
Дзесяціклясьнікам ён атрымліваў бандэролі ад Кузьмы Чорнага, а пазьней кансультаваў маладых Караткевіча ды Барадуліна. Выступаў па ўсім Савецкім саюзе, але ня мог даць інтэрвію па-расейску. Любіў Максіма Танка, але пабаяўся Пятра Машэрава. Надрываў жываты з Гілевічам, а пасьля яму было страшна выйсьці на вуліцу. Успаміны найстарэйшага беларускага пісьменьніка Міколы Аўрамчыка ў перадачы “Вольная Студыя”.
Багдан Арлоў: «Мікола Аўрамчык пачаў пісаць яшчэ ў вясковай школе-сямігодцы, часам яго друкавалі ў школьнай насьценгазэце, часам Мікола дэклямаваў свае ды чужыя творы на калгасных вечарах самадзейнасьці. Аднак даволі хутка сытуацыя зьмянілася: верш Аўрамчыка быў надрукаваны ў “Полымі”, а неяк проста пасярод уроку сам дырэктар школы прынёс дзесяціклясьніку Міколу бандэроль ад Кузьмы Чорнага».
Мікола Аўрамчык: «Кабінэт маладога аўтара быў у Саюзе пісьменьнікаў, і ў гэтым кабінэце Кузьма Чорны, аказваецца, быў загадчыкам. І кансультанты былі: па паэзіі — Аркадзь Куляшоў, па прозе — Рыгор Мурашка. Я паслаў нейкае апавяданьне, школьны сшытак на 12 старонак. Кузьма адказаў мне на гэтае апавяданьне, аркушы 3 было ўборыстым почыркам. І вярнуў сшытак з пазнакамі. Што я мог напісаць дзесяціклясьнікам?! А гэты чалавек такі адказ мне напісаў! Калі паэты ўсё жыцьцё казалі, што яны ўдзячныя мне, што я ім вельмі дапамагаў, дык я прызнаваўся ім, што каб са мной ня няньчыліся Куляшоў, Чорны і Мурашка — наўрад ці я б зь імі так няньчыўся. Барадулін неяк сказаў: “Аўрамчык палову не напісаў таго, што мог напісаць, — з-за нас”. Вось так».