13 красавіка ў мінскім клубе Re:Public (быццам буйныя канцэрты бываюць недзе яшчэ) выступалі гарачыя хлопцы з Ill Nino. Падтрымліваў іх гурт Wax Angel са слаўнага Піцера — горада плённай працы Скарыны.
Разагрэў не сустрэў у публікі асаблівай падтрымкі, і праз хвілін 20 выступу на амаль неналаджаным апараце піцерцы пайшлі са сцэны, саступіўшы яе тэхнікам зорак вечара — Ill Nino. У зорак аказаліся даволі незвычайныя тэхнікі, бо за 30 хвілін працы яны паспелі сарваць не адну авацыю сваімі барабаннымі сола і неспадзяванымі з’яўленнямі на сцэне. Хаця разагрэтым півам людзям было проста няма чым заняцца: што яшчэ рабіць, калі ўсе “лукі” для Instagram на фоне сцэны знятыя?
Чаканне дакладна было вартае таго: у гурта было проста афігеннае святло. Здаецца, тэхнікі ўпіхнулі па пражэктары ў кожны куток не такой і вялікай сцэны, і музыканты былі падсветленыя абсалютна з усіх бакоў. Праўда, пра якасць гуку такіх цёплых слоў сказаць нельга — інструменты і вакал зліваліся ў адзін пякельны трэск, з якога з цяжкасцю можна было вылучыць матыў песні. Прыкладна як на ўсіх канцэртах у Палацы спорту — з характэрным звонам у вушах на працягу дня пасля канцэрту.
Але такому гурту, як IllNino, не патрэбен якасны гук, каб пара сотняў чалавек скакалі ў такт з першай жа песні. Карціна была проста эпічная: паўсюль промні пражэктараў, зала ператварылася ў жывое мора людзей, а на сцэне сілуэты музыкаў каўбасіліся ці не больш за ўсіх. Як толькі клуб выстаяў — незразумела. Нават некаторыя суровыя ахоўнікі не-не, ды і прытопвалі нагой у такт грувавым песням амерыканцаў. Увесь сэтліст праляцеў амаль як адзін момант, застаўшыся яркім выбліскам у памяці. Гурт сыграў усё, што людзі хацелі пачуць: Still Hate Me, God Save Us, This Is War, EVA, Loco… Вельмі кранала тое, што перад кожнай песняй з новага альбому музыканты пыталі ў гледачоў, ці варта ім граць новы матэрыял, ці не трэба замест яго чаго-небудзь класічнага? Але зала кожны раз літасціва пагаджалася на новыя песні і ўгарала пад іх не менш, чым пад старыя. Ну, а калі ўлічваць усе бясконцыя падзякі Ill Nino Мінску, гледачам і арганізатарам, то трэба чакаць не проста іх хуткага вяртання, а ўвогуле пераезду гурта ў Беларусь на ПМЖ.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч