25 снежня ў мінскім клубе Re:Public адбыўся штогадовы беларускі калядны фэст, які, калі верыць афішы, сабраў найлепшых айчынных выканаўцаў. Адкрываць амаль 5-гадзіннае шоу выпала гурту Re1ict, які пачаў выступаць яшчэ перад тым, як усе зайшлі ў памяшканне. Гралі хлопцы добра, але павольныя і крыху меланхалічныя мелодыі не вельмі пасавалі для разагрэву публікі. Праўда, сэт-ліст у Re1ict быў пакарочаны, таму яны хутка “абнялі ўсіх ад шчырага сэрца”, заклікалі людзей купляць дыскі ў спадара Мартыненкі і зайгралі апошнюю “Ой рана на Івана”.
Наступнымі сцэну трымалі “Тутэйшыя”, якія абяцалі паказаць сапраўдныя беларускія танцы. Неяк гэтая справа спачатку ў іх не ладзілася, але потым, здаецца, у зале назбіралася дастаткова тых, хто ўмеў танцаваць, і пад “Ойра” пары круціліся як мае быць.
Пасля фінальнай французскай кампазіцыі ад “Тутэйшых” на сцэне з прамовай абсалютна нечакана з’явілася баявая тройка ад гурта “Камаедзіца”. У сваёй, мякка кажучы, супярэчлівай прамове лідар гурта нагадаў усім прысутным на калядным фэсце паганцам, што сапраўдны паганец (асабліва чамусьці ў 2012 годзе) павінен займацца спортам і ніколі не піць алкаголю. Гурт выступае за разнастайнасць расаў на планеце, ён за рознакаляровы, а не руды свет. Таксама маладым людзям трэба пастарацца не быць шавіністамі і асабліва антыфашыстамі. Яшчэ ганебна хадзіць у народных кашулях з мячамі, бо меч – несур’ёзная зброя (тут на сцэне вельмі своечасова з’явіўся гурт “Стары Ольса” ў сярэднявечнай вопратцы). На гэтым незвычайная прамова скончылася і была падтрыманая немалой колькасцю людзей у зале.
“Стары Ольса” не стаў марудзіць і адразу зайграў “У карчме”. Думаю, не трэба казаць, што крыкнуць “Гэй!” за моц князёву ды царкву Хрыстову захацелася ўсім. Выступленне гурта дапаўняў танцавальны тэатр “Фламея”. Дзіва, што на дзяўчат, якія вадзілі карагоды ў самым эпіцэнтры танцаў, ніхто не паваліўся. Рэч у тым, што да трэцяга гурта публіка была ўжо ў патрэбнай для танцаў і скокаў кандыцыі, і масавыя карагоды часамі ператвараліся ў circle-pit’ы. Словам, было весела!
Вяселле ўсімі сіламі падтрымаў гурт Znich. Праўда, пад іх песенькі ніхто карагодаў не вадзіў, затое ў публікі быў унікальны шанец пабачыць слэм з адначасовым удзелам людзей у нацыянальных кашулях, майках з перавернутымі крыжамі і нават у спартыўных касцюмах (не трэба таксама забывацца на традыцыйную парачку хлопцаў увогуле без маек – такія ёсць на кожным канцэрце ва ўсім, здаецца, свеце). Ну а калі сур’ёзна, то было прыемна зноў пачуць любімыя “Крыжы-абярэгі”, “Чорны Зніч” і, канечне ж, “Беларусь”.
Следам быў Rokash, чый спакойны і меладычны жаночы вакал даў людзям адпачыць пасля актыўных танцулек. Граў гурт, на жаль, нядоўга і хутка саступіў сцэну Irdorath. Іх прыгожыя касцюмы (асабліва дзяўчыны на клавішах!) можна было разгледзець з усіх бакоў, бо яны хадзілі па сцэне і наладжвалі гук добрыя хвілін 15. Але, шчыра кажучы, яно было варта таго! Паскакаць пад іх напаследак было вельмі і вельмі прыемна.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч