Сэбасьцьян Хафнэр. Гісторыя аднаго немца. Успаміны 1914–1933 / Пераклад зь нямецкай Я. Балясіна. – Менск, 2006. – 276 с.
Дзякуючы гэтай кнізе жыва ўспомніў размову, якая адбылася дзесьці дваццаць гадоў таму ў рэдакцыі часопіса «Бярозка», дзе, я як цяпер разумею, я замінаў людзям працаваць. Адзін з тагачасных супрацоўнікаў піянерскага часопіса Уладзімір Сіўчыкаў вярнуўся з камандзіроўкі ў самы прэстыжны беларускі піянерлагер «Зубраня» і з жахам апавядаў пра тамтэйшыя парадкі. Як цяпер памятаю, яго шакавала традыцыя хорам вітацца з любым выпадковым мінаком. Так ужо склалася, што за пару гадоў да гэтай размовы я пабываў у тым «Зубраняці» і асабліва адмоўных эмоцыяў той лагерны орднунг не выклікаў. А яны былі што трэба – хадзілі ўвесь час ва ўніформе, строем, віталіся хорам – там шмат было рытуалаў, і ўсіх ужо цяпер не прыгадаю.
Не скажу, што мне падабалася хадзіць строем у школьнай форме і крычаць кожнаму мінаку глупства кшталту «Всем-всем – добрый день». Проста не прыходзіла ў галаву разважаць на тэму, добра гэта ці дрэнна. Мы выконвалі тыя ідыёцкія рытуалы, прыдуманыя ашалелымі ад рамантыкі 20-х гадоў камсамольскімі важакамі, як інвентар, які можна выкарыстаць для гульні. Як дубчык, страляную гільзу ці шкляны шарык. І назіраючы за развіццём сваёй дачкі, магу сказаць, што на свеце не так шмат рэчаў, якія дзеці не здолеюць прыстасаваць для сваіх забаваў.
Ва ўспамінах Себасцьяна Хафнэра «Гісторыя аднаго немца» разглядаецца праз прызму гульняў, нудных штодзённых заняткаў і зменлівай моды гісторыя фармавання пакалення, якое адыграла адну з самых актыўных роляў ва ўзыходзе чорнай зоркі нацысцкай Нямеччыны.
Гэтыя мемуары – адзін з тых нешматлікіх прыкладаў у гісторыі літаратуры, калі тэкст набірае значнасці з цягам часу. Напісаныя ў 1939-м, яны былі апублікаваныя ў 2001 годзе толькі пасля смерці аўтара.
Тое, што яны больш чым праз паўстагоддзя пасля напісання сталі бэстсэлерам у Нямеччыне, у першую чаргу звязана з тым, што феномен нямецкага нацызму, вакол якога будуецца апавяданне, разглядаецца сучаснікам, чые рахункі з фашызмам у найменшай ступені звязаныя з асабістымі крыўдамі. Хафнэр не быў прадстаўніком тых сацыяльных і этнічных групаў, якіх пераследавалі ў нацысцкай Нямеччыне, і яго супрацьстаянне фашызму мела больш глыбокія прычыны, чым страх за ўласнае жыццё. Апошняя кропка ў рукапісе пастаўленая ў той момант, калі было зусім невядома, у які бок павернецца гісторыя Еўропы, і голас аўтара хаця і гучыць з перакананасцю ў сваёй рацыі, але не мае самазадаволенага тону ўпэўненага пераможца і мудрага прарока.
Аўтар трактаваў кнігу як «палітычную біяграфію», але ў першую чаргу гэта ўспаміны маладога чалавека пра паўсядзённае жыццё Нямеччыны ў першай траціне дваццатага стагоддзя. Яны ахопліваюць перыяд ад пачатку Першай сусветнай вайны да 1933 году. Такі вялікі ахоп у першую чаргу звязаны з тым, што Себасцьян Хафнэр перакананы ў тым, што прыход нацыстаў да ўлады з’яўляецца не нейкай трагічнай памылкай гістарычнага лёсу, а ўсяго толькі наступствам і працягам Першай сусветнай вайны.
Мемуарыст уважлівы да дэталяў і старанна фіксуе на паперы прыкметы часу, якія на яго думку важныя для раскрыцця галоўнай тэмы яго аповеду. З той прычыны, што адлегласць паміж падзеямі і момантам іх апісання была нязначнай, кніга набрынялая падрабязнасцямі, выразнымі дэталямі, і карціна, якая выходзіць з-пад пяра аўтара, вылучаецца надзвычайнай дэталізаванасцю.
Апошняя кропка ў гэтай недапісанай кнізе пастаўленая яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны, таму нягледзячы на перакананасць у сваёй рацыі мемуарыст не ўпэўнены ў тым, што чытачы ўважліва паставяцца да яго словаў. Адсутнасць матывацыі і стала асноўнай прычынай таго, што задума не была даведзеная да канца, а рукапіс асеў у асабістым архіве аўтара.
Беларускаму чытачу гэтая кніга будзе цікавая не толькі таму, што паралелі паміж грамадскім ладам і палітычнымі прыёмамі, якія практыкаваліся ў Нямеччыне і Савецкім Саюзе (а потым і ў Беларусі) знайсці будзе няцяжка. І многія сюжэты, якія моцна паўплывалі на ход падзеяў у міжваеннай Германіі, добра вядомыя майму пакаленню, якое перажыло (з большым ці меншым поспехам) шумныя васьмідзесятыя, перабудову і калапс савецкай эканомікі, што суправаджаўся шалёнай інфляцыяй, ростам беспрацоўя і ўзыходам на п’едэсталы новай эліты, чые якасці ў найлепшым выпадку можна назваць сумнеўнымі. І нас, як і маладых немцаў дваццатых гадоў, што перажывалі падобныя эпізоды эканамічнай гісторыі, мала непакоілі брутальныя эканамічныя драмы. Нас захапляў шалёны карнавал, вынікам якога і выхадам з якога стала драма, якую перажывае Беларусь на працягу апошніх пятнаццаці гадоў.
Рыхтуючы гэтую рэцэнзію, пачаў шукаць, ці пісалі што пра гэтую кнігу мае калегі, але атрымалася адшукаць толькі адзін разгорнуты водгук на старонках «Нашай Нівы»: www.nn.by/2002/15/22.htm, які з’явіўся ў той час, калі яна была бэстсэлерам у Нямеччыне і не было нават праекту беларускага перакладу. Адказ на пытанне «чаму выхад беларускага выдання застаўся незаўважаным?» кожны з нас павінен шукаць самастойна.

Апублікаваць у LiveJournal
# | 16 жнiўня 2009, 16:55
Цікава, а ці ёсьць якія перакліканьні з раманам Ганса Фалады “Маленькі чалавек, што-ж далей?”
[Адказаць]
# | 17 жнiўня 2009, 16:00
[...] Пра “Гісторыю аднаго немца” Себасьціяна Хафнэра можаце прачытаць тут. [...]