Цырымонія адкрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», якую арганізатары абяцалі правесці паводле канскіх стандартаў, адзначылася лужынамі на чырвонай дарожцы, хрустальнай узнагародай Карэна Шахназарава, а таксама песняй Цоя ў спецыфічным выкананні Гошы Куцэнкі.
Надвор’е безнадзейна сапсавала самую відовішчную для фатографаў частку ўрачыстасці – дэфіле зорак кіно і тэатра па дывановай дарожцы, якая сёлета была сапраўды чырвоная, але проста патанала ў бясконцай дажджавой вадзе. Таму госці ў Палац Рэспублікі заходзілі ў суправаджэнні мімаў, якія грымаснічалі і танчылі вакол іх з парасонамі. Фатографы мерзлі, ратуючы аб’ектывы ад вільгаці, пенсіянеры, якіх было найбольш, уважліва выглядвалі знакамітасцяў, але авацыі ў гэты золкі дзень былі аднолькава халоднымі і сырымі для ўсіх – і для вядомых рэжысёраў, і для некаторых журналістаў, якія часам выпадкова заходзілі ў будынак па чырвонай дарожцы.
Затое ў залітых святлом калідорах Палаца Рэспублікі можна было ўбачыць самых розных беларускіх селебрыці, так ці інакш датычных да кінематографу: актрысу Святлану Зелянкоўскую ў сціплай зялёнай сукенцы, элегантнага кінакрытыка Антона Сідарэнку, сцэнарыста Андрэя Курэйчыка, незаўважнага дырэктара “Кінавідэапракату” Васілія Коктыша, міністра культуры Паўла Латушку са спадарожніцай. На іх фоне вылучаліся купкі сумных маладых людзей у ваўняных швэдрах, якія на пытанне, адкуль яны, патлумачылі: «Нас сюды загналі, мы студэнты БНТУ». – «Не загналі, а запрасілі», – асцярожна ўдакладніў адзін з хлопцаў.
Вялі цырымонію расійская акторка Кацярына Стрыжэнава і тэлерэжысёр Сяргей Кацьер, які адразу паведаміў сумную навіну пра тое, што нязменны ўдзельнік «Лістапада», актор Расціслаў Янкоўскі, хварэе і не зможа сёлета адкрываць фестываль. На сцэну выйшаў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік з жанчынай у нацыянальным строі, сказаў некалькі абавязковых усыпляльных фразаў, пасля чаго абвясціў, што фестываль знаходзіцца пад патранатам кіраўніка дзяржавы і зачытаў прывітальнае слова, дзе адзначаўся «планетарны размах» мерапрыемства.
На сцэну выйшаў ганаровы госць фестывалю, рэжысёр Карэн Шахназараў, якому быў уручаны спецыяльны прыз прэзідэнта – хрустальны артэфакт з залачонай макаўкай. «Мой бацька-нябожчык браў удзел у вызваленні Мінска і неаднойчы згадваў, якое страшнае відовішча ўяўляў тады разбураны горад», – расказаў ён.
Актрыса з Казахстана Лінда Нігматуліна прывітала публіку па-беларуску, сказаўшы, што вельмі хоча вывучыць мову. І заспявала. Далей, быццам заразіўшыся прыкладам, на цырымоніі спявалі ўсе акторы.
У гонар Беларускага саюза кінематаграфістаў, якому сёлета споўнілася 50 гадоў, на экране замільгалі кадры з беларускіх фільмаў, а акторы Арцём Давыдовіч, Анатоль Голуб і Вера Палякова праспявалі старыя песні з іх.
Народны артыст Расіі Імануіл Вітарган сказаў: «Мне пашанцавала на мінскія вуліцы, на гэтае паветра, якім я дыхаў энную колькасць гадоў», і далучыў да прамовы песню пра тое, «как голова уже седа, а годы лучшие уходят».
Завяршаў цырымонію адкрыцця расійскі актор Гоша Куцэнка, які прыехаў са сваім музычным гуртом. «У Мінску ў мяне шмат сяброў і ўвогуле… Прывет, БССР!» – раптам прамовіў Гоша. «Ён сапраўды сказаў “БССР” ці я недачула?» – усхвалявана перапытвала нейкая жанчына, што дагэтуль лагодна качала галавой ў такт Гошавай абаяльнасці. А Куцэнка тым часам аб’явіў, што праспявае песню «Карвалол», якую «вельмі любяць у Беларусі». Песня была пра тое, як ён выпіў карвалолу, ператварыўся ў матыля і цяпер ляціць у няведамыя далі. У прыпеве спявалася: «Я лечу так низко, я лечу так высоко, я лечу так быстро, прямо в АблаКО». «Наступная песня, – сказаў Гоша, – прысвечаная сяброўству народаў». І, стараючыся па-цоеўску цягнуць гукі, выканаў «Город по имени Солнце» ва ўласнай растаманскай пазітыўнай версіі.
На гэтым фармальная частка ўрэшце скончылася, і пачалося тое, дзеля чаго ўсё і задумвалася – кіно. Адкрыўся фестываль фільмам «У тумане» Сяргея Лазніцы паводле аповесці Васіля Быкава. А наперадзе яшчэ амаль цэлы тыдзень, напоўнены размаітымі фестывальнымі карцінамі.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева