28 красавіка клуб Re:Public прыняў у свае сцены ўжо дванаццаты дударскі фэст. На ім выбітныя фолькавыя гурты выступалі для аматараў “беларускай валынкі”. Трэба зазначыць, што фармат фестывалю змяніўся, цяпер ён будзе ладзіцца раз на два гады.
Першыя два гурты няблага разагрэлі народ, але іх выступ хутка сцёрся з памяці пад уражаннем ад ветэранаў беларускай фольк-сцэны – гурта СТАРЫ ОЛЬСА. Спадар Сасноўскі і Ко выходзілі на сцэну пад крыкі і воплескі нецярплівай публікі, а ўжо пад першую іхнюю песню па зале пайшлі карагоды. Здаецца, Re:Public раскашэліўся на новае святло, таму што сілуэты музыкантаў і паднятыя да гары рукі гледачоў нечакана былі падсветлены з усіх бакоў, што значна палепшыла якасць шоў. Як не дзіўна старых хітоў было не шмат, пры гэтым было прэзентавана дзве новыя песні: “Piękne jest koło rycerskie” і “Пахвала Вітаўта” за аўтарствам Міколы Гусоўскага, але, што не можа не цешыць, па-беларуску. Хацелася б з жалем зазначыць, што ні “Пена піва”, ні нават “У карчме” не прагучалі, а аўтар гэтых радкоў спецом узяў пластыкавы куфаль піва, каб падняць яго “за царкву Хрыстову ды за моц князёву”! Ну што тут зробіш…
Гурт СТАРЫ ОЛЬСА саступіў месца на сцэне хлапцам і дзяўчатам з фармацыі PAWA. Як і абяцаў вядоўца, яны зайгралі нам “сапраўдную беларускую дыскатэку”: энергічны электронны біт, дуда, флейта, электрагітара і, вядома, мігценне агеньчыкаў, што ледзь не выклікала ў прысутных эпілепсію. Пад сумесь дабстэпу і фольку (Даб-фольк? Этна-стэп?) у зале не мог не пачацца слэм – некаторыя ажно паскідвалі майкі перад тым, як кінуцца ў яго. Дык а “Пан Маналіг” спявала, натуральна, уся зала! Слухачам PAWA настолькі спадабаліся, што іх выклікалі на біс. Але і яны павінны былі перадаць эстафету хэдлайнерам IRDORATH, музыкам у модных скураных спадніцах. Але нягледзячы на досыць дзіўны стыль убрання для фолькавага гурта, адыгралі сваю частку яны якасна і без замінкі.
Спадзяемся, што, як і прасіў спадар Сасноўскі, аматары фольку выклаліся так, што яшчэ два гады будуць узгадваць фэст, ажно да наступнага.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч