Некалькі месяцаў таму па просьбе аднаго з замежных калекцыянераў мне ўдалося набыць ліст з ліставання Якуба Коласа з Аляксандрам Вазнясенскім.
У ліставанні беларускі навуковец і ўжо вядомы на той час пісьменнік просіць спадара Вазнясенскага даслаць свае працы.
Аказалася, што лёс навукоўца Вазнясенскага таксама вельмі складаны. Па даце ліста можна вызначыць, што сам Вазнясенскі толькі вызваліўся са сталінскай вязніцы і ў гэты час жыў у Казані.
Згодна з праведзеным невялічкім даследваннем, маскоўскі прафесар праседзеў за кратамі больш за пяць год і быў вызвалены за некалькі месяцаў да атрымання гэтага ліста.
Пасля адсідкі савецкі закон забароняў вяртацца ў Маскву, і Аляксандр Вазнясенскі застаўся ў сталіцы сённяшняга Татарстана – Казані.
Вядомым фактам з’яўляецца тое, што спадар Вазнясенскі з’яўляўся адным з самых знакамітых прафесараў таго часу і на яго лекцыі наведвалі шматлікія студэнты Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Вось што піша пра Вазнясенскага ў адной са сваіх кніг Сяргей Чыгрын :
«Нарадзіўся Аляксандр Вазнясенскі (Узнясенскі, Узнесянскі) уСімбірскай губерні ў Расіі. Пасля заканчэння ў 1913 годзе славяна-рускага аддзялення гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскагаўніверсітэта атрымаў там магчымасць навуковай падрыхтоўкі дапрафесарскага звання. Але Першая сусветная вайна прымусілапамяняць месца жыхарства, а таксама ўсе свае жыццёвыя планы.Спачатку ён працуе асістэнтам, прыват-дацэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Растоўскага ўніверсітэта, а калі ў 1921 годзебыў адкрыты Беларускі ўдзяржаўны ўніверсітэт, АляксандрВазнясенскі прыехаў у Менск. Сюды яго запрасіў першы рэктар БДУУладзімір Пічэта. У Менску Аляксандру Вазнясенскаму працавалася добра. Спачатку ён быў дацэнтам, а з 1927 года стаў прафесарам. Хутка вывучыў беларускую мову, шмат чытаў твораў беларускіх аўтараў, з многімі літаратарамі быў знаёмы асабіста, часта сустракаўся, сябраваў. Вясной 1926 года, калі пачаў вывучаць творчасць Янкі Купалы, быў запрошаны песняром на кватэру на Кастрычніцкую вуліцу. “Я быў у яго каля дзвюх гадзін, — згадвае Вазнясенскі ў зборніку “Янка Купала” (Мн., 1952. С.85). — Увесь час быў запоўнены ажыўленай размовай на літаратурныя тэмы. Гутарка пачалася з Лермантава, выданне якога (1814-1915 года, пад рэдакцыяй В.В.Калаша) ляжала на стале разам з другімі кнігамі ў некаторым, як кажуць, “лірычным” непарадку. Іван Дамінікавіч адразу пачаў гутарку аб рускім паэце. Ён выказаў захапленне ім, звярнуўшы ўвагу на станоўчыя здабыткі яго творчасці… Купала адзначыў пратэстны пачатак у паэзіі Лермантава і, гаворачы аб гэтым, закрануў у той жа сувязі Пушкіна і Някрасава. Затым размова перайшла да класікаў сусветнай літаратуры. Былі згаданыя імёны Шэкспіра, Шылера, Гётэ, Байрана, Беранжэ, Міцкевіча і шмат іншых. Я выйшаў ад беларускага паэта і быў здзіўлены яго надзвычай шырокім літаратурным кругазорам, яго глыбокім веданнем літаратуры, яго ўменнем разумець сутнасць і значэнне кожнага мастака. Маёнаведванне засталося незабыўным”.
У 1920-х гадах Аляксандр Вазнясенскі шмат друкуецца. У часопісах “Полымя”, “Узвышша”, “Крывіч”, “Маладняк”, у “Працах БДУ” ён аналізуе творчасць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, даючы параўнальна-тыпалагічную характарыстыку іх творчасці ў кантэксце еўрапейскіх літаратур. У часопісе “Полымя” за 1929 год літаратуразнавец публікуе сваё вялікае даследаванне “Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа”. У ім крытык прааналізаваў стыль аўтара, вывучыў яго мастацкую мову, умела параўнаў прозу Коласа з прозай Тургенева, Гогаля, Дастаеўскага. “У галіне стылю эмацыянальнага, псіхалагічнага, — піша Аляксандр Вазнясенскі, — наш пісьменнік больш блізкі да традыцый рамантычнай творчасці. Яго мастацкая мова ў гэтым выпадку пераважна рамантычная” (“Полымя”, 1929. No 3. С. 137)».
Гэты ліст мог бы быць часткай літаратурнай спадчыны пісьменннікаў, аднак сённяшнія збіральнікі лепш адправяць яго за мяжу і заробяць грошы, чым пакінуць яго ў прыватнай калекцыі, ці здадуць яго ў музей.
Аднак вядома, што гэты ліст пяройдзе ў нямецкі часопіс, які піша пра беларускую філатэлію, а пра яго даведаецца ўвесь свет пад час бліжэйшых сусветных выставаў.
Дзякуй нямецкім збіральнікам і за гэта.
Андрэй Мялешка