Канцэрт з сэрыі “Жывы Тузін” быў шостым па ліку. Так сышлося, што ў шосты раз выйшла і складанка, якую інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў” рыхтуе пры канцы кожнага музычнага сезону. Прэм’еру дыску было вырашана сумясціць з цырымоніяй узнанагароджання выканаўцаў лепшых беларускіх песень, што ўвайшлі ў “Залаты Тузін” па выніках галасавання ў сезону 2010-2011.
Алег Хаменка – нязменны вядоўца
“Цукерка”
Дзіва, але ў невялікі па памерах клуб “Графіці” неяк змясціліся ўсе адзначаныя гурты ці іх прадстаўнікі разам з іншымі гасцямі і наведнікамі цырымоніі. Як і абяцалася, было вузка, цесна, але ўсяго ўдосталь. Найперш пазітыўных эмоцый ды якаснай музыкі.
Канцэрт вёў ужо па добрай завядзёнцы лідар гурта “Палац” і шоумэн Алег Хаменка. Ён выклікаў на сцэну прадстаўнікоў гуртоў, якія атрымлівалі ганаровы дыплом ад “Тузіна Гітоў” і падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Музыкі выглядалі шчаслівымі. “Вельмі прыемна, калі адзначаюць тое, што ты робіш”, — казаў са сцэны прадстаўнік бярозаўскага гурта “Мясцовыя”, якія сёлета трапілі ў лік найлепшых з песняй “Якое завецца”.
ZnaROCK
ilo&friends
Naka
Першымі з выступоўцаў разагрэць публіку спрабавалі музыкі з гурта ZnaROCK. Гучала каманда яшчэ не да канца зладжана. Хтосьці ў зале заўважыў, што выглядае на студэнцкую самадзейнасць, але песню “Я эма, мама”, якая трапіла ў “Залаты Тузін” прынялі на ўра.
Узнагароду за гурт Ilo&Friends атрымаў журналіст Аляксей Мінчонак, сябра спявачкі Ілоны Карпюк. Ён абяцаўся даставіць дыплом у Беласток і адзначыў унёсак, які робяць беларусы Падляшша ў беларускую культуру. Толькі вось беларускую візу ім атрымаць досыць няпроста.
Сапраўды шчаслівымі выглядалі ўдзельнікі рэп-праекту PANaNieba, якія пасля атрымання дыплома вырашылі паімправізаваць ды пачытаць са сцэны свой новы твор, заадно праанансаваўшы будучы альбом “71”. Адзін з удзельнікаў гурта, Сведак, проста на цырымоніі стаў гарачым прыхільнікам гурта “Жнюв”, які як заўжды энергічна адыграў свой беларускамоўны сэт.
Pananieba
Rokash
«Жнюв»
Вецер Механічны
Яшчэ адны госці цырымоніі – гурт “Фіолет” з Украіны – былі адзначаныя двойчы за вечар. Прадстаўнік кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алесь Плотка ўручыў музыкам спецыяльны прыз за папулярызацыю беларускай мовы за межамі краіны. Ад Алега Хаменкі яны атрымалі ўзнагароду за “Песню года” – кампазіцыю “Месца пакуты”, напісаную на верш Яна Маўзера. Лідар “Фіолета” Сяргей Мартынюк прыехаў у Мінск разам з гітарыстам, каб паказаць акустычную праграму. Ён зазначыў, што выступае ў Беларусі ўпершыню, але неаднойчы ўжо быў у нашай краіне: “Беларусы – нацыя, а значыць, усё ў вас атрымаецца”, — сказаў Сяргей і выказаў надзею, што беларускія выканаўцы будуць часцей выступаць ва Украіне. Адзінае, пра што пашкадаваў украінскі выканаўца, дык гэта пра тое, што не здолеў пабачыць свайго беларускага сябра – Змітра Дашкевіча.
Аляксандра Кулінковіча прадставілі як легенду беларускага року. Лідара “Нейра дзюбеля” сустрэлі вельмі цёпла. Музыка прызнаўся, што яму асабіста не падабаецца песня “Ленін”, што ўвайшла ў “Залаты Тузін”, а на жартаўлівае пытанне Алега Хаменкі, ці не будзе наступны альбом звацца “Сталін”, адказаў, што дыск плануецца назваць “Жаба”: “У прынцыпе, “жаба” і “Ленін” у чымсьці падобныя”, — шматзначна дадаў спявак.
Узнагароду за “Ляпіса Трубяцкога” атрымліваў Зміцер Безкаравайны, прэс-аташэ каманды па Беларусі. Ён паведаміў, што Сяргей Міхалок цяпер у Кіеве, а сам гурт выступае з новай канцэртнай праграмай, якую якраз назвалі ў гонар песні сезона на “Тузіне” – “Грай”. На жаль, у Беларусі найбліжэйшым часам яе пачуць не давядзецца.
На сканчэнне канцэрту-цырымоніі была ўсім прыемнасць у выглядзе сэта гурта Akute, якія сёлета канчаткова замацаваліся ў зорным статусе. У час іх выступу ў клубе стала зусім цесна, гледачы абступілі сцэну і бурна рэагавалі на кожную песню. Пачалі музыкі, дарэчы, з новай кампазіцыі. Увосень чакаецца прэзентацыя іх інтэрнэт-сінгла. “Я ведаю, што ўсе вы чакаеце гэтую песню”, — заявіў Рома Жыгараў пад канец выступу, і загучалі першыя гукі “Адзіноцтва”, якую спявалі ўсе разам. Пасля свайго выступу Стас Мытнік разам з Ромам яшчэ доўга раздавалі аўтографы. Чарговы прыезд магілёўцаў у Мінск чакаецца 24 верасня. А чарговы “Жывы Тузін” пройдзе ўжо ў кастрычніку.
Дыск “Прэм’ер Тузін-2011”, куды ўвайшлі ўсе найлепшыя песні сезона, ужо ў продажы ў буйных дыскарнях, гіпермаркетах і нават запраўках па ўсёй краіне.
«Фіолет»
Унагароду для Ляпіс Трубецкого прымае PR-мэнаджар гурта Зміцер Безкаравайны
Akute