Дэльфін прыязджае ў Мінск спраўна – раз на год. І кожны яго канцэрт праходзіць з поўным аншлагам. Каб трапіць на яго выступ 26 сакавіка ў мінскі клуб “Рэактар”, трэба было адстаяць з паўгадзіны ў чарзе. Больш за тысячу чалавек прыйшлі паслухаць найлепшыя песні Дэльфіна.
Слухачы гукалі свайго ўлюбёнца больш за гадзіну. Апрануты ва ўсё чорнае выканаўца няспешна ўзняўся на сцэну да сваёй электроннай барабаннай устаноўкі, каб адкрыць канцэрт песняй MDMA з альбома “Звезда”. Толькі потым стрымана павітаўся, даўшы добры вечар. Гэта быў адзіны зварот да публікі негаваркога Дэльфіна. Затое былі ўсімі любімыя песні, якія зала хутчэй не падпявала, а выкрыквала, – “Чужой”, “Имя”, “Романс”… Усе творы суправаджаў відэашэраг з дэпрэсіўнай, а часам вусцішнай анімацыяй.
Дэльфін не любіць святла. Сцэна падчас канцэртаў асветленая па мінімуме, а фатографам перад канцэртам перадалі пажаданне артыста – здымаць без успышак. Між песнямі ўсё наогул патанае ў змроку, гасне экран, сам спявак адыходзіць перадыхнуць на край сцэны. Праз пару секундаў ён зноў выходзіць у цэнтр, каб зацягнуць-прадэкламаваць сваю чарговую развагу: “Дети решили драться, в слезах потеряв терпенье…”, лупцуючы электронныя барабаны. Акрамя Дэльфіна на сцэне толькі адзін музыкант – гітарыст Павал Дадонаў, які практычна на кожнай песеньцы змяняў інструмент. Гэтыя два чалавекі напаўняюць гукамі ўсю прастору, і кожнае праспяванае слова добра чуваць. Манатонны голас спевака часам апрацоўваецца праз вакодар, і робіцца зусім незямным.
Са сцэны Дэльфін пайшоў не развітаўшыся, калі вырашыў, што сказаў публіцы ўсё. Ён з тых артыстаў, каму крыкі “біс” не патрэбныя.