Вернісаж па выніках пленэру “Я зведаў Гародню” прайшоў у галерэі “Крыга”. Польскія і нямецкія мастакі, якія завіталі на пленэр і на працягу тыдня малявалі Гародню, падзяліліся сваімі ўражаннямі ад горада і беларусаў.
Мастакі прыехалі ў суботу, і першае, што іх здзівіла, — чысціня вуліцаў і адсутнасць людзей на гэтых чыстых вуліцах: “Так чыста… Гэта заўсёды і ўсюды так? І чаму няма людзей? Што здарылася?” — пыталіся яны ў мастачкі Алены, якая нарадзілася ў Беларусі. “Ну, так лета ж…” “Дык вось і мы пра тое — лета! Дзе турысты? Дзе гарадзенцы?” “На лецішчах хіба што, збіраюць садавіну ды агародніну”. У панядзелак людзі з’явіліся. “О, колькі прыгожых дзяўчат”, — слушна заўважылі мужчыны.
Урачыстае адкрыццё пленэру прайшло ва ўтульным дворыку галерэі “Крыга”. Туды завіталі і Генеральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч, і айцец Аляксандр — новы настаяцель Каложскай царквы.
А пасля пачаліся творчыя працоўныя будні: госці з Польшчы і Нямеччыны гулялі па горадзе, захапляючыся кожнай вулачкай, а пасля вярталіся ў “Крыгу”, каб паснедаць ды падзяліцца ўражаннямі. І малявалі. На пленэры ці ў памяшканні “Крыгі” — заўсёды малявалі. Начавалі мастакі па хатах гасцінных гарадзенцаў, таму што грошаў на міжнародны пленэр выдзелена амаль не было, усе арганізацыйныя пытанні вырашалі гаспадары “Крыгі”.
У суботу, пасля тыдня плённай працы, адбыўся вернісаж па выніках пленэру, дзе мастакі мелі магчымасць выставіцца, выказаць свае ўражанні ад вандроўкі і падзякаваць усім, хто дапамагаў у арганізацыі выставы.
Лена Юрыкава .
Я сама з Ліды, таму Гародню, канечне, ведаю добра. Я нават заспела той час (гэта сумная гісторыя), калі мастакоў запхнулі ў сінагогу, каб яны мы там рабілі бюсты Леніна. Уся гэтая агітатыўна-прапагандыстская дзейнасць у той час — проста жах!
А цяпер усё змянілася: дух змяніўся, святло змянілася. Я як мастак бачу Гародню больш светлай і празрыстай. Горад стаў больш камерным і вытанчаным…
Ёана Галэцка .
Калісьці ў дзяцінстве я была ў Гародні. Тады мы пелі ды танчылі ў музыкальным гурце і атрымалі галоўную ўзнагароду. З таго часу я памятаю, на жаль, не шмат. Вось калі праязджалі ля гасцініцы “Беларусь”, нешта згадалася. О! Яшчэ “Універмаг” помню — мы там кілішкі і відэльцы набывалі!
Яшчэ 12 гадоў таму ў Гарадзенскай выставачнай зале я мела выставу разам са знакамітым мастаком-графікам з Польшчы.
А ў гэты раз мяне здзівілі дранікі, якімі тут частавала гаспадыня. Яны з мясам! Пра дранікі ў Польшчы ведаюць, але пра мясныя дранікі — не!
Славамір Ліпніцкі .
Я паслядоўнік тэорыі ўспрымання рэчаіснасці праз фотаздымкі. І Беларусь я бачу ў двух фотаздымках. Першы — рэкламны білборд, на якім намаляваныя ручкі і напісана “Я (ручкі, складзеныя ў сэрца) Беларусь”. Другі — жанчына стаіць побач са скульптурай мядзведзя і корміць яго. Пра трэці фотаздымак казаць неяк няёмка, гэта надта асабістае.
А калі казаць пра ўражанні, то маё ўражанне ад Беларусі — на фотаздымку, які адлюстроўвае развітанне.
Алена Вольная
Фота: Ілля Гелей, Яўген Кандратовіч