Х’ю Лоры, комік, акцёр, пісьменнік, а таксама выканаўца ролі доктара Хаўса, даў у Мінску аншлагавы канцэрт і пацвердзіў тым самым, што таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім.
Насамрэч, малаверагодна, што сам па сабе прыезд нейкай Copper Bottom Band (групы Х’ю Лоры) нарабіў бы столькі шуму ў Мінску. Іншая справа – раскіданая вестка пра тое, што доктар Хаўс заспяваў і дасць у Мінску паўнавартасны сольны канцэрт. Не варта нават паглыбляцца ў пытанне, на каго менавіта ішлі тысячы гледачоў: на Лоры або на Хаўса, паслухаць блюз ці пабачыць легенду ўжывую – гэта не важна, бо канцэрт стаў сапраўднай культурнай падзеяй.
Квіткі былі загадзя раскуплены, а ў дзень канцэрту ў Мінск прыехалі людзі з усіх куткоў краіны, каб стаць ў небывалыя чэргі – ад дзвярэй Палаца Рэспублікі да праспекта Незалежнасці! Публіка сабралася самая размаітая: ад прасунутай моладзі да прыбраных хатніх гаспадынь і іх заможных мужоў. Дарэчы, большасць гледачоў, якія прыйшлі на канцэрт, былі апранутыя па-вячэрняму элегантна, што моцна рэзала вока на фоне грубага архітэктурнага ансамбля Кастрычніцкай плошчы.
Поўная зала гледачоў і паўгадзіннае спазненне музыкі. Але яму можна ўсё, бо ён наш любімы сямейны Доктар. Разумее гэта і Х’ю Лоры: ён дорыць зале паўзабаўную сцэну з уласным ператрусам (якая цалкам рэалістычна выглядала на фоне сур’ёзнасці асобаў аховы Палаца Рэспублікі) і, нарэшце, вітае Мінск па-руску. “Добры вечар, Мінск! Мяне завуць Х’ю Лоры!”
Яму радыя, рады і ён: шмат жартуе, рассыпаецца ў паклонах. Але куды больш яго радуе тое, што нейкая частка гледачоў (значная частка) сабралася паслухаць музыку: зала падхоплівае апладысментамі першыя гукі кожнай песні, пазнае іх, і, больш за тое, крычыць “брава!” у канцы выканання. Прытым, што выкананую Х’ю Лоры музыку складана назваць агульнавядомай або папулярнай. Песні, сабраныя ў прадстаўленым гледачам альбоме “Let Them Talk”, а таксама сапраўдныя музычныя прыхільнасці Лоры ўзыходзяць да класікі амерыканскага (а дакладней новаарлеанскага) блюзу, фолк-стандарту і нават да спірычуэлсу.
Але блюз блюзу розніца: рэпертуар самотных хлопцаў не прыцягвае Х’ю Лоры. Яго блюз светлы, аранжыроўкі жвавыя і нават трохі хуліганскія. “Калі я быў маленькім, я жудасна ненавідзеў ўрокі ігры на фартэпіяна, – распавядае Х’ю перад тым, як ўваліць (іншае слова складана падабраць) They’re Red Hot Роберта Джонсана. – Я займаўся па класічным зборніку кампазіцый і гэтак жа ціха ненавідзеў яго, як і ігру на фартэпіяна. Але была ў тым зборніку адна песня, якую я заўсёды хацеў зграць. І менавіта яе мне забараняла граць мая ненавісная настаўніца”. Ведала б настаўніца, як забойна можа гучаць фартэпіяна яе пасталелага вучня. Піяніна, якое грала сола, было гатова сарвацца і пачаць прытопваць ў такт гэтак жа, як гэта рабіў Лоры.
Але гэта было ўжо бліжэй да канца, калі зала была гатовая кінуцца ў скокі, нягледзячы на відавочныя забароны з боку аховы палаца. А пачыналася дзейства з несмяротных St. James Infirmary, славутай, дзякуючы Луі Армстрангу, You Don’t Know My Mind Дока Ватсана і Six Cold Feet Лероя Кара. “Я ніколі не мог змірыцца з тым, што гэтая музыка, як музейны экспанат, зачынены пад шкляным каўпаком з таблічкай “Культура”, – толькі для чорных мужчын сталых гадоў”, – распавядае Лоры ў адным з інтэрв’ю. Цалкам відавочна, што ён сапраўды закаханы ў гэтую музыку, поўны павагі да яе і. больш за тое, ён мае намер распавесці ўсім у свеце пра несправядліва забытыя мелодыі.
Якім жа было здзіўленне музыкі, калі ён убачыў, як мінчане разумеюць, што ён хоча сказаць. Не проста прымаюць свайго кіношнага ўлюбёнца з усімі яго замарочкамі, маўляў, чым бы дзіця ні цешылася – не-не, гледачы захоплена рэагавалі на першыя акорды малавядомых песень першай трэці мінулага стагоддзя. Пасля кожнай песні Лоры дзякаваў слухачам па-руску, прамаўляючы “дзякуй” і абавязковы тост у залу “За здароўе!” Піў, праўда, яблычны сок, але каму гэта важна. У зале панавала максімальна душэўная атмасфера. Здавалася, многія з тых, хто прыйшоў, былі па-сапраўднаму здзіўлены: ён не толькі Доктар Хаўс, але і вельмі нядрэнны музыка. Больш за тое, з ім на сцэне граюць яшчэ больш высакакласныя музыкі. “Вы можаце ўвесь час глядзець на мяне, але, калі ласка, слухайце маіх музыкаў, – папрасіў Лоры ў самым пачатку канцэрта. – Яны па-сапраўднаму класныя музыкі”.
З гэтым было складана не пагадзіцца: з Unchain My Heart Джо Кокера яны прымудрыліся стварыць сапраўдны баявік, а з Never Drive a Stranger From Your Door Вілі Харыса і біблейскай Battle of Jericho – музычныя гісторыі, поўныя драматызму. Лоры не шкадаваў кампліментаў сваім музыкам і неаднаразова прадстаўляў публіцы ўсю сваю каманду, прыстаўляючы да імя кожнага абавязковы эпітэт “бліскучы”, “непераўзыдзены”, “выдатны” і інш. А ў сярэдзіне канцэрта Лоры ўзяў у рукі паднос з чаркамі віскі і паднёс кожнаму з музыкаў. Папіваючы віскі, яны адыгралі на дзіва цёплы канцэрт. На біс Лоры праспяваў кранальную Let Them Тalk і ў сто першы раз падзякаваў Менску за душэўны прыём. А гледачы, прасоўваючыся чэргамі на выхад, яшчэ доўга абмяркоўвалі паміж сабой шматгранны талент іх улюбёнага сямейнага Доктара.
Ганна Трубачова, фота Аляксандра Tarantino Ждановіча