Глядзець сёння на Януша Корчака толькі як на пісьменніка немагчыма. Адразу прыгадваецца і яго педагагічная дзейнасць, і перадусім абставіны яго смерці ў Трэблінцы ў 1942 годзе. Гэта ставіць на ўспрыняцце яго кніг пэўны фільтр: пра што б ні пісаў Януш Корчак, ва ўсім адчуваецца ледзь улоўны трагізм, за кожнай смерцю ў яго творы прачытваецца яго ўласная гібель. І нават права дзіцяці на смерць, пра якое пісаў Корчак, пачынае гучаць у гэтым кантэксце зусім новымі сэнсамі.
Аднойчы я трапіла на мерапрыемства, мэтай якога было папулярызаваць кнігі Януша Корчака і якое здалося мне акурат спробай выйсці з гэтага заганнага кола і зняць з творчасці габрэйска-польскага пісьменніка той самы вэлюм трагічнасці. Арганізатары мерапрыемства, што праходзіла ў Габрэйскім гістарычным інстытуце ў Варшаве, прапанавалі наведнікам некалькі гульняў. У адной з іх тэкст разбіваўся на паасобныя фразы, якія пароўну дзяліліся паміж удзельнікамі, і тыя па чарзе выкладвалі з іх новы тэкст. У другой прапаноўвалася з разабранага такім самым чынам фрагмента скласці вольны верш, верлібр. У трэцяй арганізатары павыкідалі з асобных урыўкаў тыя ці іншыя словы, і ўдзельнікі маглі самастойна запоўніць лакуны. Наведнікі раздзяліліся на невялікія групкі чалавек па 5-6 і весела смяяліся, калі ў іх атрымліваўся новы звязны тэкст ці дасціпны верш. Няважна, які фрагмент ім трапляўся — урывак з педагагічнай працы Корчака, штосьці з яго дзіцячых твораў ці апошні запіс у дзённіку. Тэкст набываў сваё першапачатковае значэнне: ён зноў складаўся са словаў і думак, за ім стаялі ўласна гэтыя словы і думкі — і нічога больш. І з гэтым тэкстам можна было рабіць усё што заўгодна. Нават весела з яго пасмяяцца. Бо сутнасць жа не ў смеху, а ў тым, што тэксты дагэтуль жывуць і дагэтуль даюць нямала прасторы для развагаў.
Рыхтуючыся пісаць пра кнігу Януша Корчака “Кайтусь-чарадзей” (Логвінаў), якая выйшла ў мінулым годзе ў перакладзе Марыны Шоды, я ўспомніла пра гэты эксперымент. Мне здаецца, на сённяшні дзень гэта адзіны спосаб прачытваць творы Корчака-пісьменніка. Успрымаць іх проста як гісторыі і не бачыць у яго персанажах кагосьці з тых, каго ён адмовіўся ў апошнія гадзіны жыцця пакінуць. Не ведаю, ці атрымалася гэта ў мяне, але спадзяюся, атрымаецца ў многіх іншых чытачоў гэтай кнігі.
Мне вельмі цяжка ўявіць, як кнігу “Кайтусь-чарадзей” успрымуць тыя, для каго яна, уласна, і пісалася, то бок дзеці. Нягледзячы на тое, што ў беларускім інтэрнэце творы Корчака неаднаразова параўноўваліся з “Гары Потэрам”, такое параўнанне здаецца больш чым нацягнутым. “Кайтусь-чарадзей” — кніга надзвычай сур’ёзная: адчуваецца, што аўтар ставіцца да дзіцяці не як да неразумнай істоты, якую трэба завабіць прыгодамі (хаця прыгодаў там больш чым дастаткова), а як да роўнай сабе асобы, з якой можна весці няспешную гутарку пра гэты свет і пра законы, паводле якіх ён існуе. У кнізе хапае вясёлых сцэнаў, але з кожнай наступнай часткай чытач усміхаецца ўсё менш: радасць у кнізе саступае месца трывожным перажыванням. Асобныя эпізоды ў канцы твора аўтар нават выразаў, патлумачыўшы гэта тым, што, пішучы кнігу, ён раіўся з дзецьмі, і адзін хлопчык сказаў, што ў гэтым месцы яна робіцца сапраўды страшнай. Невядома, што там мусіла быць на месцы цяперашніх шматкроп’яў, але мушу прызнацца, што меркаванне таго хлопчыка я падзяляю. Нават у такім скарочаным выглядзе эпізоды з Кайтусём у крэпасці ўладара ўсіх чарадзеяў здаюцца мне вельмі страшнымі — безумоўна, не ў тым сэнсе страшнымі, як, напрыклад, асобныя моманты з “Сайлент-Хіла” ці “Маўчання ягнят”, проста ад іх вее такім экзістэнцыйным холадам, што па скуры проста не могуць не прабегчы мурашкі. Магчыма, спрацоўвае той самы фільтр.
Кніга “Кайтусь-чарадзей” — вельмі педагагічная, нават дыдактычная — у той ступені, у якой кнігу, напісаную ў ХХ стагоддзі, можна назваць дыдактычнай. Прычым працуе яна ў абодва бакі — не толькі на дзяцей, але і на бацькоў: “Дарослым здаецца, што яны маюць права чапляцца, уголас рабіць заўвагі і задаваць абы-якія пытанні, бо перад імі малы хлопец”. У гэтым плане “Кайтусь-чарадзей” чымсьці нагадвае “Маленькага прынца” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Тут ёсць месца самым розным пытанням — пра смерць і віну, пра пакуты і пакаранне, прычым аўтар не спрабуе неяк упрыгожыць рэчаіснасць ці змякчыць тое непрыемнае, што яму даводзіцца пра яе пісаць. Самае важнае, што можна сказаць пра гэтую кнігу, — гэта тое, што яна напісаная з бясспрэчнай павагай да дзяцей, і ў гэтым, несумненна, выяўляюцца педагагічныя погляды Корчака: дзіця мае права быць тым, кім яно ёсць. Праўда, за гэта яму трэба несці сваю долю адказнасці.
“Кайтусь-чарадзей” — гэта рэалістычны, нягледзячы на ўсе неверагоднасці, якія ў ім апісваюцца, і сумны аповед, у якім нават happy end не здаецца такім ужо happy. Зрэшты, ёсць тут і выключэнне: першыя старонкі твора, дзе расказваецца пра жыццё Кайтуся да ператварэння ў чарадзея, пра яго смешныя і гарэзлівыя заклады, поўныя лёгкіх і цудоўна прапісаных дыялогаў і вясёлых замалёвак варшаўскага жыцця: “Дворнік кажа, што ён кінуў з акна на галаву гаспадара дома селядзец… Па-першае, зусім не селядзец, а толькі селядцовы хвост. Па-другое, не на галаву, а на капялюш. Па-трэцяе, не з акна, а праз парэнчы сходаў. Па-чацвертае, не Кайтусь, а іншы хлопец. І ў дадатак — не трапіў, няздара”. Можна толькі захапляцца лёгкасцю аўтарскага пяра, а таксама лёгкасцю перакладчыцкай мышкі і клавіятуры: не ведаю, як дзеці, але дарослыя дакладна ацэняць такія пасажы, як гэты: “Бабуля смяецца, хаця і даўно гэта было. Кайтусь смяецца, хаця і не бачыў гэтага”. Далей гісторыя робіцца сухаватай, і гэтая вясёлая лёгкасць у адпаведнасці з далейшым развіццём сюжэту знікае. Такімі ж сухаватымі здаваліся мне ў дзяцінстве “Прыгоды барона Мюнхаўзэна”.
Кайтусь ператвараецца ў чарадзея і атрымлівае неабмежаваную ўладу над людзьмі і наваколлем. І тут ужо перад намі не Маленькі прынц Экзюперы, які адказвае за ўсіх, каго прыручыў, а свавольнае, хаця і па-свойму добрае, дзіця. У кароткім пасляслоўі аўтар з пяшчотай і цеплынёй характарызуе свайго героя (і адрасата) наступным чынам: “Гэтую цяжкую кнігу я прысвячаю неўтаймоўным хлопцам, якім складана выправіцца”. Зрэшты, цеплыні ў гэтай кнізе ўвогуле шмат. Проста яна трохі адстароненая — як цеплыня чалавека, які шануе іншага незалежна ад яго ўзросту і не дазваляе сабе ў дачыненні да яго ніякай фамільярнай дакучлівасці.