Гарадзенскі гурт “Людзі на балоце” даў паспяховы аншлагавы канцэрт у клубе “Графіці”.
Гарадзенцы прыехалі не адны, а з разагрэвам. У першай частцы канцэрта граў гурт “Ухо Ван Гога”. Гэта сольны праект аднаго з удзельнікаў “Людзей” – Васі “Хіпара” Валошчыка, што быў закладзены яшчэ пры канцы 90-х у фармаце трыа. Праўда, да Мінску дабраліся толькі два ўдзельнікі. Вася выйшаў да гледачоў з флейтай, каб “згарманізаваць абстановачку”, а потым ужо ўзяўся за гітару, каб паспяваць песні пра сябе, пра вясну і пра вясну ў сабе.
“Мы працягнем наўздагон лірычную тэматыку”, – заявіў на пачатку другой часткі лідар “Людзей на балоце” Алесь Дзянісаў. Ён прапанаваў прысутным паглядзець на свой праект з іншага боку, хоць усе патрабавалі ад пачатку “Пад чорным сцягам”. Музыкі найперш паказалі песні, якія павінны ўвайсці ў наступны альбом. Гэта пераважна інтымная лірыка аўтарства заходнебеларускіх паэтак. “Чаму менавіта паэтак? Бо жанчыны больш пачуццёва пішуць”, – кажа Дзянісаў. Публіка прымала новы матэрыял з захапленнем, нават знаходзіліся тыя, хто ведаў тэксты. Гучалі “Хлопчык і бусел”, “Маё балота”, “У вертыкалях”. “Прыемна граць у такіх клубах, як “Графіці”, бо знаходзішся блізка да людзей”, – прызнаўся Алесь. Гарачая падтрымка асабліва адчулася, калі пачаўся блок хітоў з дэбютнага альбому каманды. “Пойдзем хлопцы на вайну” яму проста не далі спяваць, бо заля зацягнула яе хорам. Тое самае паўтаралася на кожным нумары. Асабліва феерычна была выканана кампазіцыя “Людзі на балоце”, падчас якой усталі ўсе. Адыграўшы ўсе песні з праграмы, Дзянісаў сказаў, што ў шоў-біз граць не збіраецца, адпаведна ніякіх бісаў не будзе. Але музыкі з ахвотаю пайграюць яшчэ, хоць і спазняюцца на цягнік. У развітальнай частцы гучаў беларускі пераклад БГ “Калі пройдзе боль”, старыя хіты “Кальяну” – “Радыёактыўны снег” ды “Крандштат”, польская дэсідэнцкая “Чорны хлеб і гарбата”, а таксама сёе-тое з рэпертуару гурта “Дзецюкі”, які слухачы, як высветлілася, таксама ведаюць дасканала
“Не, “Мужыцкую праўду” мы ў акустыцы не сыграем”, – адказваў на просьбы Дзянісаў, але ўсё ж узяўся выканаць парачку аптымістычных панкавых рэчаў разам з Пашам Траблам – “Гастарбайтэр” і “Па гарах” завершылі гэты неверагодны вечар.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч