Карціна асаблівасцяў сучаснай культуры беларусаў была б няпоўнай без спробы разабрацца ў прыродзе тутэйшых забабонаў, у страхах сурокаў, псоты, вядзьмарства і іншай эзатэрыцы. З якой місіяй у Беларусь прыходзяць самагубцы ў мінулым жыцці? Ці прывядзе сказанае ў гневе «Каб ты здох!» да смерці? З якімі сіламі супрацоўнічаюць чараўнікі? За якія грахі плацяць людзі, народжаныя ў Беларусі? І наогул, што робяць духі ў абедзенны час у рэстаране? Пра гэта ў рамках чарговага інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!» пытаем у шаманкі Людмілы Бахар.
— Нават тут, у рэстаране, вакол нас існуе так званы тонкі свет, дзе жывуць розныя істоты. Вось яны, глядзіце: раз, два, тры, чатыры, прычым двое з іх нядаўна памерлі. Гэта непрыкаяныя душы, якім трэба дарабіць нейкія справы. Вось за тым столікам сядзіць “мужчына”, які пры жыцці сустракаўся тут з дзяўчынай і нешта не паспеў ёй сказаць.
— Цэлая гісторыя! Але ж духі — гэта ўсяго толькі энергія. Кажуць, што нават злосны позірк — гэта згустак пэўнай энергіі.
— Гэта так, і калі б людзі маглі бачыць, ШТО яны робяць сваімі злымі пасыламі, праклёнамі, успышкамі гневу і зайздрасці, то былі б больш асцярожныя. Вось дробны прыклад: дапусцім, на дарозе ляжыць камень, аб які людзі пастаянна спатыкаюцца. Праходзіць дзесяць тысяч чалавек, і кожны, хто спатыкаецца, кажа пра сябе ці ўслых «чорт!», «блін!» і іншае. У выніку ў гэтым месцы ўтвараецца энергетычная існасць. Шаманы называюць яе нядобрым духам, а па-навуковаму кажуць «негатыўны згустак энергіі». Гіперадчувальны чалавек, праходзячы міма, будзе дрэнна адчуваць сябе ў гэтым месцы. І такіх месцаў вельмі шмат.
— А мы, беларусы, вылучаемся нейкай асаблівай энергетыкай? Вы здольныя на адлегласці сказаць, што «гэта беларус»?
— Так. Мы вельмі даверлівыя. І на сённяшні дзень гэта страх як кепска, улічваючы колькасць духоўных гуру і настаўнікаў, што з’яўляюцца на нашай тэрыторыі. Я бачу, як беларусы часта падманваюцца. Асабліва калі ўлічыць, як нетрывала пры гэтым яны стаяць на нагах — пастаянна нешта шукаюць. Бо ў нас тут няма апоры. Яе няма і ў Расіі, але там ёсць грашовая падтрымка, рэалізацыя ў працы.
— Але чамусьці мы нарадзіліся менавіта тут.
— Так, на тое былі свае прычыны. Вонкавая крыніца падтрымкі, пра якую я казала, тая апора, ёсць у любой краіне. Гэта могуць быць грошы, вера, нацыянальныя ідэі, што заўгодна. У Беларусі такой падтрымкі няма, і каб тут выжыць, патрэбен унутраны акумулятар, уласная крыніца энергіі, якая б ішла знутры. Гэта вельмі каштоўны вопыт для душы, якая нарадзілася тут.
— Гэта накшталт наступнага ўзроўню гульні?
— Так. І гэта вельмі жорсткая гульня, у якой за адведзены час ты павінен знайсці сябе. А знайсці сябе ў Беларусі складана. Тут вельмі шчыльная, канцэнтраваная энергія: калі ў Маскве, дапусцім, раніцай ты папрацаваў, а ўвечары ўжо адбылася падзея, то ў Мінску для таго ж патрэбны тыдзень. У Маскве энергетыка больш астральная, хуткая, а ў нас ментальная — усё павольна, з толкам, з расстаноўкай. Але «духоўныя настаўнікі», якія прыязджаюць да нас з семінарамі і трэнінгамі, вельмі любяць беларусаў, прычым «любяць» у наўпростым сэнсе: мы матэрыял, з якога зручна ляпіць, зараджаны той самай рэдкай энергіяй «другога ўзроўню гульні», якую яны бяруць для ўласнага падсілкоўвання. Беларусы ўсё, што ім кажуць, прымаюць за праўду, аддаючы ўзамен свой давер і энергію.
— Як вы лічыце, тое, што мы тут нарадзіліся (больш складаны ўзровень), — гэта нам пакаранне або заахвочванне?
— Напэўна, мы чымсьці вызначыліся ў добрым сэнсе: жыць на ўнутранай крыніцы — усё роўна што знаходзіцца на незаселенай выспе. У Беларусі людзі, здаецца, аб’яднаныя, але ў той жа час кожны паасобку, сам за сябе. І нават масквічы кажуць, што мы быццам і кампанейскія, і цікавыя людзі, але, як аўтаномныя адзінкі, у агульную энергетыку не ўліваемся. Напэўна, так адбываецца таму, што мы ўвесь час былі пад прыгнётам заваёўнікаў. Нам ўласцівая насупленая пакорлівасць. Беларусы сканцэнтраваныя на сваім ўнутраным свеце: чалавек можа ісці, ваўкавата гледзячы на вас, але гэта не значыць, што ён дрэнна да вас ставіцца. Ён глядзіць панура ў сябе, на сябе.
— Як уплывае такі настрой на наш унутраны свет?
— Чалавек не можа ўсё жыццё пражыць у прыгнечаным стане. Яму дрэнна, у яго дэпрэсія, і вось тады робяцца спробы знайсці сябе. Цяпер вялікая частка беларусаў вельмі хоча навучыцца радавацца.
— А што трэба для гэтага зрабіць?
— Моцна пастарацца. Прычым першае, з чым давядзецца «змагацца», — уласныя страхі. Беларусы, здаецца, лідзіруюць па наборы страхаў: страхі за дзяцей, за жыццё, за маёмасць, страхі пераменаў… Калі я праводжу рэгрэсы (праца з успамінамі пра мінулыя жыцці), то разумею, што прыкладна 8 з 10 самагубцаў у мінулым жыцці прыходзяць менавіта ў Беларусь. Душа самазабойцы нясе цяжар пакут. У іншых краінах няма такога. Ёсць гулякі і п’яніцы ў мінулых увасабленнях, але такая колькасць самагубцаў сустракаецца толькі ў нас.
— Дык чаму нас хочуць навучыць? Быць беларусам — гэта што значыць?
— Напэўна, навучыцца радавацца. Гэта ў першую чаргу. І ў другую — выжываць уласнымі сіламі.
— Беларусы наогул схільныя звяртацца па дапамогу? У прыватнасці да чараўнікоў, шаманаў, калдуноў?
— Звяртаюцца вельмі ахвотна, але магіі, яе ўздзеяння баяцца. Да мяне ў асноўным прыходзяць, калі трэба абараніць сваю справу, бізнэс, здароўе. Прычым просяць дапамагчы тады, калі ўсё ўжо зусім дрэнна. Большасць хоча абароны ад магіі: людзі прыходзяць з цяжкімі думамі (некаторыя загадзя ўпэўненыя, што іх сурочылі), і атрымліваецца, што самі такімі думкамі падтрымліваюць пэўную энергетыку. Думкі ж матэрыяльныя. Беларусы панічна баяцца за сваё жыццё, хоць, дапусцім, у Расіі пра гэта не задумваюцца, жывуць сабе і жывуць.
— Сучасны чалавек дастаткова «круты», каб пляваць на прыроду і традыцыі: мы — уладары сусвету! Аднак у выпадку чаго звяртаемся да чараўнікоў, калдуноў, бабак…
— Ведаеце, калі да мяне прыходзіць большасць мужчын? Калі ўсё так дрэнна, што яны не ведаюць, што рабіць. Прыходзяць, садзяцца ў крэсла і кажуць: «Я не веру ў гэта ўсё, але прыйшоў, таму што не ведаю, што рабіць». Прыходзяць, зусім страціўшы надзею. Людзі не разумеюць, што да пэўнага моманту ўсім нам даюць пажыць, пацешыцца, адчуць сябе гаспадаром, а потым ставяць у такія ўмовы, што даводзіцца задумацца над сваім існаваннем і паводзінамі: пачынаюцца хваробы, нешанцаванне, вядзьмарства.
— Ёсць усвядомленае ўздзеянне на нас, як, напрыклад, згаданае вамі вядзьмарства, і неўсвядомленае — скоса паглядзелі, не так сказалі. Як адбываецца ўплыў на чалавека ў абодвух выпадках?
— Злыя словы, кінутыя ў спіну, робяць «дзіркі» ў эфірным і эмацыйным пластах цела чалавека. Я бачу ўздзеянне гэтых словаў у выглядзе доўгіх чорных нітак або стрэл. І калі ў разгар канфлікту адзін чалавек скажа другому: «Каб ты здох!», гэта раўназначна нажу ў спіну энергетычнага цела. Калі пацярпелы, назавем яго так, моцны і пазітыўны, ён зможа гэта перахварэць (паные галава ці спіна), але калі чалавек негатыўна настроены па жыцці ці ў яго энергіі мала, то сказанае пачынае руйнаваць яго фізічнае цела. У яго пачынае балець спіна, абвастраюцца хранічныя захворванні, ён пачынае часцей думаць пра смерць.
А ёсць людзі, якім магічнае ўздзеянне робяць прафесійна. Вось прыклад з маёй уласнай практыкі: жыў чалавек, у яго ўсё было (грошы, сям’я, здароўе) — і раптам ён пачынае страчваць грошы, рэагуе на страту, сыходзіць здароўе, потым сям’я — усё пачынае рассыпацца. І ніякія спробы выправіць сітуацыю не дапамагаюць. Ён худнее да 45 кілаграмаў. Што адбываецца, зразумець не можа. А рэч вось у чым: мужчына расстаўся з партнёрам і праз тры месяцы цалкам страціў прадпрыемства з велізарным фінансавым абаротам. Добра рассталіся з партнёрам, сумленна, але той палічыў, што яму дасталася мала: з’ездзіў у Маскву і «замовіў» свайго партнёра сур’ёзнаму магу. Прычым я нават ведаю, што менавіта зрабіў маг: разрэзаў фота гэтага бізнэсоўца на чатыры часткі і пахаваў на чатырох розных баках могілак. І кожны раз, калі на гэтых могілках кагосьці хавалі, у чалавеку адбывалася моцная вібрацыя пагібельнага ўздзеяння. І гэта досыць часта ўжываны метад працы.
— Што гэта за мода такая пайшла? У Маскве жартуюць, што палова горада ходзіць да ведзьмакоў наводзіць псоту, а іншая ходзіць здымаць яе.
— Зыходзячы з майго досведу, практыкі рэгрэсаў я прыйшла да высновы, што людзі і раней былі такія ж, як і цяпер (злыя, зайздросныя, прагныя, жорсткія), проста тады толкам законаў не было, таму праблемы можна было вырашаць з дапамогай забойстваў, атручэнняў і г.д. Сёння, калі такія высвятленні адносін караюцца, народ пачаў звяртацца да таемных уздзеянняў.
— Сёння шаманы, бабкі — яны накшталт сантэхнікаў, што чысцяць засмечаныя трубы. Але ці можна так проста і бясследна пазбавіцца ад пашкоджанняў, калі яны пасылаюцца нам у якасці урокаў?
— Звычайна я чышчу чалавека раз, два, тры, а потым скажу, што больш гэтага рабіць не буду. Яму самому давядзецца задумацца, чаму на яго сыплюцца пошасці. Я стараюся навесці чалавека на разважанні пра тое, як яму самастойна ўнесці змены ў жыццё, як зірнуць на сябе па-іншаму. Адна мая сяброўка кажа, што знайсці чалавека, вінаватага ў тваіх бедах, вельмі лёгка: трэба проста падысці да люстэрка. Мы самі кожны момант ствараем сваю рэальнасць.
— Значыць, пацярпелыя як бы заслужылі свае пакуты?
— Над кожным з нас ёсць такое ўмоўнае вядзерца, у якое збіраецца ўсё, што мы парушылі, пашкодзілі, разбурылі. Прычым гаворка не толькі пра нейкія страшныя правіны — улічваюцца нават дробныя парушэнні: перайшлі на «чырвоны», абазвалі кагосьці, свядома не прабілі талончык у транспарце… І вось калі гэтае вядзерца напаўняецца, яго змесціва абвальваецца нам на галаву. Гэта ж могуць зрабіць чараўнікі, паскараючы натуральны ход падзей. Мы гаворым пра парушэнне законаў светабудовы, пра энергетычныя парушэнні канцэпцыі зваротнай сувязі. Каб гэтае вядзерца не напаўнялася занадта хутка, трэба вучыцца прасіць прабачэння за зробленае.
— А як хрысціяне ставяцца да чараўнікоў? Гэта грэх — звяртацца да іх? Дарэчы, ці «чысцейшая» белая магія ў параўнанні з чорнай?
— Чорны маг часцей за ўсё працуе з духамі памерлых. А белы — з дапамогай неба: ён просіць святло напоўніць чалавека. Але з пункту гледжання праваслаўнай царквы наведваць любога чараўніка — грэх.
— А ці можна самому, не звяртаючыся да старонніх сілаў, зразумець, у чым урок, за што няўдачы і хваробы?
— У кожнага чалавека ёсць інтуіцыя. Першая думка заўсёды правільная. Потым уключаецца розум. Інтуіцыя заўсёды дапаможа прыняць правільнае рашэнне і ўсвядоміць, за што нам пасылаецца тая ці іншая сітуацыя. Калі вы ехалі і трапілі ў аварыю, то вінаваты не той, хто ўдарыў вас: трэба ў сабе нешта шукаць.
Таксама важна ўмець прыслухоўвацца да сябе, не змагацца з сабой. Калі настрой дрэнны, лепш проста пражыць перыяд у гэтай вібрацыі і зрабіць адпаведны вывад. Спрабуючы перамагчы эмоцыю, ты кіруеш у яе бок энергію і такім чынам яшчэ больш павялічваеш дрэнны настрой. А калі сказаць сабе: так, у мяне сёння дрэнны настрой, я гэта прымаю, і заўтра ўсё будзе па-іншаму, то будзе значна лягчэй жыць.
— Вы казалі пра ўнутраную крыніцу ведаў. А дзе яе ўзяць?
— Трэба заплюшчыць вочы і вымавіць: «Я ёсць» (практыка Гурджыева). Адчуйце, як ад нізу жывата ідзе ўверх ўсведамленне «я ёсць». Гэты канал — унутранае веданне. Чыста інтуітыўна можна адчуць, калі лепш застацца дома, прыбраць кватэру, каб не трапіць у калатнечу. Нам заўсёды падказваюць: за намі стаяць анёлы-ахоўнікі, гіды-настаўнікі.
— Наколькі беларусы наогул схільныя верыць у што б там ні было? У Індыі, напрыклад, нараджаюцца і вераць натуральным чынам.
— А ў Беларусі да веры звычайна прыходзяць праз жыццёвыя пакуты. Так павялося. Альбо нараджаюцца ўжо з пакутай, што ім спасланая ў якасці ўрока за паводзіны ў мінулым жыцці. Тут няма культуры духоўнасці. Калі я бачу, як чалавек у пошуках прымыкае да нейкай плыні, наведвае курсы, мне сумна, таму што я разумею, што ён нічога не знойдзе. Ён проста марнуе час. Мой вопыт духоўных пошукаў заключаўся ў дзесяцігадовых хаджэннях па семінарах, на якіх я пакінула каля 25 тысяч даляраў. І ў выніку я зразумела, што ўсё, што я шукала, ёсць унутры мяне, трэба проста расслабіцца, жыць, прымаць сітуацыю і быць удзячным за ўсё, што з намі адбываецца.
— Як тады да Бога дайсці? Некаторыя кажуць, што без пасярэдніцтва царквы — ніяк.
— Я сама хаджу ў царкву часам, калі там нікога няма. Я хрышчаная. Але мне складана прыняць пасыл хрысціянства: царква загадвае «змірыцца і пакутаваць». Тут, у Беларусі, і так пакутуюць. Вось і рэлігія нам спасланая як выпрабаванне. Я доўга не магла сабе растлумачыць, што такое «падставіць другую шчаку». А потым зразумела, што гэта значыць «не трэба рэагаваць». Калі цябе б’юць па адной шчацэ, не адказвай тым жа. Праз тысячагоддзі слова Хрыста страціла першапачатковы сэнс і сёння інакш трактуецца людзьмі. Першапачаткова пасыл быў іншы. Таму каб здабыць духоўнасць, неабавязкова хадзіць у царкву. Я заўсёды кажу, што Бог — гэта любоў і святло, ён нікога не карае і размаўляць не ўмее, ён дае нам жыццёвую энергію і магчымасць выбару. Сапраўдная духоўнасць заключаецца ў разуменні і прыняцці сябе.
Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская
Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча
Журналісцкае агенцтва «Таранціны І сыны»