11 лістапада ў мінскім клубе «Рэактар» адбылася адна з самых чаканых імпрэзаў году — прэзентацыя новага альбому гурта Neuro Dubel «Афтары правды».
Юры Навумаў
Напярэдадні прэзентацыі нязменны лідар гурта Аляксандр Куллінковіч распавёў, што новая плытка — самая вясёлая і лепшая ў гісторыі гурта, а агульнае гучанне можна акрэсліць стылем «панк-рок». У альбом «Афтары правды» апроч 15 трэкаў і 2 бонусаў, усе з якіх будуць выкананыя і на сённяшнім канцэрце, уключаныя 2 кліпы (ад вядомага беларускага кліпмэйкера Анатоля Вечара – на песню «Касманаўты», і аматарскае відэа на песню «Батариен»), а таксама тэксты песень і фотаздымкі гурта за апошнія гады. Новы дыск, шаснаццаты ў гісторыі гурта, можна набыць непасрэдна ў холе клуба.
Ужо напачатку канцэрта гурт паабяцаў, што сёння застанецца ў клубе надоўга: гледачоў чакае дзве часткі (уся новая праграма і старыя хіты), а таксама пасляканцэртная сустрэча, дзе кожны зможа атрымаць аўтографы і паразмаўляць з улюбёнымі музыкамі. Канцэрт пачаўся першымі трэкамі з новага альбому – “Афтары правды” і “Ольга Сергеевна”, і надалей пайшлі песні амаль у тым чаргаванні, як яны змешчаныя на новым дыску. Поўная заля цудоўна ўжо ведае новыя тэксты і з радасцю адрываецца.
на першым фота – Аляксандр Куллінковіч