Праз вялікі попыт канцэрт гурта Lumen вырашана было зрабіць падвоеным – у нядзелю і панядзелак. На першы выхад Тэма і кампаніі прыйшло паглядзець столькі людзей, што ў Re:public вырашылі адкрыць другі ўваход у залу.
“Кто-то решает за тебя, как тебе жить и умирать!!!” – гукала сваіх улюбёнцаў словамі з песні “Пока ты спал” мінская публіка цягам 50 хвілінаў. Каманда з Уфы чарговы раз заехала ў беларускую сталіцу, і чарговы раз квіткі на яе канцэрт было праблематычна набыць ужо за тыдзень да пачатку. Таму арганізатары дамовіліся з музыкамі адразу на два выступы – 4 і 5 снежня. Каб даць рады такому натоўпу, у Re:public вырашылі адкрыць другі ўваход у залу.
Танцпляц выбухнуў, як толькі Тэм Булатаў выйшаў да мікрафона. Ён быў у майцы з чырвонай зоркай, акурат такой, як ва Уладзіміра Селіванава з “Красных звёзд”. Lumen адразу абрынулі на мінчукоў лавіну гуку. Пачалі з адной з новых – “Сталь”. “Мы прыехалі сюды, каб сыграць песні з нашага “Лабірынту” і зусім новыя. Мы рыхтуем альбом і выправіліся ў тур, каб заставацца сабой”, – паведаміў пры вітанні ўсім лідар каманды, якая цяпер ледзь не кожны дзень дае сольны канцэрт. Тур “Остаться собой” праходзіць па гарадах Расіі ды Украіны, але музыкі вырашылі завітаць і да нас. Lumen склалі праграму такім чынам, што ў яе ўвайшлі, як добра абкатаныя на канцэртах песні, так і новыя нарыхтоўкі. У першай, больш лірычнай частцы прагучалі “С4”, “Гонка”, “Вся вера і любовь этого мира”, перад якой Тэм загаварыў пра разгортванне Расіяй сістэмы PRO. Натуральна, не абышлося без “харавых”, самых казырных баладаў – пра “Небо в огне” і “ветер в голове” (“На части”). А потым раптам Тэм абвясціў песню, якой не было ў планаваным трэк-лісце канцэрту. Яна вельмі актуальная для беларусаў – “Свобода” завецца. Рэфрэн там такі:
Я задыхаюсь, мне всё теснее с каждым годом,
Я широко раскрыл глаза, но не могу найти свободу.
Другая частка канцэрту была яшчэ больш эмацыйнай і дынамічнай. Танцпляц быў у няспынным слэме. На ўсеагульную радасць прагучала “Пока ты спал” ды яшчэ шэраг баевікоў. Тэм развітаўся: “У кожным з нас ёсць нейкая частка, якая робіць нас цэлым”, – ды выканаў “Одной крови”. Натуральна, што на гэтым канцэрт не скончыўся. Пасля пяціхвіліннага гукання Lumen выйшлі на сцэну ды далі бісавага блоку, куды натуральным чынам увайшлі “Сид и Нэнси” і “Дух времени”.
Гурт з Уфы затрымліваецца ў Мінску яшчэ на дзень. 5 снежня ў тым жа месцы ў той жа час яны ізноў даюць канцэрт. Тэм упэўнівае, што ён будзе адрознівацца ад гэтага.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч