Беларусы працягваюць заяўляць аб сабе на міжнародных фотаконкурсах. На адным з найбольш вядомых з іх адзначылася беларуская фотажурналістка Марына Бегункова. Яе здымак абраду з Любаншчыны ўвайшоў у 10 лепшых фота ў намінацыі «Мастацтва і культура».
Карэспандэнтка газеты «Звязда» Марына Бегункова ў чэрвені мінулага года рабіла рэпартаж аб абрадзе Русалу ў вёсцы Загалле Любанскага раёну. Адзін са здымкаў з Загалля журналістка даслала на буйнейшы ў свеце фотаконкурс Sony World Photography Awards (SWPA).
Здымак быў заўважаны з больш чым 52 тысячаў іншых працаў і трапіў у 10 лепшых у катэгорыі «Мастацтва і культура» .
Дзякуючы Марыне фота беларускіх дзяўчын з Любаншчыны трапіць у выніковы альбом з лепшымі здымкамі SWPA, а з 27 красавіка па 20 траўня яно будзе выстаўленае ў Лондане.
Русалу — паганскае свята, якое адбываецца ў канцы Русальнага тыдня. Паводле легенды, водныя гаспадыні выходзілі з вады і апальвалі жыта, такім чынам дапамагаючы яму ўрадзіць. Пры гэтым яны маглі і загубіць маладых мужчын. Таму жанчыны стараліся задобрыць сваіх суперніц. Пасля абраду русалкі звычайна супакойваліся да наступнага года. Праводзіць Русалу доўгі час забаранялася, але зараз гэты абрад адрадзілі на Любаншчыне.
Sony World Photography Awards — найбуйнейшы ў свеце конкурс фатаграфіі. Ён прадугледжвае асобны конкурс для прафесіяналаў, у якім удзельнічаюць працы вядучых сусветных фатографаў і «сур’ёзных аматараў», а таксама адкрыты конкурс для ўсіх, хто захапляецца фатаграфіяй.
Андрэй Смятаннікаў, generation.by