заўжды добрая, прыязная атмасфера, класныя гурты і адэкватныя, адказныя арганізатары”. Самі арганізатары пры тым яўна пакрыўдзіліся на лідара “Крамбамбулі”: “Яны зрабілі непрыстойна і самі адмовіліся ад удзелу ў мерапрыемстве”, – сцісла паведаміў каардынатар фэсту Сяргей Чагрынец. Потым ён удакладніць у каментары для tuzin.fm, што меў на ўвазе: “Паміж намі ўзнік недавер, калі Вольскі за некалькі дзён да фестывалю пачаў запрашаць слухачоў зусім на іншае мерапрыемства і тым самым пайшоў на канфлікт з намі. Мусіць, яго гурт мае нейкі свой бізнэс-план. Між тым, тут яго чакалі 4 тысячы чалавек, а не 30”.
Напярэдадні Лявон Вольскі даў бясплатны канцэрт на сядзібе БНФ у падтрымку палітвязняў. “Тое, што мы робім, мы робім самастойна, і я не збіраюся гуляць у нейкія незразумелыя гульні. Вельмі добра стаўлюся да арганізатараў “Камяніцы” і шкадую, што не атрымалася сыграць, але гэта было прагназавана. Трэба разумець, што цяперашняя сітуацыя не мяркуе нічога іншага. І калі людзі будуць намагацца яе абысці, то нязменна будуць расчароўвацца, што нічога не выходзіць. На жаль, у дадзеных умовах гэта выглядае нармальна”.
Магчыма, сітуацыя з апальнай “Крамбамбуляй” прыцягнула сёлета павышаную ўвагу дзяржаўных органаў. Прынамсі, міліцыі было як ніколі шмат, а піва і алкагольныя напоі, у адрозненне ад мінулых гадоў, прадаваць было забаронена. “Нават у оперным тэатры прадаюць каньяк, а на опэн-эйры толькі кава з гарбатай”, – наракалі наведнікі. Напругі дадавалі непаразуменні з ахоўнікамі парадку, часам удзельнікаў свята не пускалі на тэрыторыю на аўтамабілях, і ім даводзілася з паўтара кіламетра ісці пешшу з інструментамі.
Сітуацыю агульнай напругі істотна змякчала так званая “аматарская сцэна”, што месцілася пры ўваходзе ў музей. Гэта было адно з новаўвядзенняў “Камяніцы” і адна з асноўных цікавостак. Паўстала сцэна дзякуючы імпэту спявачкі Русі, якая запрасіла да ўдзелу дзіцячыя і дарослыя калектывы, якія займаюцца народнымі спевамі. Арганізатары кажуць, што за фестывальны дзень на гэтую сцэну выйшла 157 дзяцей. Цікавага тут было сапраўды нямала. Сама Руся вылучае сярод выступоўцаў 88-гадовую носьбітку традыцый спадарыню Варвару, гурт сярэднявечнай музыкі “Hurdy Gurdy”, які праводзіў майстар-класы па ліцвінскіх танцах, вакалістку канадскага гурта “Яваровы людзі” ды ўсіх дзетак і дарослых, якія ўзняліся ў гэты дзень на сцэну. Адзіная прыкрасць у тым, што людзі не надта шанавалі ўвагай “аматараў” і не затрымліваліся, імкнучыся да галоўнай сцэны, хоць тут дзея часам была нашмат цікавейшай.
Склад удзельнікаў галоўнай сцэны “Камяніцы” сёлета сапраўды выклікаў нараканні. І рэч тут нават не ў здольнасцях саміх музыкаў (хоць часам і ў гэтым была праблема). Людзям яўна карцела адпачыць і патанчыць хаця б таму, што надвор’е было не летнім. Але парухацца пад спевы, напрыклад, Насты Някрасавай і FolkRoll было досыць праблематычна. Музыкі падрыхтавалі выдатную праграму, якая, аднак, разлічаная на ўдумлівае праслухоўванне ў камернай зале, а не на асноўнай сцэне опэн-эйру. Наогул, розніца паміж тым, што чакалася, і тым, што адбылося, даволі істотная. Паказальнае ў гэтым плане апытанне сярод гледачоў, зладжанае на старонцы фэсту ЎКантакце. Самымі чаканымі выступоўцамі былі (у парадку набору галасоў): “Крамбамбуля” (па-за канкурэнцыяй), Re1ikt, Pawa, “Іван Купала” і Наста Някрасава. Пасля фэсту пазіцыі размеркаваліся трошкі інакш: у лідарах “Іван Купала”, Re1ikt, Irdorath, Pawa.
Выступ расійскіх гасцей і асабліва іх супольны спеў “Сваточкаў” з Алегам Хаменкам стаў разынкай сёлетняга фэсту. “Купалаўцы” разварушылі публіку не горш за леташняга хэдлайнера Алега Скрыпку. У захапленні былі і самі музыкі: яны ўразіліся атмасферай “Камяніцы” і самім музеем, асабліва млынам і чаротавымі дахамі, ды яшчэ рэалізавалі сваё даўняе жаданне – заспяваць разам з лідарам гурта “Палац”. Да гэтага яны спявалі разам даўным-даўно, падчас канцэрту ў Мінску ў 2001 годзе. Дарэчы, у сваім рэпертуары музыкі з Піцера выкарыстоўваюць і песню “Як пайду я ў новую канюшню”, якую ўпершыню пачулі якраз у выкананні “Палаца”.
Адметным быў выступ маладога гурта “Irdorath”. Вядоўца і кансультант фэсту Алег Хаменка пасля таго, як музыкі зайгралі, выдыхнуў: “Урэшце і ў нас з’явіўся фэнтэзі-фольк!” Ну, а той, хто бачыў выступ гурта Re1ikt на “Камяніцы-2012”, ніколі яго не забудзе. Музыкі сапраўды ўразілі праграмай, складзенай выключна з народных песень, па-новаму раскрыўся стары-новы вакаліст каманды Уладзімір Казлоў, які засведчыў, што мае моцны і цікавы голас, якога яшчэ пашукаць на нашай незалежнай сцэне. Да найбольш цікавых момантаў фэсту варта яшчэ дадаць дэфіле мадэлек у беларускіх народных строях, што зладзіў цэнтр традыцыйных рамёстваў “Скарбніца” пад музыку гурта “Палац”, а таксама завяршальны сэт ад гурта “Гаротніца”, які выявіў сябе напоўніцу і давёў, што на падставе фольк-матываў можна ствараць не толькі павольныя тужлівыя кампазіцыі, але і энергічныя запамінальныя нумары, якія найлепш пасуюць фэстам такога фармату.
“Гэты фестываль вельмі патрэбны нам, – заўважае дырэктарка музея архітэктуры і побыту Святлана Лакатко. – Па-першае, таму, што людзі адкрываюць для сябе наш музей, а па-другое, усе грошы з продажу квіткоў, ідуць на падтрымку аб’ектаў у належным стане”. Нягледзячы на агульную напружанасць і нават песімізм арганізатараў што да далейшага правядзення фэсту, хочацца спадзявацца, што “Камяніца” ператрывае ўсе цяжкасці і будзе праводзіцца надалей.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч