Піцерскі гурт «Секрет» сабраўся ў залатым складзе, каб даць некалькі канцэртаў для тых, хто іх памятае і любіць. Такім чынам Леанідаў, Фаменка, Заблудоўскі і Мурашоў спраўляюць 30-годдзе біт-квартэта, які ў свой час літаральна перавярнуў музычную прастору краіны саветаў.
«Секрет» памятаюць і любяць, мусіць, ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках, але канцэрты з нагоды 30-годдзя калектыў запланаваў толькі ў некалькіх гарадах — Мінску, Кіеве, Рызе ды ў Маскве з Піцерам. Пасля распаду «залатога» складу гурта ў 1990-м музыкі неаднойчы збіраліся разам, але да Беларусі яшчэ не дабіраліся, таму мала хто з іх даўніх прыхільнікаў разлічваў іх пабачыць ды пачуць. Тым не менш, нягледзячы на надзвычайнасць падзеі, зала Палаца Рэспублікі ззяла пустымі месцамі, так што нават канферанс’е на пачатку з цяжкасцю разыграў дзіўнаваты прыз у выглядзе бясплатнай вячэры. Тройчы на месцы меркаванага пераможцы, якое называлася наўгад, ніхто не сядзеў.
На вялікае дзіва, «Секрет» выйшаў у падвойным складзе. За спінамі Заблудоўскага, Фаменкі і Мурашова ды падкачанага і адтатуяванага Леанідава гралі яшчэ адзін бубнач, басіст, гітарыст і клавішнік. Пачаўся канцэрт з «Домой», і зала ўмомант ажыла. Удзельнікі «Секрета» няспынна жартавалі ды падбадзёрвалі адзін аднаго, перагукваючыся: «Коля? Максім! Лёша? Андрэй!» «Як дазналіся, што едзем у Мінск, дык адразу новых песень напісалі, чатыры з іх па-беларуску», — пажартаваў Леанідаў і сапраўды прадставіў творы, напісаныя ўжо сёлета.
На пачатку года «Секрет» сабраўся ў студыі ды запісаў некалькі зусім свежых нумароў. Калі заспявалі адзін з іх, «Все это и есть любовь», у залі зашушукаліся: «На «Любэ» падобна». З новых гралі яшчэ «Серенаду», «Самолёты — поезда» і пасля зусім бляклай і напружнай «Забирай мое сердце» вярнуліся да старога рэпертуару. «Досыць з вас новых песень», — уздыхнуў Леанідаў, нібы адпрацаваўшы абавязковую частку праграмы, ды завёў: «Привет, сегодня дождь и скверно, а мы не виделись, наверное, сто лет», — і адразу зрабілася прыемна і лёгка на душы. Музыкі абсалютна ясна ўсведамлялі, што людзі прыйшлі паслухаць «Мою любовь на пятом этаже» ды «Ленинградское время». «У вас жа такая арганізаваная краіна павінна быць!» — заахвочвалі беларусаў піцерцы больш ладна падпяваць, пазіраючы на чырвона-зялёную расцяжку на ўсю залю.
У пэўны момант месца асноўнага вакаліста заняў бубнач Аляксей Мурашоў, які з усёй уласцівай яму ўрачыстасцю і камічнасцю прысвяціў песню «Сара Бара-Бу» «ўсім дзецям Беларусі». З зусім нечаканых сюрпрызаў — кампазіцыя «Последний трамвай» у выкананні ўсё таго ж Мурашова з магнітальбому гурта «Ты и я», запісанага ажно 30 гадоў таму, яшчэ да таго, як «Секрет» займеў усесавецкую славу. Падчас выканання «Алисы» між шэрагаў закружлялі пары ў танцы. Неўзабаве ўсе наогул паўздымаліся з крэслаў, і партэр ператварыўся ў танцпляцоўку. У піцерцаў атрымалася напоўніць пазітывам і жыццярадаснасцю золкую бяздушную прастору Палаца. «Мінск любіць бугі-вугі!» — уставіў Леанідаў радок у старую-добрую песню, пазычаную колісь у «Зоопарка». Самыя энергічныя нумары музыкі прыхавалі на канец: «Она не понимает», «Тысяча пластинок», «Мажорный рок-н-ролл». Пры канцы «сакрэтаўцы» адыгралі вельмі тлусты біс, што складаўся з частак даўніх песень і сольных хітоў Леанідава, а потым зацягнулі на чатыры галасы фінальную: «Не говорите нам прощай».
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч