«Начная чытанка» ў «Добрых мыслях»
Другая частка праекту «Начная чытанка» прэзэнтуе літаратурныя творы сучасных беларускіх аўтараў, якія цягам 2007-2008 гадоў гучалі на хвалях радыё «Свабода». Зноў дыск мае запісы 50-ці аўтараў і перакладчыкаў. Як і ў першай частцы «Начной чытанкі», гучыць паэзія і проза, ўласныя творы і пераклады ад літаратараў розных
пакаленьняў. Сярод аўтараў Славамір Адамовіч, Уладзімер Арлоў, Наталка Бабіна, Генадзь Бураўкін, Пятро Васючэнка, Галіна Дубянецкая, Павал Касьцюкевіч, Алег Мінкін, Людміла Рублеўская, Тацяна Сапач, Васіль Сёмуха, Сяргей Законьнікаў.
Прэзэнтацыя дыску з удзелам аўтараў адбудзецца ў Менску 2, 3 і 4 сакавіка ў 19.00 у фальварку «Добрыя мысьлі» (вуліца Магілёўская, 12), а ў Магілёве 5 сакавіка ў 18.30 у цэнтры «Кола сяброў» (завулак Чкалава 16).
Уваход вольны.
Колькасьць месцаў абмежаваная, але кожны наведнік атрымае бясплатны дыск.
Першы такі дыск «Начной чытанкі» выйшаў у сьвет у 2007 годзе накладам тысячу асобнікаў і даволі хутка разышоўся, але цяпер можна спампаваць альбо дыск цалкам, альбо запісы асобных аўтараў з сайту svaboda.org.
Трэба толькі ў радку пошуку набраць словы «начная чытанка» і там будзе спасылка на гэты дыск. Наўпроставая спасылка — www.svaboda.org/content/Article/1357891.html
На першым дыску таксама рэчы розных жанраў. Да прыкладу, Лявон Вольскі і Адам Глёбус чыталі свае казкі, Віктар Шалкевіч – міні-п’есы, Альгерд Бахарэвіч, Ева Вежнавец і Югася Каляда – апавяданьні. Ёсьць таксама і пераклады – Сяржук Мядзьведзеў чытаў урыўкі з пакуль не надрукаванай па-беларуску кнігі амэрыканца Чака Паланюка «Байцоўскі клюб», Вeраніка Бяльковіч – зь першай кнігі сэрыі сучаснай чэскай літаратуры, раману Ганы Андранікавай «Гук сонечнага гадзіньніка». А найбольш у першай «Начной чытанцы» паэзіі – свае вершы чыталі паэты розных пакаленьняў – сярод іх Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў, Міхал Анемпадыстаў, Джэці, Віктар Жыбуль, Вальжына Морт, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч.

