Журналіст Сяргей Будкін і паэт Віталь Рыжкоў пасля прагляду стужкі “Жыве Беларусь” абмеркавалі, як мы дагэтуль жылі без стужкі Кшыштафа Лукашэвіча і Франака Вячоркі, чым гэты фільм адрозніваецца ад свайго канкурэнта “Вышэй за неба”, ці справіўся Вольскі з задачай напісаць песні пад стары N.R.M. і ці можа гэтая карціна выкарыстоўвацца як рэклама Беларусі за мяжой.
Як мы жылі без “Жыве Беларусь”?
Сяргей Будкін (СБ): Першае ўражанне ад фільма “Жыве Беларусь” — пустата ў душы і поўная вынішчанасць. Такое ўражанне, што ён цягнуўся не паўтары гадзіны, а чатыры з паловай. Гэты фільм не зробіцца для мяне насценным, і я не магу захоплена сказаць, як некаторыя, што ён пра мяне. З іншага боку, праблемы, якія ўздымаюцца ў стужцы — дзедаўшчына ў войску, нераўнапраўе дзяржаўных моваў, моладзевы супраціў — даўно чакалі на сваё ўвасабленне. Гэты фільм можа заняць такую нішу, якую заняў у свой час “Мяне завуць Арлекіна”, калі шукаць якіх паралеляў у гісторыі беларускага кіно. Такой вострай сацыяльнай драмы пра нашы рэаліі яўна не хапала.
Віталь Рыжкоў (ВР): Пагаджуся, што не хапала, але мая спустошанасць і вынішчанасць звязаная з тым, што я вельмі шмат чакаў ад гэтай стужкі, робячы авансы фільму пра Беларусь і беларусаў. Прызавое месца на фестывалі ў Чэхіі, Еўропа гудзіць, людзі, плачучы, сыходзяць з кінатэатра — такой была папярэдняя падача… Мне вельмі спадабаўся трэйлер, кадры з фільма, і я думаў, што вось, пагляджу “Жыве Беларусь” цалкам — і мяне проста парве. Але мяне хутчэй агаломшыла неадпаведнасць маім чаканням. Я не зусім цынік, я падрыхтаваў усю сентыментальную частку сябе, каб успрыняць фільм і казаць потым усім, што яго варта паглядзець, але даглядзеўшы яго, я зразумеў, што не змагу так рабіць.
“Жыве Беларусь” і “Вышэй за неба”
СБ: Давай разбярэмся. Бо я буду раіць глядзець “Жыве Беларусь”, нават у большай ступені, чым яго фільм-канкурэнт, якім па сутнасці ёсць “Вышэй за неба”, таму што ў ім сказана куды больш. І ён сапраўды выконвае сваю місію — знаёміць неабазнаных з той краінай, дзе мы жывем, а дакладней, з тымі праблемамі, з якімі сутыкаецца тут чалавек, што думае. У ім вельмі шмат моцных момантаў — разгон рок-канцэрту, сцэна з прыняццем прысягі Шэрага і з ператрусам у кватэры Веры… Асабісты мой закід у тым, што ўсе гэтыя асобныя моцныя эпізоды не даюць агульнай напругі і драйву. Ад таго я і не магу сказаць, што стужка забірае і трымае ўвесь час. Захаплення няма, але ёсць вялікі інтарэс, у тым ліку за кошт таго, што знятае і пададзенае ўсё вельмі смачна.
ВР: У “пірацкім” поўнаметражным “Вышэй за неба” больш магчымасці пасуперажываць героям. Мой здаровы чалавечы цынізм там адключыўся: персанажы жывыя, паказаны супярэчлівы сацыяльна-культурны фон, ужытыя мастацкія прыёмы і кіна-хітрыкі, гэта аб’ёмны фільм з паўзамі і сваім тэмпам. У ім паказаны скандальна розны Мінск, хоць фільм і планавалася дэманстраваць па БТ, здаецца. А ў “Жыве Беларусь”, як у ненайлепшым кіно дзевяностых, паказваецца толькі тое, што паказваецца, і амаль нічога шырэй. (Пасля мантажу ў фільме засталіся хіба намёкі на “жыццё” хлопчыка Пашкі ды салдата Шчукі). Хай сабе пры гэтым актор-Пашкоўскі мне спадабаўся менш за актора-Вінсэнта.
СБ: Акторскі склад — безумоўнае дасягненне “Жыве Беларусь”. І калі мы ўжо ўзяліся параўноўваць яго з “Вышэй за неба”, то ў стужцы Лукашэвіча няма акторскіх правалаў, а ў стужцы Курэйчыка часам вельмі яскрава бачна, што некаторым акторам няёмка перад камерамі. У тым ліку і Вінсэнту, які там зусім непераканаўча сыграў невялічкую ролю. У “Жыве Беларусь” ён раскрываецца напоўніцу, і яго ігра — безумоўна, галоўнае адкрыццё ў фільме. Дзяніс Тарасенка, Віктар Маўчанаў, Караліна Грушка, Анатоль Кот — усе яны цалкам гарманічна ўпісваюцца ў свае ролі.
ВР: Адна з відавочных удачаў — роля Шчукі ў выкананні Дзяніса Тарасенкі, якога я памятаю (і, скажам так, пабойваюся як вонкавага тыпажу) яшчэ з роляў у “Свабодным тэатры”. Пытанняў да актораў няма, пытанні ёсць да сцэнара, які не прадугледжвае большага аб’ёму.
Без прыстаўкі “супер”
СБ: Мне кінулася ў вочы, што ў “Жыве Беларусь” няма супергероя. Якога з персанажаў ні вазьмі, кожны з іх — няўпэўнены, ён вагаецца ў тых ці іншых абставінах. Як герой Вінсэнта на канцэрце ці яго дзяўчына Вера, калі Мірона забіраюць у войска, — і нават злы “дзед” у пэўную хвіліну сумняецца, ці даваць загад на збіццё.
ВР: У “Жыве Беларусь” не тое, што супергероя няма, там няма нічога з прыстаўкай “супер”. Там няма адэкватнага пратэстнага актыву (адно падлеткі на канцэрце, якіх хлебам не кармі — дай памахаць сцягамі і пакрычаць лозунгі), няма войска, толькі прагнілыя парэшткі савецкай арміі, няма вобразу народа (масоўка, якая ляніва слухае спевы пад гітару, чыноўнікі і мурзатыя дзеці на абломках каруселяў), нікога і нічога па ўсіх франтах… Сюжэт з эпохі нараджэння кіно — як у “Палітым палівальніку”: садоўнік палівае з шланга расліны, хлопчык шланг прыціскае, садоўнік глядзіць, у чым справа, хлопчык прыбірае нагу, і ў здзіўленага садоўніка б’е вада. Толькі, натуральна, пра абсалютна не смешныя рэчы.
СБ: Тым не менш, “Жыве Беларусь” дае ўяўленне пра пэўныя праблемы, якія існуюць у Беларусі. Фільм грунтуецца на рэальных фактах, пераўвасобленых па-мастацку. Ён знаёміць з палітычным укладам у нашай краіне? Знаёміць. Паказвае сучасны стан беларускага войска, адзінага ў свеце, дзе “салдаты дагэтуль выкарыстоўваюць не шкарпэткі, а анучы”? Паказвае праблему з свабодай слова і сходаў. Паказвае закасцянеласць нашага грамадства. Паказвае моўную праблематыку: “Па-беларуску размаўляюць у нас бабулі ў вёсках і апазіцыянеры. І ўсе яны — від, што вымірае”, — як казаў герой Маўчанава. Гэта ўсё знаходзім, а значыць, стужка выконвае сваю задачу.
ВР: Але ж гэта агітацыйная задача, як у “Жалезам па шкле”: “злыя апазіцыянеры збіваюць добрых міліцыянераў, шкло бьюць, глытаюць наркату і глядзяць порначасопісы, і болей ім нічога не трэба, толькі пабунтаваць”. У “Жыве Беларусь” наадварот: злыя спецслужбоўцы і міліцыянты знішчаюць добрых беларусаў, падкідваюць ім наркотыкі, саджаюць у турму і забіраюць у армію з нелюдзямі-дзядамі. Няўжо мы такія ж плоскія? Выходзіць, той жа агіт-фільм з мінімумам мастацкага, толькі з іншага боку барыкад.
Вольскі ў фармаце а-ля N.R.M.
ВР: Падалося, што стваральнікі фільма, замаўляючы саўндтрэкі, яўна думалі пра рамантычныя часы канца 90-х гадоў — пачатку 00-х, калі N.R.M. з Вольскім мелі статус галоўнай рок-каманды краіны. Лявона Артуравіча папрасілі зайсці двойчы ў адну і тую раку ды напісаць сумную і вясёлую песні “як тады”. Вольскі як сумленны чалавек пагадзіўся, і тут ужо не ведаю, да каго прэтэнзіі, можа, я сам цяпер не той і песні а-ля той N.R.M. ужо не ўспрымаю. Альбо Лявон Артуравіч не змог напісаць пераканаўчыя песні а-ля той N.R.M. Атрымаўся адназначна палепшаны, але нібыта працяг “Саўкі і Грышкі” — шчыры, але без нерву.
СБ: Не пагаджуся. Музыка ў “Жыве Беларусь” уплецена даволі арганічна, яна тут дарэчы і ў тэму. Ды і творы Вольскага парадкам вышэйшыя за тое, што ён рабіў у “Саўку ды Грышку”, бо той яго праект да музыкі дачыненне мае слабае. А песня “Для генерала гэта вайна” можа зрабіцца хітом, не горшым за “Мінск і Менск”. Толькі што, калі разважаць пра ўжыванне музыкі ў стужцы далей, то тут больш бы пасаваў сам Вінсэнт з трэкамі, якія ён выконвае з жывым складам — “Бог.Радзіма.Воля”, “Я працягваю жыць”, напрыклад. Яго песні дадалі б каларыту і сфармавалі больш карэктна вобраз яго героя, бо трошкі незразумела выглядае, калі раптам замест вакалу Вольскага накладаецца вакал Мірона-Вінсэнта.
Рэклама Беларусі ў Еўропе
В.Р.: У прадмове да стужкі прагучала такая фраза, што “Жыве Беларусь” ёсць рэкламай Беларусі і яе народа ў Еўропе. Не хацелася б прыдзірацца менавіта да слова “рэклама”, будзем разумець яго як “інфармаванне, распаўсюд інфармацыі”, але будзь я прыстойным еўрапейцам, дык, паглядзеўшы гэты фільм, падумаў бы, што пасля таго, як я перадам гуманітарную дапамогу беларусам, трэба тэрмінова сядаць у танк і ехаць ратаваць краіну. Альбо забыцца на яе, бо ёй — канец.
СБ: Не хацелася, каб пра маю краіну дазналіся менавіта з такога гледзішча. Хацелася б усё ж нейкай надзеі, бо фільм па сутнасці беспрасветны, ён не пакідае ніякіх шанцаў на тое, што ўсё змяніць да лепшага рэальна.
В.Р. Наконт адсутнасці мастацкіх прыёмаў у стужкі бяру свае словы назад. Ёсць там адзін прыём — суцэльная гіпербала. У “Жыве Беларусь” не стае антытэзы, балансу. Захацеў ты, напрыклад, пазнаёміцца з цікавым чалавекам, а ён пачынае паўтары гадзіны расказваць толькі пра тое, дзе ў яго балячкі, што ў яго пахне з падпахаў, на пазногцях грыбок, сера ў вушах і перхаць у валасах, а пра прыгожыя вочы, напрыклад, пры гэтым маўчыць увогуле.
СБ: Тое, што азначаныя праблемы высунутыя на першы план, можа дапамагчы адкрыць такую Беларусь самім беларусам. Гэта мастацкі погляд на рэальныя рэчы, якраз на нашы “балячкі”. Толькі я не ведаю, ці ганарыцца такім фільмам і ці радавацца з таго, што ён так і толькі так паказвае маю краіну еўрапейцам. У гэтым ёсць сумнеў.