Няма сумневаў, што зборнік вершаў Кацярыны Зыкавай “Объяснительная” не трапіў у сёлетні спіс намінантаў на прэмію “Дэбют” толькі праз рускую мову. Што не перашкаджае кнізе быць адным з найцікавейшых мінулагодніх дэбютаў — хаця слова “дэбют” ужытае тут даволі ўмоўна: ледзь не палова змешчаных у ёй вершаў друкавалася ў 2009 годзе ў зборніку пераможцаў ПЭНаўскага конкурсу “Святая праўда ды іншыя казкі”. Будзем лічыць, што нам пашанцавала больш, чым журы прэміі, і паглядзім, што насамрэч тлумачыць “Объяснительная”.
Калі казаць пра афармленне зборніка, то ён нагадвае хутчэй школьны блакноцік, чым кнігу вершаў, але аб’ём у трыццаць з нечым старонак тут зусім ні пры чым. Аб’ёму акурат дастаткова для таго, каб у чытача не склалася ўражання, нібыта аўтарка паўтараецца і эксплуатуе ўдалыя знаходкі. Эксперыменты з межамі слова (калі слова разбіваецца на групы літар, з якіх не адразу атрымліваецца зразумець, пра што гаворка, ці якія даюць магчымасць розначытання, як, напрыклад, у радку “и станет со-всем-просто” ў вершы “в Рождество”) і з рыфмай выглядаюць даволі аднастайнымі, каб скласці з вершаў такога кшталту важкі том, і таму ў плане аб’ёму кніга выглядае гарманічнай і сведчыць пра ўменне своечасова паставіць кропку. Ёсць у аўтаркі і некалькі ўлюбёных вобразаў, якія вандруюць з верша ў верш (напрыклад, вобраз каня: “мир будет бесконечно плох, если исчезнут грусти // и лошади”, “и кажется будто лошадь берет губами хлеб с твоей ладони” — альбо Сыктыўкара: “и если в сену кричать // слышно до сыктывкаров”, “поэтому периодически попадает в милицию // майами театр вытрезвитель и сыктывкар”). Больш за тое, кніга магла б нават быць трошачкі меншай: цыкл ці то вершаў прозаю, ці то міні-казак “Истории” выглядае ў зборніку лішнім, бо не адпавядае яго агульнай стылістыцы і ўвогуле падобны хутчэй да практыкаванняў у творчасці, чым уласна да творчасці.
У тым, што кніга нагадвае блакнот, вінаваты дызайн вокладкі і гэтая дзіўная ілюстрацыя з дзяўчынкай на кіце. Сама па сабе яна вельмі сімпатычная і вершам адпавядае, а таму цудоўна глядзелася б дзе-небудзь усярэдзіне. На вокладцы ж ёй не хапае нейкай “кніжнасці”, такой сабе кніжнай сур’ёзнасці, бо кніга — гэта, як ні круці, не школьны блакнот. Можа, рэч яшчэ ў фармаце ці ў шрыфце, якім набраная назва. Але пытанне гэтае зусім не да аўтаркі.
Мастацкі свет Кацярыны Зыкавай чымсьці нагадвае той, што створаны ў кнізе “Дрэва энталіпт” Анкі Упалы, нягледзячы на ўсе вонкавыя несупадзенні. Хаця ў паэзіі Зыкавай адчуваецца моцны жаночы пачатак і яе лірычную гераіню бясполай ніяк не назавеш, у адрозненне ад абсалютна гендэрна нейтральнага наратара ў прозе Анкі Упалы, абодвух пісьменніц яднае вобраз дыскрэтнай, перарывістай, нелінейнай рэальнасці, адлюстраванай у іх кнігах. Словы, разбітыя на кавалкі (“чтоб не сломать не по.мять // это она. твоя па.мять”), перастаўленыя (“дорогая редакция я проснулся чашке в”) альбо злепленыя ў адно (“огосподичтояздесьделаю”), пацвярджаюць гэтую думку: у вершах Кацярыны Зыкавай пустата паміж літарамі значыць не менш, чым самі літары. Сувязі паміж словамі тут таксама выпадковыя, і самы яркі таму доказ — апошні верш зборніка “о том что случается часто”, які ўяўляе сабой пералік месцаў і рэчаў, адвольна звязаных асацыяцыяй “там-дзе-можна-апынуцца”. Рыфма страчвае сваё сэнсавае значэнне і ператвараецца ў фармальны сродак звязкі паміж радкамі, у сродак наладжвання сувязі паміж абсалютна не звязанымі паміж сабой рэчамі, з’явамі, паняццямі. Так, напрыклад, у вершы “я вроде во сне…” “маленькие окапи” самі па сабе не маюць ніякага сэнсу і відавочна з’яўляюцца тут для таго, каб зрыфмавацца са словам “капи//ллярам”. Гульня з формай у вершах Зыкавай набывае самадастатковасць і часта страчвае сувязь з вершам у цэлым, гэта такая сабе фармальная гульня дзеля гульні ў свеце, дзе акапі існуюць толькі для таго, каб трапіць у рыфму, і дзе любое слова можна разабраць на часткі і паглядзець, ці не выйдзе з гэтага нешта цікавае.
Часам, праўда, гульні падаюцца такімі штучнымі, што штучнасць гэтую ўжо немагчыма апраўдаць нават абраным творчым метадам, як, напрыклад, у вершы, які пачынаецца такімі радкамі: “доброе утро всем слушателям нашей мёртвой радиостанции // наш микрофон сгорел, диджей сбежал, а сторож занялся танцами”. Зразумела, што танцы тут прынцыповага значэння не маюць і з’яўляюцца, каб зрыфмавацца з радыёстанцыяй, і на фоне згарэлага мікрафона і збеглага дыджэя такая развязка выглядае гэтак жа нязграбна, як калі б аўтарка адправіла свайго “сторожа”… ну, напрыклад “уехать в гости к Констанции”, альбо “сесть в тюрьму за неоплаченную квитанцию”.
Самае моцнае месца ў многіх вершах Кацярыны Зыкавай — гэта іх канцоўкі, лёгкія і афарыстычныя, як ключ у класічным санеце. Яны ставяць усё на свае месцы, і верш запамінаецца менавіта дзякуючы гэтаму фінальнаму акорду: “спасибо за всё, последний слушатель, мы ставим тебе тишину”. Так адбываецца не ва ўсіх вершах, часам канцоўка ў дзясятку не трапляе, як, напрыклад, у вершы “когда они к нам пришли…”: “тот в чьих руках лисы-охры // — не может другим сделать плохо”. Сэнсава такая канцоўка не пераканаўчая, бо са сказаным у вершы раней яна звязаная хіба што непразрыстай асацыяцыяй, фармальна мы не верым у яе, бо бачым, што слова “охры” тут штучнае і працуе выключна на сугучча з “плохо”. Аднак калі канцоўка выстрэльвае, мы можам забыць нават, што нейкія ранейшыя радкі здаваліся дзіўнаватымі ці выклікалі пытанні: нешта накшталт “настоящий крик звучит в тишине // а не во время пожара” адразу ж завалодвае ўяўленнем чытача, і ўжо няма ніякай патрэбы разбірацца, пры чым тут увогуле пчолка. Хаця калі хочацца, ніхто не перашкаджае.
З вясёлых спробаў сабраць з каляровых кубікаў акапі і Сыктыўкара свой мастацкі свет, у якім усё, і нават “грусти”, выглядае так бесклапотна і па-святочнаму, вымалёўваецца вобраз наіўнай лірычнай гераіні, якая забывае для коцікаў сасіскі і для якой нічога кепскага і змрочнага проста не існуе. Бо каб спыніць вайну, жанчынам трэба ўсяго толькі своечасова запісацца ў басейн. Рамантычны вобраз “единственной-в-мире-русалки” мог бы падацца саладжавым, калі б не ўраўнаважваўся згаданымі вышэй фармальнымі гульнямі: пры ўсёй сваёй амаль дзіцячай непасрэднасці яны задаюць зусім новы ўзровень мастацкай рэфлексіі. І ўсё ж гэта не перашкаджае паэзіі Зыкавай быць да мозгу касцей жаночай і нават трохі какетлівай, што ў дадзеным выпадку можа расцэньвацца выключна як станоўчая характарыстыка.
Ганна Янкута