Казка “Снежны завулак 10, альбо Аднойчы ў Барахляндыі” (відэа)

Гэтая казка здымалася напрыканцы 2009 году, калі ў Беларусі яшчэ была стабільнасць і курс даляру не даходзіў, нават, да 3000 рублёў.

Сябры, жадаем Вам мяккага выхаду з Калядна-Навагодняга марафону і цвярозай сустрэчы з рэчаіснасьцю! Асобны дзякуй усёй камандзе, якая працавала ў экстрэмальных умовах над гэтай казкай!

Лявон Вольскі: “Гэтую казку мы здымалі два гады таму. На ўвесь працэс пайшло два месяцы. Ад напісаньня першае літары сцэнару і да фінальнага адгляду. Нягледзячы на тагачасную дзікую лібэралізацыю, працаваць давялося ў падпольных умовах – здымалі ўначы (на ўсе здымкі – 7 начэй) ў памяшканьні аднаго рыцарскага клюбу, якое, у сваю чаргу, знаходзілася ў памяшканьні аднае дзяржаўна-моладзева-творчае ўстановы. Стасункі з дырэкцыяй установы не дадалі нам жыцьцёвае энэргіі і радасьці існаванья. Але! Праца кіпела – ноч у ноч. Заўважце, тады яшчэ не было фінансавага крызысу, абвалу, паляваньня на крэдыты… Не было масавых палітзьняволеньняў. То бок, я пісаў сцэнар не пасьля нейкіх падзеяў, а апярэджваючы іх. Нават самому дзіўна.

Зрэшты, праца сцэнарыста, як высьветлілася, вельмі нэрвовая і неспакойная. Бюджэт мізэрны, таму трэба ўвесь час зьмяняць сцэнар – у бок памяншэньня выдаткаў. І гэта неабходна рабіць вельмі хутка – часам, за пару гадзінаў. А ўвогуле, тэлеспэктакль – гэта вельмі цікавая рэч. Бо там шмат усяго – і дыялёгі, і сюжэт, і музыка, і праца з акторамі, і грым, і касьцюмаваньне, і дэкараваньне, і безьліч іншага.

Спадзяюся, не апошні раз. І шчыра дзякую ўсёй нашай брыгадзе – рэжысэру, апэратару, прадусару, асыстэнтам, касьцюмэрам, дэкаратарам і, натуральна, выдатным і звышталенавітым акторам!

Асобны рэспэкт Волі Кузьміч за чароўную анімацыю!”