Усё гэта нагадвала сон – Вольскі пад харугвай “Наш Грунвальд” спявае “Паветраны шар”, свабодна прадаецца піва, люд танчыць і шалее, добразычлівыя міліцыянты не зважаюць на сцяжкі. Але так сапраўды было ў нядзелю ў музеі народных рамёстваў у Дудутках.
Фэст “Млын” ладзіцца ў Дудутках не першы год. Пазалетась сцэну аддалі рок-камандам – тут выступілі IQ48, “Мутнае вока” ды шмат хто яшчэ. Летась былі этна-трыа “Троіца” і Guda. Сёлета бюджэту хапіла на тое, каб запрасіць адну каманду, затое якую. Госцем “Млына” стала “Крамбамбуля”. Канцэрты праекта Лявона Вольскага ў Беларусі ў апошнія гады пастаянна зрываюцца, так што музыкі не змаглі прадставіць на радзіме свой альбом “Drabadzi-Drabada”, які выйшаў яшчэ ў 2011 годзе.
Дзякуючы таму, што музей “Дудуткі” недзяржаўны і яго тэрыторыя – фактычна прыватная ўласнасць, і здарыўся гэты цуд. Людзі ля галоўнай сцэны пачалі збірацца яшчэ за гадзіну, як толькі пабачылі, што Вольскі падлучае гітару. “Гэта яшчэ саўндчэк, а не канцэрт!” – папярэдзіў Лявон людзей, якія яўна засумавалі па яго песнях і пачыналі браць сцэну ў шчыльнае кола. Паралельна ў летняй кавярні непадалёк перад згаладнелай публікай выступаў Алесь Белы. Людзей на фэст прыйшло столькі, што пункты грамадскага харчавання не спраўляліся – па ежу даводзілася стаяць у гадзіннай чарзе. А Белы яшчэ наганяў апетыту, расказваючы пра даўнія беларускія кулінарныя традыцыі. “Як даўней дражнілі беларусаў, яшчэ калі не называлі іх бульбашамі, ведаеце? А што значыць “паненачка сік-сік, а паночак пік-пік”? А што было бульбай, калі бульбы не было?” – сыпаў пытаннямі гісторык-кухар. Практычна на кожнае пытанне хоць нехта адказваў слушна.
Тым часам на не найлепшым чынам адладжаным апараце пачынала заводзіць народ “Крамбамбуля”. Пачалі з абсалютна новай кампазіцыі – “Свабоду не стрымаць” – у не зусім характэрнай для сябе стылістыцы. А далей пайшла поўная весялуха: “Хіпаны” і “Турысты”, “Партызаны” і “Паветраны шар”. “Давайце будзем вольнымі сёння!” – крычыць у мікрафон захоплены Алесь-Францішак Мышкевіч. “Сёння і заўсёды”, – папраўляе калегу Вольскі. Музыка кажа, што асабліва вялікіх пачуццяў з нагоды чарговай сваёй “размарозкі” ён не мае і параўноўвае сітуацыю з “чорнымі спісамі” з надвор’ем. Было дажджліва і пахмурна, а тут раптам на пэўны час сонейка выглянула, што ж тут паробіш, уплыву на гэта людзі не маюць.
З Вольскім можна не пагадзіцца: менавіта такія ініцыятывы, як фэст “Млын” сведчаць пра тое, што змяніць сітуацыю да лепшага (ну хоць бы на адзін вечар) можа кожны зацяты і ўпэўнены ў сабе.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч