Мінскі драматычна-сацыяльна-трэшавы гурт “Разбітае Сэрца Пацана” працягвае займаць разнастайныя нішы ў беларускай музычнай прасторы. Гэтым разам РСП занялі сталічны клуб “Мулен Руж” і вакансію аналітыка “загадкавай беларускай душы”.
Гэта ўжо другі вялікі канцэрт “Пацаноў” у гэтым годзе, які дазваляе казаць пра ўзбуйненне маштабаў — музыкі энергічна адлабалі ажно тры з паловай гадзіны, а публіка, якой набілася ў немаленькі клуб пад самую столь, шчыра адтанчыла ўвесь гэты марафон. Немагчыма не заўважыць, што аўдыторыя даволі неадназначнага гурта з даволі ненавязлівым, у прынцыпе, піярам устойліва расце і змяняецца. У “Мулен Руж” паскакаць пад “Раўбічы” і парэфлексаваць над рэаліямі жыцця ў рэжыме “беларускага цуду” сабраліся ў асноўным людзі глыбока за 20 з абвостраным пачуццём гумару, але не абышлося і без персанажаў з творчасці саміх РСП. Пасярод танцпляцу радасна скакалі маладзёны, апранутыя ў стылі саўковага кэжуала — у шапках-пеўніках і спартовых трыко, ля бара крыху няёмка пачувалася пара — кавалер з барсеткай і яго Анжэла ў леапардавай сукенцы ў абцяжку і шкляных “брыльянтах”, значыць, недзе павінная была быць і кампанія сапраўдных “пацаноў”, амаль заўсёднікаў канцэртаў “Разбітага Сэрца Пацана”, якія выпіваюць графінчык гарэлкі і настойліва спрабуюць замовіць “Розавы закат”.
Як ні дзіўна, але высветлілася, што клуб “Мулен Руж” аказаўся найлепшай дэкарацыяй для канцэрта РСП. Цяжка ўявіць сабе месца ў Мінску, дзе гратэскная падтанцоўка ЭВМ глядзелася больш арганічна, чым у чысцюткім бардэльным інтэр’еры з чырвонага аксаміту, штучнага золата і з пампезнымі крыштальнымі лямпамі. Дзяўчаты былі, як заўсёды, прыўкрасныя. Магчыма, яны даўно не здзіўляюць нічым новым, затое публіка з захапленнем сузірае “старое”, а хлопцы, выкліканыя на сцэну для вядомага нумара з раздзяваннем, ужо гатовыя рабіць усё самі.
Больш чым за тры гадзіны РСП сыгралі бадай усе свае песні і ў выніку нават прэзентавалі новую. Кампазіцыя называецца “Я бы вдул” і расказвае пра складанае каханне да дзяўчыны-наркаманкі. На жывым прыкладзе можна было назіраць, як творчасць проста са сцэны ідзе ў народ — публіка радасна засвоіла навінку і на другім рэфрэне ўжо падпявала.
Пасля апошніх акордаў “бісу” і ўжо дзяжурнага развітання Дзяніса Тарасенкі: “Да ўстрэчы заўтра ў салаце”, у зале запалілася святло, а трэш з песняў РСП нібыта нікуды не знік і застаўся вісець у паветры. Праз прачыненыя дзверы грымёркі было бачна, як музыкі з сур’ёзнымі тварамі засяроджана скочваюць у рулоны надзіманых жанчын, якія бралі ўдзел у шоу, побач Павел Аракелян, які таксама падымаўся на сцэну, каб падыграць “Разбітаму Сэрцу Пацана”, расказвае журналістам, што, у прынцыпе, як музыку гэта ўсё не вельмі ўспрымае, а ў чарзе да гардэроба кампанія маладых людзей прымярае на сябе фабулу новай песні “Я бы вдул”, у выніку канстатуючы: ага, так і жывем.
Вольга Малюшыцкая
Фота: Аляксандр Ждановіч