Шматгадзінныя чэргі на мяжы, першыя замаразкі і ў іх — вандроўнікі аўтастопам на ледзяным ветры, перапоўненыя аўтобусныя туры, ажыятаж з купляй білетаў і атрыманнем бясплатных віз — усё дзеля канцэрту гурта «Ляпіс Трубяцкой». Авантура — наша ўсё!
Зрэшты, не ўсе, хто купіў білет на канцэрт, прыехалі ў Вільню, каб паслухаць выдатны ска-панк: працэнтаў 20 сядзенняў у зале пуставала. Квіткі, раскупленыя за першы тыдзень продажаў, для некаторых сталі зручным спосабам атрымаць бясплатную візу і выправіцца на закупы ў нятленны «Акропаліс». Астатнія (каля пяці тысяч чалавек) адцягваліся на канцэрце легендарнага беларускага гурта, спявалі «забароненыя песні» і размахвалі бчб-сцягамі — калі ў Мінску гэта не ўяўляецца магчымым, то дзеля такога свята нескладана з’ездзіць у суседнюю дзяржаву.
Гледачоў са сцюжы «разаграваў» Зміцер Спірын, лідар гурта «Тараканы!»: круціў самыя душэўныя панк-рэчы і запрашаў усіх на не менш душэўны after-party ад Lyapis Crew. Беларусы працягвалі ўтрамбоўвацца ў будынак «Прамогу арэны». Многія разаграваліся алкаголем, півам, чым мацнейшым, прынесеным з сабой, і — о, цуд! — ніхто не лез біцца. Людзі былі ап’янелыя ад свабоды, якая выяўлялася ў такіх «дробязях», як магчымасць убачыць канцэрт любімага гурта, выпіць, калі душа пажадае, алкаголю і нарэшце адчуць, што ты беларус. У той суботні вечар канцэрт “Ляпіса Трубяцкога” адназначна стаў аб’яднальнай нацыянальнай ідэяй.
«К нам приехал Трубецкой!», «Капитал» і «Не быць скотам!». Добры гук, без лішніх пантоў. Галоўнае – сэнс таго, што гучыць і адбываецца. Выразна, рэзка, жорстка! І далей выбуховая сумесь з песень «Рабкора» і хітоў апошніх альбомаў. «Рабкор» гучыць яшчэ больш жорстка і магутна, тэксты яшчэ больш бескампрамісныя і хвосткія. Знатная аплявуха: не раскісаць, вось ён, вораг, — наперад, змагайся! «Я должен был умереть еще 20 лет назад, так х..ле мне бояться за мой железный зад». «Броненосец» («Ты ни при чем?»), «Путинарода», «Цмок ды арол», «Железный», «Рабкор». Слухаючы песні гэтых дзіўных людзей, разумееш, як лёгка ахінуцца цяплом і спакоем гнілой стабільнасці. Адтуль песні «Ляпісаў» гучаць вельмі дзіўна. Але як хочацца прэч адтуль! Прэч з мяккага і цёплага балотца спакойнага жыцця.
Мабыць, ёсць тры групы людзей, якія па-рознаму ўзаемадзейнічаюць з сістэмай: першыя падпарадкоўваюцца ёй, і іх большасць, другія імкнуцца не заўважаць яе і сыходзяць у свой свет, дзе няма ні палітыкі, ні «социальной защищенности и пенсионного фонда», ні праблем, з імі звязаных, а трэція — гэта людзі, гатовыя змагацца і пратэставаць супраць сістэмы. Іх меншасць, і менавіта для іх — музыка, якую робяць «Ляпісы». Іх разагравае «таракан» Зміцер Спірын, панк з дваццацігадовым музычным стажам, таму што «Ляпісы» невымоўна крутыя, прычым не толькі для беларусаў, дзе тэма барацьбы з сістэмай як ніколі актуальная, але і для ўсіх, хто разумее, пра што кажа Міхалок. Ён — фрык, яго вершаваныя маніфесты мяжуюць з клаунадай, здаецца, ён максімальна несур’ёзны. Але гэта толькі здаецца, бо мы прывыклі жыць спакойна і быць усім задаволенымі.
І ў зале ўсе разумеюць гэта. Энергія канцэрту напаўняе жаданнем рухацца і змяняць нешта, абуджае нязвыклае пачуццё гонару за свой народ і сапраўднае імкненне «не быць скотам». Але асаблівы кайф яшчэ і ў тым, што акрамя рэвалюцыйнай настроенасці глядач атрымлівае высакакласны музычны прадукт. «Ляпісы» гучаць цяжка і важка, але гэта вельмі якасна зробленая музыка: не кожны прыйшоў у залу з сцягам, але кожны ў зале разумеў, чаму ён менавіта тут, на канцэрце, а не ў «Акропалісе». Суперпрафесійны БЕЛАРУСКІ гурт даў супермагутны і вельмі значны канцэрт. І ўжо ніхто не пашкадаваў пра чаканне на памежным пераходзе і ў чэргах ля амбасады. А ў «Акропаліс» можна было і на наступны дзень зганяць.
Ганна Трубачова
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч