11сакавіка 2013 года ў варшаўскім “Тэатры Польскім” Фонд ім. Збігнева Герберта абвясціў першага лаўрэата Міжнароднай літаратурнай прэміі ім. Збігнева Герберта. Ім стаў Уільям Стэнлі Мэрвін – адзін з найважнейшых амерыканскіх паэтаў другой паловы ХХ ст.
У. С. Мэрвін з’яўляецца адным з найвялікшых паэтаў ХХ ст. Яго можна назваць Таро сучаснасці, гэта творца з вельмі выразным духоўным профілем, інтэлектуальнай і маральнай паслядоўнасцю, якая ахоплівае як творчасць, так і жыццё. Звыш шасці дзесяцігоддзяў ён ставіць перад намі касандрычныя прадказанні, што датычаць будучыні нашай планеты. Ён падаецца вельмі сучасным увасабленнем прарока, антычнага вешчуна ці шамана, яго паэзія напоўнена вобразамі духоўных пошукаў, пілігрымак, якія надаюць ёй характар свецкай малітвы. Ён таксама з’яўляецца найбольш міжнародным сярод амерыканскіх паэтаў. Вялікі ўплыў на яго аказала правансальская культура і традыцыя трубадураў, хоць вытокі яго творчасці – падобна як творчасці Збігнева Герберта – адначсасова класічныя і сучасныя, – падкрэслівае амерыканскі паэт Эдвард Гірш, Старшыня журы прэміі.
Мэтай Міжнароднай літаратурнай прэміі ім. Збігнева Герберта з’яўляецца ўзнагароджванне дзеячоў сусветнай літаратурнай за выдатныя мастацкія і інтэлектуальныя дасягненні, звязаныя са светам каштоўнасцяў, да якога імкнулася творчасць Герберта. Адначасова прэмія мае на мэце падкрэсліць уклад польскай літаратуры, асабліва паэзіі ХХ ст., у развіццё сусветнай літаратуры. Яна будзе ўручацца штогод у галіне паэзіі, жывому аўтару, за сукупнасць творчых дасягненняў.
Элементам, які адрознівае Прэмію ад іншых польскіх літаратурных прэмій з’яўляецца яе міжнародны ўзровень. Гэта гарантуе журы, у склад якога ўвайшлі паэты, эсэісты, перакладчыкі і выдаўцы: Лідзія Дзімкоўска (Македонія/Славенія), Эдвард Гірш (ЗША), Вольфганг Матц (Германія), Яраслаў Мікалаеўскі (Польшча), Агнета Плейел (Швецыя), Хаўмэ Валькорба Плана (Іспанія) і Томас Вэнцлова (Літва/ЗША).