Барды, рокеры і паэты два дні ў кавярні Loft паказвалі, як гэта – “кахаць па-беларуску ды жыць па-еўрапейску”. Пад такім слоганам пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшоў “Твой фэст”. У другі дзень мікс стыляў быў дзікім. За рокерамі выходзілі барды, за імі – рэперы… Цягам трох гадзінаў на сцэне выступілі Віктар Шалкевіч і Наста Шпакоўская, “Князь Мышкін” і PANaNieba, “Босае сонца” і “Спрат”….А хэдлайнерам вечарыны былі Akute.
“Твой фэст” праходзіў у два дні. Яго ўмоўна падзялілі на паэтычна-бардаўскую і рокавую часткі. Абедзве імпрэзы падаваліся пад адзіным слоганам: “Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску”. Мабыць, гэтая назва трошкі напужала ўладальнікаў пляцовак, бо арганізатарам адмовілі ў правядзенні імпрэзы ажно тройчы ў розных месцах. Ідэйнай кіраўнічцы фэсту Валярыне Куставай давялося нямала паклапаціцца, каб запэўніць чыноўнікаў у тым, што да палітыкі гэтая імпрэза ніякага дачынення не мае і прысвечаная лірычнай тэматыцы ў музыцы і паэзіі беларусаў ды іншых народаў Еўропы. Урэшце фэст знайшоў сабе месца ў кавярні Loft.
“Рокавы” дзень адкрыў Віктар Шалкевіч, які не здолеў выступіць у першы дзень. Праўда, трапіў гарадзенскі бард па самаадчуванні якраз туды, куды трэба. “І я так магу”, — зазначыў ён, назіраючы за тым, як адладжваюцца хэдлайнеры з Akute. У сваёй прадмове на сцэне выканаўца не абышоўся без жартаў, пакпіўшы са слогана: “Ведаю дзве позы: адну называюць “па-божаму”, другую – “па-сабачаму”. А вось што такое “па-беларуску”, я не ведаю. Мабыць, беларусы вынайшлі нейкую новую адтуліну, і прыйшла новая эра кахання”, — пасміхаўся Шалкевіч. Сэт яго з дзвюх песняў слухалі з увагай, але і з прахалодай.
Другія выступоўцы сталіся сюрпрызам, бо не былі заяўленыя ў праграме. Гледачам быў прадстаўлены дуэт Анастасіі Шпакоўскай і Ірыны Кліменка. Вядомая акторка, што грала ў такіх спектаклях, як “Князь Вітаўт” і “Раскіданае гняздо”, пад суправаджэнне клавішаў выканала некалькі душэўных трэкаў з рэпертуару гурта Naka.
Валярына Кустава кажа, што конкурс на “Твой фэст” абвяшчаўся збольшага для маладых беларускамоўных выканаўцаў і выклікаў немалую ўвагу – больш за 50 заяваў было пададзена. Праўда, у асноўным гэта былі гурты, якія не вымагаюць асаблівых прадстаўленняў. Як, напрыклад, каманда з 20-гадовай гісторыяй “Князь Мышкін”, якая парадавала ці хутчэй зачаравала публіку сваім паэтычна-музычным сэтам: Віктар Сямашка чытаў вершы ды граў на флейце, а Леанід Нарушэвіч даваў волю сваёй фантазіі, граючы на гітары. Прадстаўленыя музыкі былі не іначай як “каралі інтуітыўнай імправізацыі”.
Сюрпрызаў хапала і надалей. Адзін з найлепшых выступаў фэсту – гурт Dzivasil, які давёў тым, хто не дае веры, што можна граць эмбіент на жывых інструментах.
Цягам фэсту ўзнагароджвалі тых, хто наважыўся даць адказ на простае і ў той жа час складанае пытанне: “Чым ёсць еўрапейская беларускасць”. Ахвочых адказаць на гэтае пытанне знайшлося больш за сотню. Найлепшыя адказы, аформленыя ў вершы ды творчыя працы, можна будзе пабачыць на сайце культурнай ініцыятывы “Твой фэст” http://tvojfest.org/
Асаблівая ўвага ў арганізатараў была да музыкаў з іншых гарадоў. “Мы вельмі хацелі прадставіць зорак з рэгіёнаў”, — прызналася Валярына Кустава перад выступам гурта Nevma. Магілёўскія музыкі прыехалі ў сталіцу без свайго гітарыста, які зламаў два пальцы, граючы ў валейбол, і вырашылі абмежавацца акустычным сэтам, які, тым не менш, не саступаў па энергетыцы іх электрычным выступам.
Пасля свае сілы на сцэне спрабаваў гурт “Нельга забыць”, які не толькі ўзяў за назву твор Уладзіміра Караткевіча, але і выконвае песні на яго вершы. “Заўжды прыемна выступаць, калі ў цябе такі суаўтар”, — так іх прадставілі.
Разварушыць публіку спрабавалі хлопцы з PANaNieba, потым гурт “Спрат” з Берасця, якія спявалі песні на вершы Ларысы Геніюш і Аляксандра Кулінковіча. Але найлепш гэта ўдалося гурту “Рэха”. Яго фронтмэн Андрусь Такінданг нават абвясціў танцавальны конкурс і сярод чатырох параў абраў пераможцаў, якім уручыў квіток на сольны канцэрт гурта, які “будзе недзе праз месяц”. А пад песню “Каралева” цемнаскуры беларус саскочыў на танцпляц, чым парадаваў прысутных.
Галоўным музычным адкрыццём “Твайго фэсту” стаў гурт “Босае сонца”, які ўпершыню паказаўся на публіцы пасля сур’ёзнага ідэйнага і музычнага рэбрэндынгу. Хлопцы цяпер зусім не нудзяць калябардаўскімі шчымлівымі баладамі, а выконваюць энергічную псіхадэлічную музыку.
“Якія пакуты дачакацца Akute!” — зымправізаваў амаль пасля трох гадзінаў канцэрту адзін са змучаных гледачоў. Хэдлайнераў дачакаліся амаль усе. І быў ім падарунак у выглядзе трох шыкоўных песняў ад магілёўцаў – “Свяці”, навюткай “Кроў бы вада” і, натуральна, “Адзіноцтва”.
Сяргей Будкін, фота – Аляксандр Ждановіч