Прызнацца, на канцэрт трапіць вельмі хацелася, прычым з абсалютнай цікаўнасці: што ж яна будзе рабіць — танцы, феерверкі, імітацыя пакарання, — ці будзе яна закручаная ў амерыканскі сцяг? Кліпы на яе песні зачароўваюць: дзейства ў іх ідзе малюначкамі, сама ў іх неверагоднай прыгажосці, з млявым голасам, яна часцяком не рухаецца — дзіўна прыгожыя імгненні-слайды. Было жудасна цікава, як жа яна адыграе канцэрт ужывую. Так-так, да нас у чарговы раз зазірнула “зорка” сусветнага маштабу: Лана Дэль Рэй дала аншлагавы канцэрт у самай вялікай зале краіны.
Здавалася, у “Мінск-Арэне” вось-вось адбудзецца самы вялікі мінскі выпускны: выключна прыбраныя дзяўчаты стаялі ў чарзе на пропуск у будынак. Узроставая катэгорыя большасці гледачоў пацвярджала дарэчнасць здагадкі пра тое, што на выпускны трэба запрашаць менавіта Лану Дэль Рэй. Зрэшты, было вельмі шмат дзяўчат у вобразах гераінь кліпаў Ланы: у сініх вяночках, у спушчаных з пляча белых маечках, з дасканалымі ўкладкамі і макіяжам. Тыя ж, хто апранаў “выпускныя сукенкі” на днях з нагоды, былі адны або ў парах, гледача яшчэ меншага ўзросту прыводзілі бацькамі. Але забаўна, што ўся публіка была выключна акуратненькай і прыгожай: хлопчыкі ў штодзённых, але адпрасаваных кашульках, дзяўчынкі — на абцасіках і з голымі плячыма-спінамі. Але нягледзячы на ўніверсальную прыгажосці музыкі Ланы, готы, мужчыны ў касухах, паненкі з татуіроўкамі і хлопцы з пірсінгам заўважаныя не былі. Праўда, было шмат старонніх гледачоў, якія прыйшлі проста на “зорку”: яны цяжка пераносілі фонавае сімфанічнае шаленства, што лілося са сцэны да пачатку канцэрта, перыядычна бегалі ў буфет і груба каментавалі выбар музыкі для чакання.
У залу я ўвайшла, калі было ўжо амаль бітком, але ўсё яшчэ пры поўным асвятленні ішоў разагрэў. Спачатку прыцягнула ўвагу карцінка: шматтысячны натоўп, нерухомы, практычна абыякавы, а перад ім на падмостках, на фоне белага пледа ва ўвесь квадрат сцэны — чалавек з гітарай. Ма-аленечкі, зусім адзін на сцэне, ну, не лічачы каменных статуй львоў, якія чакаюць выхаду гаспадыні-Ланы. Але тое, што тварыў гэты адзінокі музыкант, было проста ўзрушальна — так, гэта быў літоўскі музыкант Маркас Палубенка, чыю творчасць няспынна звязваюць з групай Radiohead: ён тварыў неверагоднае чараўніцтва з гукаў сваёй гітары, дзіўна прыгожага голасу, не менш дзіўна сумных і задуменных тэкстаў. Адзін чалавек прымудрыўся стварыць на сцэне атмасферу светлага, цёплага, хоць і меланхалічнага дажджу. Глядач, сцэна, на ёй — чалавек, а адчуванне, быццам глядзіш у акно, а за ім — дождж, які настройвае на роздумы, лёгкі сум і перагортванне успамінаў. І гучанне яго чарадзейства было такім шчыльным, што ўся зала (якая спачатку нагадвала людную абыякавую вуліцу з самотным музыкам) раптам замерла і прыслухалася. “Дзякуй! Яшчэ!” — крычаў танцпол, не жадаючы адпускаць Маркаса. Але ён парваў струну і быў вымушаны развітацца: “Я вельмі шчаслівы быць тут яшчэ і таму, што ўсе мае родныя з Беларусі, мае бабуля і дзядуля жывуць тут, я вельмі люблю бываць у вас”. Дзіўна, што зрабіў адзін маленечкі чалавек з велізарным натоўпам гледача, які прыйшоў паглядзець канкрэтна на Лану Дэль Рэй!
І зноў гукі аркестравай ямы. І зноў частка залы пацякла ў буфет. Амаль гадзіна чакання пад буянства скрыпак… І толькі мне пачало здавацца, што я разгадала сакрэт поспеху Ланы (тэма, якая дужа абмяркоўваецца: як гэта раптам за пару гадоў можна зрабіцца такой яркай зоркай, закахаць у сябе паўпланеты), толькі я пачала здагадвацца пра тое, што гэтае сімфанічнае чаканне свядома даецца гледачу ў якасці выпрабаванні, каб пасля яго творчасць Ланы была як збавенне, толькі я так падумала, як заслона упала. Зала запішчала, засвяцілася экранамі тэлефонаў, замёрла у чаканні — дзіўны поспех! І тут я зразумела адназначна: сімфанічнае ўступленне павінна стварыць адпаведны настрой суму, узвышанасці і пазачасавасці, гэта свайго роду чыстка перад праслухоўваннем яе музыкі. Менавіта так час ператвараецца ў тыя самыя карцінкі, якія можна бачыць у яе кліпах.
У кароткай простай сукенцы, апранутая значна прасцей, чым большасць у зале (вось быццам толькі што выйшла з аўтобуса на праспекце Пераможцаў), Лана выйшла на сцэну і адразу ж заспявала. І адразу ж сышла са сцэны. У залу. Яе фірмовыя кіпцікі дрыготкага голасу, “драпкія” да мурашак па скуры, млявыя выразы твару раптам зрываліся ў радасны звонкі дзіцячы смех: “Дзякуй, я такая шчаслівая! Вы робіце мяне такой шчаслівай!” Спявала, прымаючы кветкі і мініяцюрныя амерыканскія сцягі, тут жа распісвалася на квітках і майках, спрабавала ўвайсці ў вобраз, але зноў раптам весела смяялася: “Дзякуй вам!” Здавалася, яе зусім не кранала напружанасць, якая выпраменьвалася ў атмасферу крапавымі берэтамі пад сцэнай, яна прымала скруткі і паперкі з пасланнямі.
Вярнулася на сцэну з “Сінімі джынсамі” (Blue jeans). “I will love you till the end of time”, — спявае камусьці ў залу, усёй зале, зала адказвае выразным спевам і зарабляе пахвалу дзіўнасці свайго спеву. І тут жа следам яшчэ адзін хіт: “This is the last time. ‘Cause you and I”, — звяртаецца да залы Лана, і зала упэўнена адказвае: “We were born to die”.
Зноў пайшла ў залу, спявала і распісвалася на ўсім, што ёй падносілі. Песня ўжо даўно скончылася, поўная цішыня, а яна ўсё распiсваецца. Здавалася, яна не адмовіць нікому, і гэтая кранальная аўтограф-сесія не скончыцца да таго часу, пакуль яна не падпіша квіткі ўсяму танцплясу. Было адчуванне, што яна жыве момантам: трапляе ў яго і зусім забывае пра час. Але забаўна: затрымка ў канцэрце ніколькі не абурала. Гэта быў працяг прадстаўлення, і яно было злёгку жудаснаватым: Ланы няма на сцэне, толькі ў маніторах відаць, як яна, усміхаючыся, распісваецца і прымае падарункі — усё гэта ў поўнай цішыні, якая павісла пасля радкоў аб прызначэнні памерці.
Расплакалася. Пашмыгваючы носікам, зацягнула “Carmen”. А следам — “Young and beautiful”. “Will you still love me, when I’m no longer young and beautiful, — пытаецца ў залы. — I know you will, I know you will”, — адказвае сама. Выконваючы “Without you”, села на краёчак сцэны і зноў пачала “размаўляць” з залай: “I’ve nothing without you. All my dreams and all the lights mean. Nothing without you”. Здаецца, стрымліваецца, каб не расплакацца зноў, і робіцца відавочна, што яна і сапраўды не зможа без свайго гледача. Песня нечакана, але вельмі гарманічна скончылася радкамі “knocking on heavens door”. Так павольна праз нейкі час канцэрт і скончыўся, без усялякіх бісаў і залатых дажджоў.
Ніякага шоу з феерверкамі, ніякіх пераапрананняў або танцаў, ніякіх прыгажуноў на бэк-вакале (усе гэта некаторых моцна расчаравала), але яе амаль нерухомае дзейства на сцэне зачароўвае, захапляе сваёй сумленнасцю і прыгажосцю.
Ганна Трубачова
Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча