Як застацца з цэлым тварам пры наяўнасці жадання быць не такім, як іншыя? Што думаюць пра бізнэсмена ў касцюме з кветкавым прынтам? Як сістэма супрацьстаіць свабодзе самавыяўлення? Наколькі беларусам уласцівае жаданне вылучыцца з натоўпу? І што будзе, калі ўсім даць волю выглядаць як заўгодна смела? За што парыжскія бабулькі дзякуюць сённяшняму суразмоўцу? Дзмітрый Папоў — у чарговым інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!»
— Мне не ўдаецца прайсці незаўважаным ні ў адным горадзе. Але існуе велізарная розніца ва ўспрыманні майго аблічча людзьмі, скажам, у Мінску і ў Парыжы: у Мінску адзінкі могуць сказаць прыемныя словы з нагоды выгляду, а ў Парыжы я ўвесь час сустракаю станоўчую рэакцыю. Да таго ж рэагуюць мінчане і жыхары Францыі па-рознаму. Нашы: «О! Глядзі, прыдурак нейкі пайшоў». А, напрыклад, бабулі-парыжанкі, апранутыя ў старым класічным стылі з іголачкі, бяруць мяне за руку са словамі: «Мерсі, мерсі». Тут да самавыяўлення праз выгляд ставяцца як да кічу: «Уаў, паглядзіце! У яго рогі на галаве!», а там — спакойна і з разуменнем.
— За мяжой ёсць асэнсаванне, што чалавек — гэта індывідуальнасць?
— Так, гэта пытанне культуры, узровень якой складаецца з таго, што ты бачыў, ведаеш, чуў. Стаўленне да свету мяняецца з асабістым вопытам, з ведамі, якія ты атрымліваеш ад папярэдняга пакалення, ад іншых людзей.
— І як у нашым грамадстве можна паспяхова весці бізнэс, апранаючыся так, як вы?
— Я займаюся бізнэсам з юнага ўзросту. Пры гэтым мне даводзіцца прыкладаць удвая больш намаганняў, чым калі б я выглядаў як звычайны бізнэсовец — з партфелем, касцюмам і скураной кепкай. Маса людзей не ўспрымае мяне сур’ёзна: трэба ўвесь час даказваць, што мой выгляд не адаб’ецца негатыўна на вядзенні справаў. У гэтай «вёсцы» візітнай карткай з’яўляюцца такія рэчы, як, напрыклад, BMW X5 — гэта неабходны аксэсуар. Усё роўна, што ты заплаціў за яго апошнія грошы ці яшчэ некалькі гадоў будзеш крэдыт выплачваць. У большасці выпадкаў за вялікай машынай не стаіць такі ж «вялікі» чалавек.
— На чым вы ездзіце?
— Мне далі на некаторы час «Рэно 19» 1993 года. Яшчэ ў мяне ёсць “Жыгулі” дзявятай мадэлі. Нядаўна купіў ІЖ-2715 — «абцас» — вельмі карысная штука ў гаспадарцы. Я абсалютна спакойна стаўлюся да машын — свае функцыі яны выконваюць, і добра.
— Цікава, што на сваю вопратку вы гледзіце інакш, чым з пазіцыі яе функцыянальнасці. Адкуль у вас такая патрэба ў самавыяўленні?
— Гэта з юнацтва. Сваё жыццё я пачаў з добрай музыкі, слухаў рытм-энд-блюз, рок-н-рол. Я пранёс праз усё жыццё рок-н-рольны драйв (хоць было шмат спакусаў змяніцца, паламацца) і дзякуючы гэтаму да сваіх сарака з лішнім гадоў асабліва не пастарэў. Калісьці я вырашыў, што быць сабой — нашмат важней, чым дасягнуць вышынь у бізнэсе ці зарабіць вялікія грошы.
— А бізнэс і самавыяўленне не перасякаюцца?
— Бізнэс — гэта спалучэнне ўнутранага таленту, памяці, логікі, пэўнай смеласці, нахабства. У самавыяўленні гэтыя якасці таксама важныя, але галоўнае — свабода ва ўвасабленні свайго ўнутранага свету.
— Ці мяняецца нешта ў Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі ў плане самавыяўлення асобы?
— Так, безумоўна, моладзь расце, з’яўляюцца новыя павевы. Але мяне засмучае, што маладыя людзі вымушаныя выбіраць: альбо жывуць перспектыўна ў наяўных межах «прыстойнасці», альбо ўсё жыццё не трапляюць у фармат, прытрымліваючыся ўласнага стылю ў паводзінах, вопратцы, думках, і праз гэта пазбаўляюцца пэўных магчымасцяў.
— Які фармат на сёння ў Беларусі?
— Паглядзім у акно. Коратка падстрыжаны мужык у кашулі ў клетачку, джынсы, нейкія чаравікі — прыблізна так. Калі нехта кажа, што сустракае дзесьці шмат яркіх людзей, гэта не значыць, што ўвесь горад поўны такімі ж. Я ўспамінаю, як аднойчы, пад’язджаючы да Мінска, заўважыў велізарную колькасць акенцаў. Тады я падумаў, што 99% людзей, якія жывуць у гэтых кватэрах, ніколі мне не сустрэнуцца. Жыццё — гэта пластавы конус, піраміда. Чым вышэй падымаешся, тым часцей сустракаеш падобных да сябе людзей. Вы бачыцеся на канцэртах, у клубах, сябруеце, у вас шмат агульных знаёмых — гэта ваш свет, які вас атачае. І здаецца, што ўсё добра, але варта перайсці на другі бок вуліцы — і там ужо ўсё і ўсе іншыя.
У Беларусі людзі імкнуцца не вылучацца дзеля ўласнай ўнутранай бяспекі. Яны зачыняюцца ў шкарлупіну і рухаюцца па жыцці па прынцыпе «мяне не відаць, і ніхто мяне не кранае». Жыццё ў такім грамадстве прыгнятае, як і позіркі мінакоў: упэўнены, не кожны зможа вытрымліваць іх пастаянна. Шпацыруючы, я ўвесь час адчуваю, як хор дзетак здымае мяне на тэлефон са спіны, тыкае пальцам. Нявыхаваныя падлеткі могуць нагаварыць шмат непрыемнага — цяжка стрымацца і не адказваць ім тым жа самым хамствам.
— Даводзіцца выслухоўваць толькі словы ці некаторыя і кулакамі спрабуюць нешта даказаць?
— Па мордзе не давалі. Усё ж такі мой вопыт вядзення бізнэсу і зносін з рознымі катэгорыямі людзей дазваляе мне прадухіліць непрыемнасці, не даводзячы справу да бойкі. У часы маёй маладосці (у канцы 80-х) усё было нашмат больш жорстка — тады гопнікі вылоўлівалі па ўсім горадзе тых, хто незвычайна выглядаў, металістам рэзалі валасы. Напэўна, дзякуючы ўзмацненню жорсткасці законаў гэта збольшага скончылася толькі ў сярэдзіне 90-х. Але мой выгляд — ні ў якім разе не выклік грамадству, гэта хутчэй унутраны стан. Калі я апранаюся ў тое, чаму аддае перавагу большасць, я проста паміраю ўнутры, дрэнна сябе адчуваю.
— Рэчы, адзенне — гэта самы даступны і зразумелы спосаб данесці сваё светаадчуванне. А як яшчэ можна і прынята самавыяўляцца ў Беларусі?
— У Беларусі шмат таленавітых людзей: музыкаў, мастакоў. Але часта іх талент выяўляецца толькі ў творчасці — не хапае смеласці для самавыяўлення і ў вонкавым выглядзе. Не стае нейкага складніка ва ўнутраным свеце, каб быць свабодным. На дадзены момант культура моцна ўціскаецца, і падаецца гэта ўсё пад соусам «барацьбы з апазіцыяй». Вакол музыкі аб’ядноўваюцца людзі розных узростаў, і каб прыбраць гэты цэнтр аб’яднання, узнікаюць недарэчныя забароны, якія парушаюць права свабоды творчасці і самавыяўлення.
Свабода для мяне — гэта магчымасць з «дрэнна» і «добра», выбраць «добра» нягледзячы ні на што. Хоць і не ўсё ў маім жыцці — дабро, я заўсёды імкнуся рабіць правільна. У мяне няма іншага выйсця, таму што мяне лёгка запомніць. Зрабіўшы нешта не па сумленні, я не застануся незаўважаным.
— Як вы думаеце, ці толькі ваш выгляд прыцягвае позіркі людзей? Ці гэта нейкая ўнутраная сіла, якой хацелі б валодаць навакольныя?
— Якія б ні былі людзі, яны любяць добрую сілу. Я не выглядаю агрэсіўна, значыць, і сіла мая не злая. Гэта, безумоўна, прыцягвае людзей. Часта мяне спрабуюць паставіць у адзін шэраг з людзьмі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, але гэтага не дазваляюць зрабіць мае прыродныя дадзеныя вялікага выгляду мужчыны.
Сярод касых поглядаў можна разабраць зайздросныя: вунь ідзе нейкі, усё яму да лямпачкі — нам таксама б так хацелася! А ёсць мноства незнаёмых людзей, якія радуюць мяне добрымі словамі, падыходзяць і дзякуюць за добры настрой, асабліва ў сумныя поры года. Гэта перакрывае масу негатыву і вельмі прыемна і важна для мяне.
— А як дзяржава ставіцца да жадання грамадзян самавыяўляцца?
— Сістэма не прымае і не любіць адхіленняў: усе павінныя быць аднолькавыя, як у войску, як у турме. Калі людзі — безаблічная маса, імі нашмат лягчэй кіраваць. Любая сістэма ў любой свабоднай краіне хацела б загнаць людзей у шэры колер і пабудаваць у шэрагі, таму што так прасцей. У замежных цывілізаваных краінах да дзіўных чувакоў ставяцца лаяльна, таму што само грамадства не дазваляе ставіцца да іх па-іншаму. Гэта, паўтаруся, цывілізаванае грамадства, дзе з пытаннямі цярпімасці і павагі да навакольных усё ў парадку. А нашым людзям усё роўна: абы не чапалі мяне.
— Калі ўсё ўсім дазволіць, ці стануць людзі ўнутры свабодныя?
— Наўрад ці. Гэта прывядзе да страшнай бойні, пачнецца хаос, але з яго зноўку будзе нараджацца парадак, у болі і пакутах. Мне падабаецца фраза “Дзяржава прыдуманая не для таго, каб жыццё ператварылася ў рай, а для таго, каб яно не ператварылася ў пекла”. Вось і ўсё. Калі нават усім дазволіць свабоду, народ пачне будаваць новыя правілы. Людзі прывыклі аб’ядноўвацца, каб сябраваць супраць кагосьці: яны такія, а ўвесь свет — іншы. Я не скажу, што гэта кажа пра нейкі ўзровень слабасці, але гэта дакладна не паказчык сілы. Калі людзі збіраюцца ў банды — гэта ўвогуле сход слабакоў. Моцныя ходзяць у адзіночку.
— Калі ў нашым грамадстве наступіць становішча, пры якім кожны зможа лічыць сябе дастаткова адважным, упэўненым у сабе і вольным, каб самавыяўляцца так, як захочацца?
— Калі зменіцца стаўленне да людзей з іншай філасофіяй і выглядам. Зразумела, што патрэбная вялікая смеласць, каб выступіць супраць грамадскага меркавання. І першае, што трэба рабіць на шляху да свабоды, — гэта падымаць культуру грамадства.
У большасці выпадкаў праяўленне індывідуальнасці ўласцівае моладзі, таму што менавіта ў юныя гады для нас характэрнае адмаўленне грамадскай думкі і ўсталяванага парадку. У дарослых гэта сустракаецца рэдка.
— У якім стане сёння культура самавыяўлення беларусаў?
— Жаданне самавыяўляцца — вельмі высокае. Здольнасць — вельмі нізкая. Мы, беларусы, менш жыццярадасныя, чым спрабуем здавацца. Вельмі вялікая розніца паміж паводзінамі чалавека дома, у сваім ўнутраным коле, і тым, як ён жыве ў грамадстве, на вуліцы. Няма ўпэўненасці ў сабе, веры ва ўласныя перакананні, няма правіл, якія святыя для цябе паўсюдна. Беларусы мяккія і падатлівыя ўнутры, ім незразумела, за што і навошта змагацца.
— І вы таксама ні за што не змагаецеся?
— Я не хачу, каб нехта расказваў, як мне жыць. За гэта і змагаюся.
— Выбіраючы спосабы самавыяўлення, вы зыходзіце са свабоды або з дабрабыту?
— Не скажу, што маё адзенне таннае, можна самавыяўляцца і танней. Усё залежыць ад ступені жадання і таго, якога выніку хочаш дасягнуць. Ёсць людзі, якія і хацелі б адрознівацца ад асноўнай масы, але пэўная лянота перашкаджае ім нешта зрабіць у гэтым напрамку. Бо для гэтага трэба вырывацца з агульнага кантэксту, правілаў, быць здольным данесці сваю ідэю да грамадства. А навошта напружвацца?
— Наколькі ў нас жанчынам ўласціва самавыяўляцца?
— Прыемна сустрэць жанчын, апранутых прыгожа, з густам, але ўсё ж такі асноўная маса сыходзіць у бок глабальнай моды — той жа сістэмы, дастаткова жорстка навязванай ва ўсіх СМІ: «У гэтым сезоне ў модзе шэры ніз, белы верх, фіялетавае жабо». Гэта маветон. На жаль, чужое аўтарытэтнае меркаванне для многіх важнейшае за сваё. Мода — гэта мільярдная індустрыя. «А піпл хавае»…
У мяне была думка адкрыць невялікі модны дом у Парыжы (таму што тут такое нікому не трэба), з пасылам «Гэта для тых, хто вырашыў змяніць сваё жыццё». Я б хацеў, каб маё адзенне мяняла чалавека знутры — яго стаўленне да бар’ераў, унутраных межаў, нейкіх страхаў, якія многае ў жыцці не даюць зрабіць. І калі вы адчуеце ў сабе змены, то станеце здольнымі на многае. Але перш падумайце, ці сапраўды вы вырашылі памяняць сваё жыццё. Вам давядзецца сутыкнуцца з грамадскім асуджэннем, многія сябры не змогуць вас зразумець альбо зменіцца стаўленне сваякоў. Зменіцца праца. Рэальна зменіцца ўсё.
— Прыцягнуцца іншыя людзі…
— Гэта абавязкова. Калі ты стаў іншым — побач з табой будуць іншыя. Ранейшыя — нават калі ты захочаш утрымаць — сыдуць самі. А навошта жыць, калі не развівацца, не мяняцца, не ўдасканальвацца?
Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)