Гурт даў свой першы сольны канцэрт у мінскім клубе “Графіці”, які Уладзімір Селіванаў назваў “першым хатнім выступам у 18-гадовай гісторыі каманды”. “Красные звёзды” прадставілі новую праграму, у якую ўвайшло некалькі беларускамоўных твораў.
Селіванаў выйшаў на сцэну “Графіці” ў чорнай майцы з выявай чырвонай зоркі на грудзях. Як прызнаўся музыка, для яго гэта цяпер не “камісарскі знак”, а сімвал усведамлення касмічнага прызначэння чалавека. “Красные звёзды” ў прынцыпе рэдка даюць сольныя канцэрты ў Мінску, а ў клубе “Графіці”, дзе перайгралі практычна ўсе беларускія каманды, дык наогул выступалі ўпершыню. Уладзімір пачаў з пранікнёнага выканання загалоўнай песні – з новага сінгла “Плёнки”, на такім нерве ён і адспяваў увесь канцэрт, які цягнуўся больш за дзве гадзіны. Спяваў адстаронена, гледзячы ў адну кропку, не сутыкаючыся поглядамі з слухачамі, часам прымружваючы вочы.
Новы альбом “Красных звёзд” назвы пакуль не мае, але песні для яго ўжо напісаныя. “Нехта нешта пазнае, а нехта дазнаецца. Мы працягваем зазіраць у мінулае, каб пацалаваць у люстэрку будучыню”, – інтрыгоўна зазначыў Селіванаў і сыграў даўні хіт “Последнее лето детства”. Пераважную большасць твораў з нацболаўскага мінулага выканаўца даўно ўжо не пяе, бо яны папросту страцілі сваю актуальнасць.
Недзе пасярод сэту лідар “Красных звёзд” расказаў, што цягам года слухаў “Песняроў”, забыўшыся на час на сваю любоў King Krimson. Пад уплывам Мулявіна ён і натхніўся на напісанне сваёй першай беларускамоўнай песні – “Без цябе”. Першыя акорды яе сустрэлі апладысментамі. Вірусам “Песняроў” Селіванаў заразіўся сур’ёзна. Сведчаннем гэтаму – прэм’ера яшчэ адной беларускамоўнай песні, “Зорачка” – фактычна міні-арт-рок-оперы. Самому выканаўцу настолькі было даспадобы яе спяваць, што музыкі паўтарылі яе яшчэ пры канцы электрычнай часткі праграмы.
У другім аддзяленні ўсіх чакала акустыка. Селіванаў выйшаў з гітарай, граў старэнькія песні, між якіх акуратна ўстаўляў новыя, і адказваў на пытанні. Напрыклад, пра ўлюбёную філасофскую канцэпцыю: “Любая філасофская канцэпцыя вартая толькі урны з прахам таго, хто яе прыдумаў”.
Пры канцы Уладзімір замілаваў прысутных песняй з такімі словамі: “Еще немножко – и по тебе поползут божьи коровки. Ты скажешь: “Вовка, ты это придумал ловко”.
Але і на тым канцэрт не скончыўся. Калі ўжо гукарэжысёр выключыў пульт, Селіванаў ізноў выйшаў да самых адданых прыхільнікаў, каб заспяваць яшчэ парачку песняў без мікрафона. Скончылася ўсё на той самай “Зорачцы” – вельмі прыгожай кампазіцыі з цудоўным тэкстам, дзе лірычны герой прапануе сустрэцца на Новай зямлі.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановіча