“Культурныя формы” дзяўчат-паэтак

07.11.2009

Культурны дзявочнік эстэтычных формаў, з песняй і вершамі, танцам ды словам спраўдзілі дзяўчаты-паэткі на вечарыне “культурныя формы”, якая праходзіла ў бібліятэцы Цёткі ў пятніцу 6-ага лістапада.

Таленты дзяўчат выявіліся ў накірунках літаратурных, музычных і танцавальна-паэтычных.

Арганізатарка імпрэзы, паэтка Юлія Новік:

— У нас сапраўды шмат актыўных дзяўчат, якія маюць пэўны талент, прычым талент у зусім розных формах. Гэта дзяўчаты творчыя, якія разам выступаюць на адной сцэне.

“Культурныя формы”  — ужо другі дзявочнік ад прома-групы “ВЮ”, першы праходзіў у мінулым годзе. Назва групы перакладаецца з французскай мовы як “убачанае”, гэтую назву склалі дзве літары, на якія пачынаюцца імёны стваральніц группы Вікі Трэнас і Юліі Новік.

Арганізатарка і паэтка Віка Трэнас:

— Галоўныя мерапрыемствы групы “Vu” гэта міжнародныя праекты “Францыя ў сэрцы Беларусі”, паэтычныя дзявочнікі і праект “Выявы”,  якія маюць на мэце кансалідацыю беларускай літаратуры, адкрыццё новых талентаў. Зараз мы ствараем агульную моладзевую творчую прастору.

Танцавальна-паэтычныя формы адлюстраваліся ў вобразе паэткі Ганны Федарук, якая выканала экзатычна-усходні танец.

Формы сучаснай беларускай літаратуры і інтэрнет-формы жж суполкі “suc_biel_lit” прадставіла яе стваральніца Ася Паплаўская. Суполка была створана ўвесну мінулага году агульнымі намаганнямі Асі Паплаўскай і Алеся Мазаніка  і мае на мэце аб’яднанне сучаснай беларускай літаратуры на інтэрнет-прасторы жж суполкі.

Ася Паплаўская:

— Прагугліце сучасную беларускую літаратуру і будзе вам шчасце, патрапіце на нашу суполку.

У межах літаратурных формаў прайшла віктарына на веданне сучаснай паэзіі і прызы сучаснай літаратуры — кнігі Кастуся Цвіркі, Вольгі Гапеевай, Уладзіміра Някляева ды інш.

Дзявочнік не застаўся па-за мужчынскай увагай. Песні на “гарадскія” вершы Юліі Новік праспяваў музыка Вадзім Клімовіч:

— Ёсць у мяне пару песенак на Юліны вершы, таму што я таксама люблю гарадскую тэматыку.

На выставе прысутнічалі мастацкія формы. Антураж вечарыны склала антыгламурная выстава коміксаў “Блакітны свін і яму падобныя” ад аўтараў Алены Беланожкі, Дашы Цагойкі, Васіля Паўлініча ды інш.

Вечарыну завершылі паэтычна-музычныя формы ад Таццяны Беланогай, якая праспявала некалькі сваіх песень.

Таццяна Беланогая:

— Для мяне вобраз дзяўчыны — гэта дабрыня, а жаноцкасць — гэта ўвасабленне любові.

На працягу амаль двух гадзінаў дзяўчаты-паэткі дэманстравалі праявы таленту ў розных творчых накірунках. Выступілі: Віка Трэнас, Юлія Новік, Ганна Федарук, Ася Паплаўская і Таццяна Беланогая.

Вольных месцаў у залі не назіралася, а арганізатарамі імпрэзы стаўся шэраг творчых суполак сярод якіх: Паэтычны тэатр  АРТ. С., Суполка“Сучасная беларуская літаратура”, Суполка “Літаратурнае  прадмесце” і Прома-група Юліі НОВІК і Вікі ТРЭНАС (ВЮ).

Тэгі: