Мінскі “Handmade” і гарадзенскі “Кальян” выступілі на адной сцэне ў межах праекту “Тузін. Unplugged” у сталічным паб-клубе “Графіці”.
Сяргей Будкін
Па словах арганізатара канцэрта Сяргея Будкіна, ідэя рабіць такія канцэрты нарадзілася яшчэ ў 2003 годзе, але тады яны праходзілі раз на год. Цяпер Сяргей плануе радаваць аматараў музыкі раз на месяц.
“Ідэя ў тым, каб у камернай абстаноўцы, у душэўнай атмасферы паказаць гурты, якія рыхтуюць эксклюзіўны сэт не ў электрычным варыянце, а ў акустычным. Па-мойму, клуб “Графіці” якраз-такі да гэтага добра пасуе”, – кажа Сяргей.
Яўген Валошын
гурт “HandemadE”
вядоўца Алег Хаменка
“Я хацеў бы прадставіць вам маіх сяброў. Я прашу прыняць іх як мага больш цёпла, таму што для мяне творчасць гэтага калектыву вельмі прыемная і дарагая”, – прадставіў у пачатку імпрэзы гурт “HandemadE” вядоўца Алег Хаменка.
Музыкі гурта, які яшчэ некалькі гадоў таму меў назву “Jab Club”, хутка завялі публіку сваімі хітамі “Толькі разам”, “Постмадэрнізм” і нашумелай “Вуліца дым”, кліп на якую доўга дэманстраваўся па беларускім тэлебачанні.
Анатоль Лазар
Паводле лідара гурта Яўгена Валошына, калектыў паціху запісвае песні на студыі, а таксама збіраецца паўдзельнічаць у “Музычных вечарах у Мірскім замку” ў чэрвені.
У перапынку паміж выступамі гуртоў Алег Хаменка зладзіў віктарыну і ўзнагародзіў яе пераможцаў прызамі ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Алесь Дзянісаў
Пасля невялічкай паўзы на сцэне з’явіўся гарадзенскі гурт “Кальян”, які нядаўна нечакана ўз’яднаўся і падараваў сваім прыхільнікам новы альбом “Антыпазітыў”. Выступ “Кальяна” складаўся з трох частак: у першай музыкі зайгралі народныя песні, у другой – песні на вершы беларукіх паэтаў, у трэцяй “Кальян” паўстаў перад слухачамі такім, якім яго прызвычаіліся бачыць: разважлівым, палітызаваным і крыху злосным. На развітанне “Кальян” яшчэ раз па просьбе слухачоў заспяваў “Рыдёактыўны снег”.
Як кажа вакаліст “Кальяна” Алесь Дзянісаў, ён мае намер скіраваць большую ўвагу на акустычны праект гурта, бо з ім звязана шмат планаў, але электрычны “Кальян” не будзе спыняць творчасці.
Пасля вечарыны мы вырашылі даведацца ў наведнікаў імпрэзы пра іх уражанні ад канцэрту.
“Мне вельмі спадабаўся сённяшні канцэрт, – кажа Мікалай, які нядаўна прыехаў у Беларусь з Масквы. – У выпадку з “Кальянам” мяне ўразіў палітычны кантэкст, бо ў нас гэтая тэма так востра не стаіць. “HandmadЕ” мне спадабаўся сваёй жвавасцю, натуральнасцю і адкрытасцю. Хоць палову словаў я не разумею, але адчуваю іх усімі фібрамі душы”.
“Я прыехала сюды адмыслова дзеля канцэрту “Кальяна”, – кажа жыхарка Уроцлава Анка. – Гэта адзін з маіх любімых беларускіх гуртоў. Мне было вельмі цікава пачуць яго ў акустычным варыянце”.
Паводле Сяргея Будкіна, у чэрвені ў межах праекту “Тузін. Unplugged” выступіць Vinsent, а ў ліпені зайграе гурт N.R.M.
Алесь Ёрш, Аляксандар Ждановіч