Сярэднявечныя танцы пад жывую аўтэнтычную музыку, этнічны танцавальны марафон зладзілі танцавальны калектыў “Гістрыён” і фольк-гурт “Пераплут” у мінскім Нацыянальным гістарычным музеі ў сераду 4 лістапада.
Вечарына старадаўніх танцаў праходзіла з нагоды акцыі “Вечар у музеі”, паводле якой музей цяпер працуе ў серады да дзевяці гадзінаў.
Арганізатарка імпрэзы Алёна Цітавец:
– З нагоды акцыі “Вечар у музеі”, каб не марнаваць дарма часу, мы вырашылі зрабіць танцавальны марафон. Па магчымасці ўдзельнікаў хацелася б збіраць кожную сераду, не столькі гледачоў, колькі танцораў і музыкаў.
Улетку сярэднявечныя дыскатэкі ладзяцца на этна-тусоўцы “Корч”, што звычайна праходзіць у серады непадалёк ад станцыі метро “Усход”. Узімку аматарам сярэднявечнага танцу даводзіцца шукаць памяшканні, каб спраўна патанчыць і добра пайграць.
Танчылі беларускі кракавяк і латышскую “ведзьму”, шведскі вальс і беларускага “вераб’я”, кампазіцыі ў “Пераплутаў” замаўлялі. Непасрэдна перад танцам праходзіў майстар-клас – тлумачэнні для наведвальнікаў, дзе трэба павярнуцца, топнуць, скокнуць.
Паводле словаў гусляра “Пераплутаў” Андрэя Шэлюты, гурт стварыўся два гады таму, і на сённяшні момант музыкі выступаюць ужо другім складам. Гурт грае на танцавальных вечарынах, таксама музыкі выступалі на замежных фестывалях.
На імпрэзу завітала каля дваццаці чалавек, а такія танцавальныя вечарыны плануецца ладзіць і надалей, бо акцыя “Вечар у музеі” працягнецца да 14 снежня.
Тэгі: Мінск