Сваю юбілейную канцэртную праграму «Х» прывёз у Магілёў Валерый Кіпелаў. Хоць канцэрт быў перанесены з 27 верасня на 15 лістапада праз хваробу спевака, фанатаў у Лядовым палацы сабралася нямала.
Нарэшце хоць адзін магілёўскі канцэрт прайшоў не ў ДК вобласці, дзе ўся зала занятая крэсламі і гледачам даводзіцца танцаваць седзячы. Гэтым разам арганізатары вырашылі даць фанатам магчымасць як след адарвацца пад сцэнай, таму ўвесь танцпляц быў забіты. Паводле некаторых дадзеных, у той вечар на канцэрт прыйшло амаль 2 тысячы чалавек.
Нядаўна Кіпелаў перанёс аперацыю на звязках, таму фанаты баяліся, што канцэрт атрымаецца не надта ўдалым, а спявак не паспее цалкам аднавіць голас. Але Кіпелаў адпрацаваў праграму на ўра, і ўсе, хто прыйшоў, засталіся задаволеныя.
1 верасня гурту «Кіпелаў» споўнілася 10 гадоў, таму і праграма «Х» стала падборкай найлепшых песняў за ўвесь час яго існавання. Так што канцэрт, як і чакалася, аказаўся сапраўды поўным драйву. Гучалі на ім і старыя песні гурта “Арыя”, і новыя песні Кіпелава, якія ўвайшлі ў яго сольныя альбомы. Усе песні фанаты спявалі разам з Кіпелавым, слэмілі і атрымлівалі асалоду ад выдатнага вечара. Цікава, што на канцэрце было шмат як маладых аматараў рокера, так і ўжо дарослых людзей, аднагодкаў Кіпелава. У свае 54 гады рокер усё яшчэ папулярны – такую залу сёння можа сабраць не кожны малады гурт.
Марыя Гілёва