Беларускія музыкі, прадусары і журналісты выехалі на мора, каб адсвяткаваць дзень народзінаў творчай суполкі “Осмас”, вядомай па сваіх праектах “Васька жЫв!”, “Басовішча” і аднайменнай студыі, дзе пішуцца такія гурты, як Neuro Dubel, “Серебряная свадьба”, Rockerjoker, The UNB.
Максім Івашын, вядоўца
Павел Юрцэвіч
Cямігоддзе сваёй дзейнасці творчая суполка “Осмас” вырашыла адзначыць на беразе Мінскага мора. На тэрасе кавярні, што на ўзбярэжжы, сабраліся музыкі, прадусары, журналісты. Прыйшлі Аляксандр Кулінковіч, Аляксандр Памідораў, гурт IQ48 амаль у поўным складзе ды шмат іншых вядомых персонаў.
Rockerjoker
Вядоўца Макс Івашын заявіў, што ў гэты вечар пройдуць “тры мерапрыемствы ў адзіным творчым парыве”, і пашкадаваў, што не ўзялі ў спонсары імпрэзы Neskafe. У гэты вечар святкавалі не толькі дзень народзінаў “Осмасу”. Гурты Rockerjoker і The UNB прадстаўлялі свае новыя праграмы.
Павал Кашырын
Таму выхад на сцэну Паўла Юрцэвіча сустрэлі трайным “ура”. Знайшлася і чацвертая нагода — дзень народзінаў уласна кіраўніка “Осмасу”. “Осмас — гэта не толькі я”, — заявіў Павел і прадставіў іншых удзельнікаў сваёй суполкі — Улада Някрасава, Андрэя Акатава і Гарыка Плевіна.
Аляксандар Памідораў
The UNB
Канцэрт адкрылі выканаўцы алка-бугі — дуэт Rockerjoker, якія прадставілі сваю новую праграму “Продаётся планета”. Вакаліст Міхей Насарогаў паабяцаў сыграць “пэўную колькасць легальных песняў”. І сапраўды, для выканання адабралі творы, у якіх не было ненарматыўнай лексікі. Міхей прызнаўся, што карыстаецца “запаветамі вялікага Міхалка” і нясе пазітыў у масы. Якраз дарэчы прагучала песня-просьба да Фідэля http://rockerjoker.kroogi.com/ru/content/944366-Fidel.html прыслаць мора і сонца — было якраз і тое, і другое. А вось свой “перадвыбарчы” хіт “Саня останется с нами” музыкі, відаць, вырашылі забыць як жудасны сон. Затое адзначыліся каверам на песню J:Морс — “Мамонов”.
https://www.youtube.com/watch?v=FY1ZdxEMYdw&feature=player_embedded
На сканчэнне свайго не надта працяглага сэта Міхей і Макс зазначылі, што ў іх усяго два альбомы, а ў наступных выступоўцаў — 100, таму тым болей ёсць чаго сказаць.
Кацярына Пытлева
Калі быць дакладным, то гурт The UNB прадстаўляў свой 104-ы па ліку альбом “Д’Урбан: Истории из жизни ” і рыхтуе да выдання ўжо 105-ты і 106-ты. Пад іх выступ госці саспелі і падцягнуліся на танцпляц. Вакаліст Дольнік разлічыў праграму дакладна, прыхаваўшы галоўныя хіты пры канцы. “Голеностоп” крычалі ўсе, пужаючы вераб’ёў. Пасля выкананні песенькі пра Элен на сцэну выбег Міхей і заявіў, што зайздросціць таленту Дольніка пісаць песні. “Гэта Льюіс Кэрал на матацыкле!” — з захапленнем паведаміў ён прысутным.
Аляксандар Кулінковіч
У працяг вечарыны на сцэну маглі выйсці ўсе ахвотныя. Мікрафон быў вольны. Каця Пытлева падзякавала “Осмасу” за альбом яе гурта “КлЁндайк”, песні з якога дагэтуль круцяць на радыёстанцыях. Вядомы фатограф і колішні гітарыст гурта ЫЫЫ Артур Гапановіч спяваў сумныя блюзы, Аляксандр Памідораў і Ілля Маліноўскі прадставілі новы музычны праект, сыграўшы для затраўкі некалькі песняў разам з музыкамі з The UNB. “Тут усё проста — два акорды”, — хутка патлумачыў ён музыкам, з якімі граў упершыню. На песеньцы “Дзень без гарэлкі” і развіталіся.
Мікалай Дубавіцкі, Аляксандар Ждановіч