Імпрэза памяці гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка прайшла на 40 дзён пасля яго трагічнай смерці. Яе вырашылі правесці ў невялічкай — чалавек на 40 — залі беларускага архіва літаратуры і мастацтва, што месціцца ў будынку касцёла бернардынцаў. Дарэчы, тут захоўваюцца і некаторыя рукапісы твораў паэта. Сабраліся тыя, хто Юру ведаў і шанаваў яго паэзію. Цікава, што сярод іх было шмат колішніх сябраў “Бум-бам-літу”, літаратурнай суполкі, да якой сам Гумянюк не належаў. Ён быў у канкуруючым, умоўна, канечне, Таварыстве вольных літаратараў.
“Юрый ад пачатку падаваў сябе як геній, захапляўся паэзіяй срэбранай пары і падпісваўся як лідар гарадзенскага сімвалізму”, — прыгадваў яго сябра Юрась Пацюпа. Усе згадвалі эпатажнасць Гуменюка і чыталі яго вершы, якія запомніліся назаўжды, такія, як “Таямнічая шафа”, “Слімакі” і асабліва “Прызначэнне” з такім вось пачаткам:
Нас не сустрэнуць ніколі нябёсы.
Мы пацячэм з вышыні шэрых гмахаў
цалкам жывыя, светлавалосыя,
белыя вязні нязвыклага страху…
Самым яскравым паэтам 90-х назваў Гуменюка Зміцер Вішнёў, які будзе выдаваць яго кнігу. Аказалася, што гарадзенскі паэт тэлефанаваў яму перад Новым годам і якраз дамовіўся на выданне, якое атрымаецца, на жаль, пасмяротным. Вішнёў абурыўся тым, што Саюз беларускіх пісьменнікаў, у які ўваходзіў Гумянюк, не выявіў аніякай ініцыятывы па ўшанаванні памяці загінулага творцы. “Ніхто з СПБ не быў на пахаванні, не было нават некралогу, і гэта проста ганьба”, — заявіў дырэктар “Галіяфаў”. Кнігу эсэістыкі пад назвай “Краіна няздзейсненых мараў” укладае Алесь Аркуш, і яна ў найбліжэйшы час будзе надрукаваная. Рыхтуецца ў серыі “Гарадзенская бібліятэка” і поўны збор вершаванай спадчыны паэта, які мусіць выйсці ў верасні, на дзень народзінаў паэта.
Цікавую, хоць і спрэчную думку выказаў культуролаг Юрась Барысевіч наконт дачыненняў паміж “Бум-бам-літам” і ТВЛ. “З’яўленне “Бум-бам-літу” ў нечым яго падкасіла: калі б не з’явілася гэтае аб’яднанне, ён бы больш пражыў. Юрый адчуў, што яны ўжо папярэдняе пакаленне, яны пачалі бранзавець. Былі рэвалюцыянерамі — але прыйшлі больш дзёрзкія, і яны зрабіліся хутчэй контр-рэвалюцыянерамі”.
У апошняе дзесяцігоддзе Юрый сапраўды сышоў у цень, хоць працягваў пісаць вершы. На гэта звярнуў увагу Ілля Сін, які сказаў, што той трагедыі 19 студзеня 2013 года папярэднічала іншая, мала кім заўважаная драма, калі яркі творца практычна перастаў выступаць публічна. Гэтую думку працягнуў і філосаф Ігар Бабкоў, які зазначыў, што паэт Гумянюк памёр раней за сваю фізічную смерць — у “жалезабетонны час” 2000-х, калі эпоха перастала на яго рэагаваць.
“Паэт застаецца жывым, пакуль памятаюць яго вершы”, — у нечым абверг гэтыя дапушчэнні вядучы імпрэзы Віктар Жыбуль яшчэ на самым пачатку. А яшчэ нам застаўся голас Юркі…
Сяргей Будкін