Фолк-фэст “Камяніца” у трэці раз сабраў некалькі тысяч прыхільнікаў этнікі на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.
Тое, што свята нішто не азмрочыць, стала зразумела яшчэ на ўваходзе, калі сек’юрыці, атрымаўшы адмоўны адказ на пытанне аб наяўнасці алкаголю ў заплечніку, усклікнуў: “Як! Няўжо?!” А потым абяззброіў усмешкай ва ўсе 32 ці колькі іх там у яго маецца.
Наведвальнікі, у асаблівасці тыя, хто трапіў у музей упершыню, а сярод іх сустракаліся шматлікія групы кітайцаў, не спяшаліся да галоўнай сцэны фестывалю, якая традыцыйна размясцілася каля старога млына, а разыходзіліся на агляд прадстаўленай экспазіцыі: драўляных цэркваў, хат, гаспадарчых пабудоў з хатнім начыннем і іншымі прадметамі побыту беларусаў.
Алег Хаменка
Многія адгукнуліся на заклік арганізатараў фэсту прыйсці на імпрэзу ў нацыянальных касцюмах і тым прагаласаваць за нацыянальную культуру. З гэтай нагоды быў нават праведзены конкурс на лепшую пару ў нацыянальнай вопратцы.
Кожны мог знайсці забаўкі па сабе: адны затрымліваліся ў піўных кропак, а іх у гэты раз было ўсяго дзве, іншыя “падвісалі” каля шапіка з музычнымі дыскамі, трэція абступілі рыцарскі табар, дзе хлопцы са сталічнага клуба “Княжыч” арганізавалі стрэльбішча. Там можна было пастраляць з лука з сапраўднымі стрэламі і пагутарыць з рыцарамі ў светлых даспехах.
Аляксандра і Канстанцін
Нельга змаўчаць аб тым, што арганізатары хоць і пастараліся ў гэты раз зрабіць больш кропак харчавання, але іх аказалася ўсё роўна недастаткова. Да шасці гадзін чэргі дасягнулі паўгадзіннай даўжыні, а час чакання замовы – сарака хвілін. Пры гэтым кошты, мякка кажучы, кусаліся: дранікі (з мясам) – 43 тысячы, шашлык – 20, бульба-фры (150 гр) – 13. А людзі ж прыйшлі на цэлы дзень ды яшчэ цэлымі сем’ямі! Праўда, грамадзяне нашы даўно прызвычаіліся самі клапаціцца пра сябе: зручна размясціўшыся ў месцы, якое спадабалася, ці то за столікамі імправізаванага кафэ, ці то на завалінцы хаты альбо на лужку перад сцэнай, даставалі тэрмасы з гарбатай, бутэрброды, сала-памідоры і іншую смачную хатнюю ежу.
Іван Кірчук, гурт “Троіца”
Музычную праграму фестывалю адкрыла “Госціца” – публіка пацягнулася бліжэй да сцэны. Але яе разагрэву значна перашкодзілі праблемы з гукам, якія ўзніклі падчас выступу “Старога Ольсы”.
Тым часам каля царквы, што на гары, дудары забаўлялі музыкай, пад якую танцавалі ўсе жадаючыя. Многія ўпершыню ўбачылі, як продкі скакалі кракавяк, таўкачыкі, падэспань, какетку і нават завадны гапак. “Зірні-ка, беларускі этна-сэкас”, – пажартавалі побач, назіраючы гульню ў “ручаёк”, калі хлопец даганяў дзяўчыну, то павінен быў яе пацалаваць. Так атрымалася, што пацалаваў ён адну, потым – другую, а вось ужо і трэцюю схапіў.
Андрусь Палаўчэня, гурт “Осіміра”
А непадалёку сцены адной з хат ператварыліся ў мастацкую галерэю пад адкрытым небам, дзе былі прадстаўлены работы Ганны Сілівончык. Пара каткоў на даху, матрос і русалка ў абдымку, матрона з самаварам – ах, колькі пазітыву і ў форме, і ў змесце!
З некаторым зрушэннем ў часе музычная праграма працягнулася, і на сцэну выйшаў квартэт “Хоха Бэнд”. Маша Яр, Сяргей Канановіч (экс-удзельнік “Крамбамбулі”), Зміцер Харытановіч (“Лепрыконсы”, “Крамбамбуля”, Drum Ecstasy, Zet) і Канстанцін Калеснікаў (IQ48, “Лепрыконсы”, The Silicon) прапанавалі слухачам уласнае бачанне “сучаснай этна-музыкі”. У іх выкананні яна гучала бадзёра і весела.
Алег Скрыпка
Вядучы фэсту, лідар гурта “Палац” Алег Хаменка адначасна выступіў у ролі добрай фестывальнай феі (калі хто страціў што-небудзь ці знайшоў, то звяртацца трэба было менавіта да яго). “Таму што тут сабраліся нармальныя людзі!” А людзей, трэба адзначыць, станавілася ўсё больш і больш.
Дудары з “Ветаха” традыцыйна склалі свой выступ з абрадавых і каляндарных песень. Дуэт “Аляксандра І Канстанцін” прапанавалі ўвазе слухачоў меладычныя балады са свайго першага альбома, якім фармат “Камяніцы” падышоў як ніколі раней, каб “выканаць іх ва ўсёй красе”. А пачалі яны свой выступ з песні “Лятаў голуб”, якая прынесла ім перамогу (II прэмію) на “Славянскім базары” ў Віцебску дзевяць гадоў таму.
Наступныя выступоўцы (наша ўсё!) – этна-трыа “Тройца” – упершыню прадставілі свой новы альбом “Зімачка”. Малі рацыю тыя, што прайшліся далей, за царкву, і паслухалі рэха, што разлівалася па навакольных пагорках. Бо менавіта там асабліва чароўна гучала “Тройца” з яе віртуознымі інструментальнымі пералівамі і багатырскім вакалам, які гуляў з лесам у хованкі: то грымеў басам, як гром, то станавіўся тонкім, як гук жалейкі, а то і зусім заціхаў.
Вельмі ўдалую фолк-рокавую праграму выдалі магілёўцы з Osimira, хоць групу, як гэта часта ў нас бывае, лепш ведаюць у Еўропе і бліжэйшых краінах, чым на радзіме.
Апошнім і самым доўгачаканым нумарам праграмы была этна-дыскатэка ад лідара ўкраінскага рок-гурта “Воплі Відаплясава” Алега Скрыпкі. Як сказаў Алег на прэс-канферэнцыі перад канцэртам, “мне падабаецца тэндэнцыя ўплятання ды-джэйскай музыкі ў этнічныя фестывалі. Думаю, гэта правільна, гэта пашырэнне кола публікі, якая звяртаецца да этнічнай тэмы”. Трэба аддаць належнае, O’Skrypka ў ролі ды-джэя, як мог пастараўся, каб яго праграма была цікавая беларусам. Дзве песні з рэпертуару “Тройцы”, з “Паравін года” Змітра Вайцюшкевіча, адна з найлепшых песень украінскай “Сонца-клёш” і, што само сабой зразумела, некалькі рэчаў з “Вопляў Відаплясава” сталі асновай ды-джэйскіх сэтаў O’Skrypkі. Публіку было не суняць. Але ўсё добрае хутка сканчаецца.
У заключэнне, хочацца падзякаваць арганізатарам і партнёрам фэсту, якія ў наш няпросты час робяць усё магчымае для захавання ўнікальнай экспазіцыі музея.
Зарына Кандрацьева, фота – Аляксандар Ждановіч