Гурт Rouble Zone на чале з шоумэнам Алегам “Джагерам” Мінаковым упершыню сабраўся пасля 14-гадовага перапынку для канцэрту ў Мінску, каб адзначыць выхад свайго ўзорнага блюз-рокавага альбома “Put Your Money… Now!” і заявіць пра сур’ёзнасць намераў па працягу дзейнасці.
Уладзімір Шаблінскі з касетай “Rouble Zone” 1996 года
Таццяна Заміровская і Алег Jagger Мінакоў
“ – У мяне няма дакладнага тлумачэння, чаму мы вырашылі аднавіць гурт. Мне закарцела, астатнія музыкі адгукнуліся, і мы сабраліся”, – кажа Алег Мінакоў, вядомы ў мінскай музычнай тусоўцы пад мянушкай Джагер. Ён выглядае трохі разгубленым, хоць і ўпэўненым у сабе. Толькі што ён эфектна з’явіўся ў клубе Coyote на першы за 14 гадоў канцэрт свайго гурта Rouble Zone: пад’ехаў на хамеры і ўвайшоў у залю пад апладысменты прысутных. Сустракалі Джагера, апранутага ў капялюш-цыліндр, фрак ды старыя джынсы, як сапраўдную рок-зорку. Кароткі шлях да грымёркі ў яго заняў з паўгадзіны – гэты час пайшоў на абдымкі-пацалункі ды фотасесіі з прысутнымі гасцямі, сярод якіх было нямала вядомых асобаў. “Джагер прыехаў!!!” – з захапленнем паўтарала Тамара Лісіцкая з такім выглядам, нібыта здзейснілася адна з самых запаветных яе мараў. Музыку па-бацькоўску абдымае дызайнер Уладзімір Цэслер, а на чарзе па аўтограф з вокладкай з-пад касеты стаіць дырэктар канцэртнага агенцтва “Лінія гуку” Уладзімір Шаблінскі. Ён знайшоў у сябе дома альбом Rouble Zone, песні з якога за часам свайго дыджэйства на “Бі-Эй” перыядычна ставіў у эфір…
Уладзімір Шаблінскі і Алег Jagger Мінакоў
Уладзімір Цэслер і Алег Jagger Мінакоў
Канцэрт-вяртанне гурта якраз прысвечаны 15-годдзю выхаду ўзорнага блюз-рокавага альбома “Put Your Money… Now!”, які быў прызнаны “Альбомам года” на Рок-каранацыі, сам Джагер быў названы “Шоумэнам года”, а гурт быў уганараваны галоўнай рок-каронай. На наступны год пасля яго выхаду Джагер пераехаў у Бельгію, дзе зрабіў неблагую сольную кар’еру, але сувязі з Беларуссю не абарваў. “Беларусь для мяне назаўжды застанецца маёй Радзімай і самай дарагой часткай свету”, – кажа ён абсалютна без пафасу.
Ігар Варашкевіч
Аляксандр Памідораў
Абноўлены Rouble Zone правёў толькі адну рэпетыцыю напярэдадні канцэрту, але паколькі ў гурце ўсе прафесіяналы, выступ прайшоў без запінкі. Да гурта далучыліся новыя людзі – клавішнік Канстанцін Гарачы і бубнач Павал Бонга, а на адной з песняў на сцэне з’явіўся лідар “Крамы” Ігар Варашкевіч з гармонікам. Алег Джагер – якраз той вакаліст, пра якога кажуць, што ён спявае душой. Часам падаецца, што на сцэне Кокер, падчас выканання “You are so beautiful” ён дакладна паўтарае рухі дзядулі Джо, дадаючы яшчэ сваёй непаўторнай харызмы. Ад Мінакова ідзе неймаверная энергетыка, ён разняволены дарэшты і падчас інструментальнага сола, пакурваючы цыгару, выходзіць да гледачоў, каб пафоткацца.
Адзін са сваіх аўтарскіх каронных нумароў “Wild Woman” Алег Джагер выконвае паўторна на біс. “Надта было прыемна пабачыць назву гэтай песні ў беларускай варыяцыі ў трэклісце на NetRadio, дзе яна была прадстаўленая як “Дзікая Пані”, – прызнаецца спявак. Дзіва, але за больш чым 30-гадовую кар’еру ён яшчэ ніколі не спяваў па-беларуску. Неўзабаве ў межах праекту “Тузін. Перазагрузка-2” лідар Rouble Zone прадставіць адну са сваіх песняў на роднай мове.
“Не буду раздаваць абяцанні наконт наступнага канцэрту і выхаду новага альбома. Мы дакладна будзем працаваць як Rouble Zone і мы маем што запісаць. Хачу да нашага складу далучыць духавую секцыю і бэк-вакалістаў, каб новыя песні гучалі надзвычайна. Я прызвычаіўся ўсё рабіць прыгожа, а не абы-як”, – прызнаецца пры канцы вечара Алег. Плануецца, што новы альбом Rouble Zone будзе запісваць у Бельгіі.