Магніты з выявамі узораў беларускага арнаменту

18.11.2010

У Берасці сябры моладзевай грамадскай ініцыятывы “Аазіс” наладзілі выпуск магнітаў і бірулек з выявамі узораў беларускага арнаменту.

Гэта праца сталася вынікам шматэтапнага адбору і распрацоўкі ідэй (конкурс, галасаванне, дызайн) на лепшы вобраз Беларусі, прыдатны для змяшчэння на сувенірнай прадукцыі. Выбар найлепшых і арыгінальных прапанаваных элементаў нацыянальнай культуры ажыцяўляўся сярод інтэрнэт карыстальнікаў і доўжыўся амаль чатыры месяцы.

“Сапраўды беларускіх сувеніраў, што дакладна б прэзентавалі нашу культуру, на жаль, вельмі мала,” – кажа галоўны арганізатар Віктар Клімус. – “Больш за тое, пачынаючы працу, мы нават не ведалі, што людзям хочацца бачыць на падобнай прадукцыі. Таму вельмі важным для нас быў этап шырокага абмеркавання розных варыянтаў, выбар найбольш цікавых і адметных сімвалаў.”

У выніку была абрана і распрацавана канцэпцыя “Беларускія абярэгі” – 9 сімвалаў нацыянальнальнага арнаменту, якія нашы продкі ткалі і вышывалі на ручніках ды адзенні, укладаючы ў кожны з іх свой адмысловы сакральны змест. З аднымі ішлі на вяселле, з іншымі – памінаць продкаў, трэцція вешалі на абразы. Ёсць сярод гэтых выяў і сімвалы моцнай сям’і, і добрага здароўя, дабрабыту ды шчаслівай долі.

Да кожнай адзінкі прадукцыі дадаецца укладыш з тлумачэннем выявы, змешчанай на бірульцы ці магніце.

У Берасці сувеніры з гэтымі выявамі ўжо можна прыдбаць. Магчымасць распаўсюду па іншых рэгіёнах зараз наладжваецца.

Замовіць сабе ці дапамагчы арганізаваць распаўсюд дадзенай прадукцыі ў сваім рэгіёне можна праз кантакты арганізатараў:
тэл: + 375 29 227 52 12
e-mail: kvinces@gmail.com

Тэгі: