Гурты Pawa, “Яварына” і “Палац” выступілі ў надзвычай драйвавым сумесным канцэрце ў межах праекту “Бульбокс” ды разгайдалі старажытнымі песнямі і танцамі рок-клуб TNT.
“Усім прывітанне, завуць мяне Юзік, і мы робім сучасную беларускую дыскатэку”, – жартаўліва прадставіўся Юрась Панкевіч з гурта Pawa, якому было даручана адкрыць вялікі фольк-канцэрт у межах праекту “Бульбокс”. Гэтым разам увага была прысвечаная таму, “што застанецца пасля нас і чым мы цікавыя сусвету”. “Сёння мы паглыбляемся ў сэнс нашай існасці”, – яшчэ дакладней сфармуляваў ідэю вечарыны адзін з арганізатараў з творчага аб’яднання “Пан-студыя” Зміцер Бейнар-Саладуха. Выбар выступоўцаў дзеля гэтага быў надзвычай удалы – усе тры гурты, што выходзілі на сцэну клуба TNT, арыгінальным чынам перадавалі сваю любоў да ўласных каранёў.
Pawa ўзялася разгойдваць залу з надзвычайным імпэтам старадаўнімі песнямі ды танцамі беларусаў ды іншых народаў Еўропы. Музыкі выконвалі кампазіцыі з свайго другога дыска “Cristatus”, шырокая прэзентацыя якога яшчэ наперадзе. Юрась заклікаў людзей засвойваць прастору ля сцэны. “Каб вы так танчылі на ашмянскай дыскатэцы, дык мясцовыя пацаны хутка б вас ужо аформілі”, – па-добраму кпіў музыка з нясмеласці слухачоў. Але заахвоціліся да танцаў хутка. Асабліва, калі ўдзельнікі Pawa зацягнулі: “А хто любіць мёд, а я люблю віно”. Пад гэты спеў пайшлі танчыць кракавяк, а потым і тарантэлу. Да гэтага даўняга танца Панкевіч заахвоціў расповедам пра тое, што калі цябе ўкусіў павук-тарантул, трэба абавязкова станчыць тарантэлу, каб атрута не падзейнічала. “Мы якраз павука ў залю запусцілі!” – усё жартаваў Юрась. Пры канцы сэту ён прапанаваў пагуляць у даўнюю гульню “цяцерка” пад аднайменную вельмі драйвавую кампазіцыю. Правілы яе вельмі простыя: хлопец мусіць дагнаць дзеўку і пацалаваць.
Больш асэнсаваныя танцы працягнуліся падчас выступу “Яварыны”. Акром музыкаў, у склад калектыву ўваходзяць яшчэ і танцоры, так што яны называюць сябе не проста гуртом, а “тэатрам старадаўняй культуры”. Выконваюць яны творы часоў Сярэднявечча і Рэнесансу. Падчас выканання танца “Турдыён”, які мае ў сваім рэпертуары, пэўна, кожны гурт сярэднявечнай музыкі, танцоры з “Яварыны” правялі імгненны майстар-клас, і ўвесь астатні час, пакуль музыкі былі на сцэне, добрая палова публікі вадзіла па зале карагоды.
Працягнуў вечарыну гурт “Палац”. Алег Хаменка звярнуў увагу на позні час, падзякаваў усім, хто дачакаўся ды выказаў засцярогу – ці не праломіцца сцэна клуба TNT. Гурт выйшаў у поўным складзе – усямёх, а гэта досыць рэдкая з’ява. Праграму музыкі падрыхтавалі проста выдатную, зрабіўшы экскурс практычна па ўсіх сваіх альбомах. Пачалі з “У лузе”, твора, што гучыць у стужцы “Анастасія Слуцкая”. Гучаў “Палац” проста выдатна, з шалёным рок-н-рольным драйвам – гітарыст Сяржук Трухановіч у гэты вечар быў яўна ў гуморы. Слухачы з асалодай падпявалі “Русалак”, “Каліначку” і, канечне, фірмовае “Кола грукатала”. Прадстаўляючы кампазіцыю “Хай месяц лунае” Хаменка распавёў, што аднойчы яго папрасілі перакласці назву на рускую мову, каб стала зразумела, што гэта значыць. “Пусть месяц реет”, – паспрабаваў падабраць словы музыка, але яснасці такой трактоўкай не ўнёс. “Як пайду я ў новую канюшню” спявалі хорам, лідар “Палацу” папярэдзіў, што гэта песня будзе апошняй і бісаў не плануецца, бо здымалася тэлеверсія і былі абмежаванні па часе. Аднак музыкам яўна самім не хацелася сыходзіць са сцэны, настолькі ўдалы атрымаўся ў іх выступ. Таму на сканчэнне ўсё ж зайгралі яшчэ на агульную радасць “Дзеўку-сямілетку”.
“Фолькавы Бульбокс” сапраўды атрымаўся надзвычайным. Той, хто не трапіў і шкадуе, ці той, хто трапіў, але хоча ўзгадаць гэты выдатны канцэрт, мае магчымасць пабачыць тую самую тэлеверсію на “Восьмым канале”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч