Самае знакамітае ў беларускай літаратуры пераасэнсаванне евангельскага сюжэта належыць Уладзіміру Караткевічу, які напісаў раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, вывеўшы ў ім досыць нечаканы і досыць нетрадыцыйны вобраз Хрыста — Юрася Братчыка. Мінулае стагоддзе дало свету шматлікія версіі біблейскіх падзеяў: паводле Іуды, паводле Ісуса, паводле Пілата, хаця самыя папулярныя матывы новых гісторыяў Хрыста — напрыклад, вернасць Іуды Іскарыёта, якая выяўленая і ў рамане Караткевіча, — вядомыя яшчэ са старажытных апокрыфаў. Лічыцца, што менавіта за кнігу “Евангелле паводле Ісуса” партугальскі пісьменнік Жузэ Сарамагу атрымаў у 1998 годзе Нобелеўскую прэмію. У “Евангеллі паводле Пілата” Эрыка-Эманюэля Шміта распрацоўваецца вядомая з апокрыфаў гісторыя пра навяртанне Понція Пілата і яго жонкі Клаўдыі Пракулы ў хрысціянства, а яго пераклад на беларускую мову, зроблены ў мінулым годзе Андрэем Хадановічам, папоўніў серыю “Littera scripta” выдаўца Змітра Коласа.
Раман складаецца з дзвюх частак: досыць важкага — амаль на траціну кнігі — пралогу, “споведзі асуджанага на смерць у вечар яго арышту”, і ўласна Евангелля паводле Пілата, якое ўяўляе сабой лісты пракуратара Іудзеі да яго брата Ціта. Як мастацкі сродак гэтыя лісты — не больш як бутафорыя: яны патрэбныя аўтару для таго, каб мець магчымасць весці аповед ад імені самога Пілата, раскрываць перад чытачом усе перажыванні героя, выкарыстоўваючы часам досыць нечаканы для эпісталярнага рамана прыём: ліст можа абарвацца на самым драматычным моманце, і толькі наступнае пасланне дазваляе брату Пілата даведацца пра працяг падзеяў. Праўда, калі Пілат сыходзіць на пошукі Ешуа, лісты ў адпаведнасці з логікай тэксту робяцца карацейшымі (пракуратару даводзіцца пісаць на выпадковых абрыўках пергаменту) — але гэта не перашкаджае нам бачыць штучнасць абранага аўтарам падыходу, абсалютную ўмоўнасць і лістоў, і саміх развагаў Понція Пілата. Умоўнасць створанай Шмітам рэальнасці падкрэсліваецца гістарычнымі недакладнасцямі (напрыклад, у размове з Пілатам Ірад згадвае памідоры, пра існаванне якіх на той час у ізраільскіх землях ніхто яшчэ ведаць не мог). Але не толькі гістарычнымі.
На прэзентацыі кнігі Андрэй Хадановіч сказаў, што ў рамане “Евангелле паводле Пілата” аўтар пад адной вокладкай спрабуе рэканструяваць псіхалогію двух чалавек, што належалі абсалютна розным культурам, — габрэя і рымляніна, — нагадваючы, што яны існавалі ў адным свеце і адным часе. Я б гэтае выказванне прадоўжыла, дадаўшы, што рэканструкцыя гэтая такая ж бутафорская, як і лісты Понція Пілата, бо ўсе героі рамана размаўляюць і пішуць так, як рабілі б гэта нашыя сучаснікі. Яны выкарыстоўваць сучасныя выразы і словы (так, напрыклад, у сваёй споведзі Ешуа гаворыць: “я не дабіўся ніякага поспеху ў Ерусаліме”), і мы цудоўна можам зразумець іх пакуты і сумневы, матывацыі іх учынкаў і ход думак, бо перад намі — сучасныя людзі ў касцюмах даўняй эпохі. І гэта лёгка можна патлумачыць: Эрык-Эманюэль Шміт — не толькі раманіст, але і драматург. Ён бярэ сваіх герояў і выводзіць іх на сцэну, апранае ў незвычайныя касцюмы, атачае прыгожымі дэкарацыямі — і вось перад намі не толькі цікавая гісторыя, але і гісторыя ў прыгожай абгортцы. Зусім іншых рымлянаў бачым мы, напрыклад, на старонках кнігі суайчынніка і сучасніка Эрыка-Эманюэля Шміта Паскаля Кіньяра “Нататкі на таблічках Апранэніі Авіцыі” ці ў яго ж эсэ “Сэкс і страх”, дзе аўтар рэканструюе абсалютна незразумелую для нас антычную псіхалогію і паказвае, наколькі інакш жылі, адчувалі і думалі тагачасныя людзі. Аднак перад Шмітам стаіць зусім іншая мэта. Ён не паглыбляецца ў гістарычны ці псіхалагічны аналіз і паказвае нам спрошчаную мадэль эпохі, спрабуючы напісаць проста добры папулярны твор, не абцяжарваючы яго заблытанымі літаратурнымі прыёмамі і ведучы чытача па знаёмым яму сюжэце, па пазнавальных біблейскіх эпізодах і цытатах.
Гісторыя Понція Пілата ў кнізе — гэта амаль дэтэктыўная гісторыя пошуку цела Хрыста і жадання разблытаць клубок загадак, якімі ахутанае яго знікненне. Высочванне злачынцаў, што мараць усталяваць на падуладных Рыму землях новы культ і такім чынам вызваліцца ад улады Вечнага горада, незаўважна для героя і чытача ператвараецца ў духоўны пошук ісціны ўжо іншага, зусім не крымінальнага кшталту — і вось разгублены Пілат ідзе ў натоўпе паломнікаў, каб знайсці ці то жонку, ці то новую веру. Тэма веры і рэлігіі — адна з ключавых у творчасці Эрыка-Эманюэля Шміта, і ў рамане “Евангелле паводле Пілата” пісьменнік апроч іншага прапануе нам яшчэ і сваё разуменне таго, кім былі першыя хрысціяне, ён спрабуе прасачыць першыя крокі будучай сусветнай рэлігіі і даць тлумачэнне — на гістарычнасць яно, безумоўна, не прэтэндуе, але ад гэтага менш прыгожым не робіцца — яе наступнай папулярнасці.
Незвычайнае спалучэнне дэтэктыву і біблейскай гісторыі ў “Евангеллі паводле Пілата” прыцягвае ўвагу патэнцыйнага чытача, а лёгкі стыль, ненавязлівая аўтарская філасофія і, варта дадаць у нашым выпадку, добры пераклад робяць кнігу прыемным чытвом. Гэта не “Евангелле да Ісуса” неверагоднага стыліста Сарамагу, кніга, якая можа перавярнуць уяўленне пра сучасную літаратуру і настроіць супраць сябе ўвесь Ватыкан, але і не масавая літаратура, не кітч, не сумнеўны дэтэктыўчык яшчэ больш сумнеўнага аўтара. “Евангелле паводле Пілата” смела можна падсоўваць бацькам і сябрам, калі толькі вы ўпэўненыя, што іх не напалохаюць гарэзлівыя і цынічныя сцэны з філосафам Кратэрыясам і не абразіць трактоўка падзеяў, пададзеных з усёй павагай да хрысціянства, аднак даволі арыгінальным чынам.
Ганна Янкута